"Адмяніць смяротнае пакаранне!" Пікет каля беларускай амбасады ў Лондане Фота
У панядзелак восьмага кастрычніка каля амбасады Беларусі ў Лондане праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч правяла пікет за адмену смяротнага пакарання. Да акцыі таксама далучыліся каардынатары Amnesty International Бары Хэй і Айша Юнг.
Наталля Сацункевіч патлумачыла, чаму вырашыла правесці пікет.
«Чаму я прыйшла да беларускай амбасады ў Лондане? Зараз праходзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання, а я катэгарычна супраць гэтага віду пакарання. Мяне заўсёды пужае няўхільнасць і немагчымасць выправіць смерць любога чалавека.
Я заклікаю ўвесь свет да салідарнасці і падтрымкі. І хоць Беларусь і апошняя краіна ў Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне, важна памятаць, што такі від пакарання - гэта не толькі пра Беларусь. У жыцці і смерці, дабрыні і жорсткасці няма межаў. Свет вакол нас мяняецца і імкліва адмаўляецца ад смяротнага пакарання. І я вельмі чакаю таго моманту, калі смяротнае пакаранне не будзе прымяняцца не толькі ў Еўропе, але і на ўсёй планеце».
Наталля адзначыла, што, у параўнанні з Мінскам, дзе за такім пікетам можа паследаваць арышт або штраф, у Лондане дастаткова было паведаміць паліцыі пра мірны сход па тэлефоне.
Падчас акцыі пікетоўцам удалося пагаварыць з супрацоўнікамі беларускай амбасады. Па словах Наталлі, яны былі ветлівыя і выказалі зацікаўленасць у абмеркаванні тэмы адмены смяротнага пакарання.