viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: “Падзеі 1968 года нагадваюць пра важнасць салідарнасці, якая патрэбна Беларусі і цяпер”.

2018 2018-08-21T15:10:02+0300 2018-08-21T17:07:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/50gadou_praga.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

21 жніўня споўнілася 50 гадоў з моманту ўвода войскаў краін сацыялістычнага блоку ў Чэхаславакію. Гэта стала сканчэннем “Пражскай вясны” – кароткага перыяда дэмакратычных рэформаў і лібералізацыі ў ЧССР. Разам з тым трагічныя падзеі 1968 года не пакінулі абыякавымі савецкіх дысідэнтаў, якія, разумеючы магчымыя негатыўныя наступствы, не пабаяліся правесці акцыі нязгоды і салідарнасці.   

Праваабаронца Алесь Бяляцкі разважае пра тую ролю, якую адыгралі падзеі 1968 года ў працэсе станаўлення праваабарончага руху, і пра супрацьстаянне каштоўнасцяў правоў чалавека і таталітарных традыцый, якое цягнецца і дагэтуль.

Алесь Бяляцкі

“Сёння вельмі памятны дзень для нашай гісторыі і для праваабарончага руху ў прыватнасці. 50 гадоў таму СССР, у склад якога ў той час уваходзіла і Беларусь, увёў войскі ў Чэхаславакію. Гэта было брутальнае падаўленне дэмакратычных памкненняў чэхаў і славакаў лагерам камуністычных краін на чале з СССР. На жаль, беларусы таксама былі вымушаны браць удзел у гэтай агрэсіі — тыя, хто праходзіў на той час службу. Увод войскаў краінаў сацблоку адназначна ацэньваецца як вайсковае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Чэхаславакіі. Акупацыя прывяла да ўзмацнення рэакцыі ў самой Чэхаславакіі, сотні тысяч людзей былі вымушаны з’ехаць з краіны, больш за сто чалавек загінулі падчас пратэстаў супраць увядзення гэтых войскаў.

Больш за тое, увод войскаў меў яшчэ больш шырокія наступствы. Можна сказаць, што ілюзіі мадэрнізацыі ладу, які быў пабудаваны ў СССР і які будаваўся ў краінах сацыялістычнага лагера, на гэтым скончыліся. Бо марай чэшскага грамадства было трансфармаваць аўтарытарную сістэму і пабудаваць, як казалі чэшскія кіраўнікі, “сацыялізм з чалавечым абліччам”, але гэта ўсё скончылася катастрофай. Спадзяванні дэмакратычна настроенай часткі людзей, якія жылі з Савецкім Саюзе, былі таксама ўтаптаныя савецкімі танкамі ў бруд”.


"Танки идут по Праге
в затканой крови рассвета.
Танки идут по правде,
которая не газета.

Танки идут по соблазнам
жить не во власти штампов.
Танки идут по солдатам,
сидящим внутри этих танков..."

Яўген Еўтушэнка напісаў верш-пратэст "Танки идут по Праге" 50 гадоў таму, калі падчас акупацыі Чэхаславакіі знаходзіўся ў Кактэбелі. Ці думаў ён,  што праз 45 гадоў расійскія танкі ўжо будуць ісці па ўкраінскай Ялце і Севастопалі? Гісторыя паўтарылася на новым вітку...


Але тыя падзеі выклікалі і адваротную рэакцыю. Пасля таго, як у СССР стала вядома пра ўвод войскаў у Чэхаславакію, у краіне было багата выпадкаў выказвання салідарнасці. Самы вядомы з іх - гэта “дэманстрацыя семярых”, якую зладзілі праваабаронцы ў Маскве літаральна праз некалькі дзён пасля ўварвання танкаў у Прагу. Сем чалавек з плакатамі ў падтрымку дэмакратычных зменаў і з патрабаваннем прыбраць рукі ад Чэхаславакіі выйшлі на Чырвоную плошчу, а дакладней на Лобнае месца – туды, дзе яшчэ ў Сярэднявеччы праходзілі публічныя кары. Але праз некалькі хвілін з пачатку акцыі яны былі брутальна затрыманы. Аднаму з удзельнікаў падчас затрымання нават выбілі зубы. Неўзабаве двое з гэтай сямёркі трапілі ў псіхіятрычную лякарню, яшчэ дваіх пасадзілі ў турму, а астатнія трое былі пакараныя ссылкай.

“Так, улада не магла дараваць ім такі смелы і мужны ўчынак. Але гэты выступ пратэсту быў вельмі важны для праваабарончага руху, які ў той час існаваў у СССР. Ён застаецца важным і для нас як паказальнік асабістай грамадзянскай мужнасці праваабаронцаў, якія дзейнічалі з СССР 50 гадоў таму ў значна больш складаных умовах, чым працуем зараз мы. Яны адназначна ведалі, што будуць пераследвацца і будуць рэпрэсаваныя, але, тым не менш, яны не маглі маўчаць. Яны выратавалі гонар дэмакратычна настроенай часткі тагачаснага грамадства ў СССР.

Іхні здавалася б безнадзейны ўчынак высока ацанілі самі чэхі і славакі, пра што выказваўся дэсідэнт і будучы прэзідэнт Вацлаў Гавэл. Дарэчы, нягледзячы на трагічныя падзеі 1968 года, не прайшло і дзесяці гадоў, як Гавэл разам з сябрамі і паплечнікамі абвясціў пра стварэнне Хартыі’77, якая выражала далейшае імкненне чэхаў і славакаў да дэмакратыі, шанавання правоў чалавека і змагання з агрэсіўнай сістэмай камуністычнага рэжыму”, - разважае пра важную ролю той акцыі салідарнасці Алесь Бяляцкі.

Аднак акрамя “дэманстрацыі семярых” былі і іншыя спробы выказаць салідарнасць з чэшскім і славацкім народамі, у тым ліку і на тэрыторыі Беларускай ССР. Напрыклад, заведуючы гаспадаркай 49-ай школы Мінска Мікола Якімовіч і лабарант гэтай школы Робэрт Люхцікаў уночы 22 жніўня расклеілі ды раскідалі па цэнтру сталіцы значную колькасць улётак з тэкстам пратэсту супраць савецкай акупацыі Чэхаславакіі. У выніку іх не знайшлі. Менш пашанцавала гарадзенскім студэнтам Аляксандру Раманаву і Сяргею Каленчанку, якія ў знак пратэсту супраць дзеянняў савецкіх войскаў размалёўвалі і разрывалі патрэты правадыроў пралетарыята, што віселі ў будынку педагагічнага інстытута. Пасля некалькіх такіх акцый іх затрымалі і асудзілі на чатыры і тры гады зняволення.

Усе гэтыя падзеі пяцідзесяцігадовай даўніны яскрава паказалі палярнасць дэмакратычных каштоўнасцяў і каштоўнасцяў таталітарных сістэм. Але пытанне супрацьдзеяння таталітарным традыцыям застаецца актуальным па сённяшні дзень, упэўнены Алесь Бяляцкі. Бо гэтыя традыцыі Савецкага Саюза ў вялікай ступені былі запазычаныя цяперашнім кіраўніцтвам як Расіі, так і Беларусі.

“Тое, што адбылося ў 2014 годзе - анэксія Расіяй Крыма, трагедыя, якая адбылася на нашых вачах, ды іншыя агрэсіўныя крокі Расіі паказваюць, што, на жаль, дух і традыцыі таталітарызма вельмі жывучыя на абшарах СССР і ў прыватнасці ў Расіі. Мы, беларусы, мусім рабіць з гэтага высновы. Мы ўсё ж такі змаглі пазбегнуць багата якіх войнаў за апошнія 25 гадоў: вайны ў Чачні, у Грузіі і Сірыі, ды іншых канфліктаў, у якіх Расія актыўна ўдзельнічае як на постсавецкіх прасторах, так і ва ўсім свеце. Разам з тым ідэалы дэмакратыі, правоў чалавека, пра якія тады выказаліся чэшскі і славацкі народы, а таксама савецкія дысідэнты, для нас пакуль што застаюцца надзённымі маякамі, на якія мы мусім раўняцца і ў накірунку якіх мы мусім ісці. Падзеі 1968 года нагадваюць нам пра важнасць салідарнасці і падтрымкі, якія так патрэбны Беларусі і цяпер”, - падсумоўвае праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства