Новы тыдзень у Берасці пачаўся з судоў і штрафаў (табліца) Фота Дапоўнена
Суд Ленінскага раёна Берасця працягвае караць ўдзельнікаў мірнага сходу грамадзян, які адбыўся 14 кастрычніка. Па звестках праваабаронцаў, штрафы і арышты за ўдзел у акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем атрымалі 12 чалавек.
У пятніцу ў ізалятар часовага ўтрымання былі змешчаныя яшчэ чацвёра праціўнікаў шкоднай вытворчасці. Гэта Валерый Фамінскі, Дзямян Лепясевіч, Алесь Аблака і Андрэй Шарэнда. Сёння іх чакаюць суды за парушэнне артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Суд над праваабаронцам Раманам Кісляком прызначаны на 24 кастрычніка.
Такім чынам, колькасць пакараных за ўдел у мітынгу 14 кастрычніка можа скласці 17 чалавек.
***
Затрыманых актывістаў даставілі ў суд толькі ў другой палове дня, хаця сябры і блізкія чакалі іх ад самай раніцы. У судзе таксама вызвалены сёння з-пад арышту блогер Сяргей Пятрухін.
Адміністрацыйную справу Валерыя Фамінскага разглядае суддзя Аляксандр Семянчук. Сведкамі выступаюць супрацоўнікі міліцыі Ружанскі і Анатоль Бажко. Пастанова за парушэнне часткі 1 арт 23.34 КаАП: штраф 10 базавых велічынь, ці 245 рублёў.
Суддзя Семянчук разглядае справу Аляксандра Абляка. Абляк запатрабаваў весці працэс па-беларуску, паколькі не разумее расейскай мовы. Суддзя адхіліў хадайніцтва. У адказ Абляк просіць дазволіць пакінуць яму залу, гэты працэс і без яго можа прайсці, бо ён нічога не разумее.
Суддзя праглядае відэазапіс мірнага сходу 14 кастрычніка. Чуваць, які скандуюць: "Не - заводу!" Выносіцца пастанова - штраф 10 базавых велічынь.
У судовую залу прывялі Дзямяна Лепясевіча. Абвінавачанне тое самае.
"Лепясевіч, гаварыце гучна!"
"Я кепска чую праз вентылятар ў камеры, у мяне слязяцца вочы, таму як увесь час свяціў ліхтар у вочы, не было вады, бруд... Былі парушаныя санітарныя нормы: я пацярпеў ад катаванняў, апошняга з чатырох, прывезлі мяне ў суд як смярдзючага бамжа, патрабую рэабілітацыі", - кажа ён.
Лепясевіч заяўляе, што нейкі Архіпаў пазбавіў яго права на адваката і хадайнічае, каб была магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі справы. Абвешчаны перапынак да 26 кастрычніка, на 14-30.
Разглядаецца справа Андрэя Шарэнды. Ён заяўляе:
"Пратаколы напісаны пад капірку. Віны не вызнаю. Права на мірны сход гарантаваны мне Канстытуцыяй і міжнародным правам, таму не бачу сэнсу ўдзельнічаць у гэтым фарсе".
Сведка на працэсе - той жа міліцыянер роты ППСМ Ружанскі. Суддзя Семянкук выносіць пастанову аб прыцягненні яго да аказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічынь.
Усяго 14 кастрычніка, пад час мітынгу і перад яго пачаткам, супрацоўнікі міліцыі затрымалі 16 чалавек. Траіх непаўнагадовых пазней адпусцілі з бацькамі, на астатніх склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 9 удзельнікаў мітынгу атрымалі штрафы, траіх – Міколу Статкевіча, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава пакаралі арыштам на 5 сутак. Усе яны пасля арышту выйшлі на волю.
Тым не меней, пасля шматлікіх затрыманняў, судоў і арыштаў, людзей, якія выйшлі на плошчу Леніна пакарміць галубоў, у нядзелю прыйшло болей за 120 чалавек. “Кармленне галубоў” – акцыі пратэсту жыхароў Берасцейшчыны супраць будаўніцтва ў рэгіёне заводу па вырабе акумулятарных батарэй.