viasna on patreon

Берасце: удзельнікаў мітынгу супраць будаўніцтва завода АКБ пакаралі штрафамі і арыштам Дапоўнена

2018 2018-10-15T17:50:00+0300 2018-10-16T09:05:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/statkevich-berascie-syd.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Статкевіч у судзе Ленінскага раёна Берасця. Фота: Аляксандр Швед

Мікалай Статкевіч у судзе Ленінскага раёна Берасця. Фота: Аляксандр Швед

У судзе Ленінскага раёна Берасця праходзіць разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых напярэдадні праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ.

Усяго пад час мітынгу на плошчы Леніна, перад ягоным пачаткам і пасля акцыі было затрымана 14 чалавек.  Іх даставілі ў Ленінскі РАУС, аднак траіх непаўнагадовых і Дзмітрыя Бекалюка, які быў з сынам, пазней адпусцілі. Астатнія правялі ноч у ізалятары часовага ўтрымання.

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў з расцяжкай

У судзе сваякі і сябры чакаюць, калі з ІЧУ даставяць затрыманых. Па словах праваабаронцы Уладзіміра Малея, раскладу судовых паседжанняў па стане на 11.30 у судзе пакуль няма.

На гэты час вядома, што пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння складзеныя на  Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, Міколу Статкевіча, Людмілу Карчэўскую, Рыгора Пагарцава, Віталя Казака, Уладзіміра Мароза, Дзмітрыя Андрасюка, праваабаронцу Рамана Кісляка  і, верагодна, на Уладзіміра Казлоўскага.

Наконт Людмілы Карчэўскай БелаПАН паведамляе, што яе адпусцілі ў РАУСа яшчэ ўчора пасля складання пратакола правапарушэння.  Суд над ёй прызначаны на 16:00.

У чаканні судоў. Фота Марыны Адамовіч.

У першай палове дня суды так і не адбыліся. 

"Пакуль ціха", - паведаміў праваабаронца Уладзімір Малей па стане на 14:20.

Пасля 15 гадзін у суд з ІЧУ даставілі першую пяцёрку затрыманых. Па інфармацыі Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч пакуль застаецца ў ІЧУ.

Пачаліся разгляды спраў Рыгора Пагарцава і Уладзіміра Мароза

Суддзя Дзмітрый Шурын вынес пастанову: Рыгора Пагарцава за парушэнне ч.1 арт 23.34 КаАП аштрафаваць на 10 базавых велічынь.

Дзмітрый Шурын прыступіў да разгляду адміністрацыйнай справы па ч.1 арт 23.34 КаАП РБ Андрэя Сліжа.  Пастанова -  штраф 10 б.в.

Справу Дзмітрыя Андрасюка разглядае суддзя Святаслаў Каліна. Пастанова - штраф  40 б.в.,або 980 рублёў.

Адзін з затрыманых па прозвішчы Алег Вялаў запатрабаваў адваката, таму паседжаннне перанесенае на 16 кастрычніка.

Марына Адамовіч паведамляе ў фэйсбуку, што праваабаронцу Рамана Кісляка з ІЧУ забрала “хуткая”. Праваабаронца паведаміў Свабодзе, што яму ўручылі позву ў суд на 18 кастрычніка. Цяпер ён праходзіць абсьледаванне ў лякарні.

Тым часам у суд даставілі яшчэ дваіх мітынгоўцаў. Гэта Віталь Казак і Уладзімір Казлоўскі.

Людмілу Карчэўскую будзе судзіць суддзя Аляксандр Семянчук. Пастанова - штраф 5 баазавых. Перад гэтым ён разгледзеў справу Віталя Казака і вынес пастанову ад прыцягненні яго да адказнасці па ч.1 арт 23.34 у выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь.

Той жа Аляксандр Семянчук вынес пастанову і па справе (ч.1 арт. 23.34 КаАП) Уладзіміра Казлоўскага, абмежаваўшыся штафам у памеры 10 базавых велічынь.

Нібы саромеючыся нечага, апошнімі з ізалятара ў суд даставілі Міколу Статкевіча, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.

Мікола Статкевіч адразу адмовіўся ўдзельнічаць у судовым працэсе. Суддзя Семянчук разглядае справу Статкевіча без ягонага ўдзелу. Прымае рашэнне пакараць палітыка арыштам на 5 сутак.

Разгляд адміністрацыйных спраў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава перанесены на заўтра,16 кастрычніка, каб яны заключылі дамовы з адвакатамі.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства