Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека ў Беларусі.
Анонс выпуска:
“Хроніка”: Старшыня гарадзенскай філіі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікола Салянік аштрафаваны на 25 базавых велічынь за пікет трэцяга ліпеня, які ўвогуле не адбыўся; Суд Лунінецкага раёна прысудзіў 480 рублёў штрафу берасцейскаму журналісту-фрылансеру Яўгену Скрабцу за матэрыял для Беларускага Радыё Рацыя; Вярхоўны суд адмовіўся змяніць пакаранне фігурату справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" Андрэю Бяляўскаму, які атрымаў год “хатняй хіміі” за захоўванне патрона.
“Каментар”: Марына Багданава, маці памерлага ў СІЗА зняволенага Алега Багданава, трэці год працягвае дамагацца праўды пра смерць свайго сына і адказнасці за яе. Нядаўна яна атрымала адказы на свае скаргі на дзеянні следчых ад Генеральнай пракуратуры і пракуратуры Мінскай вобласці, і гэтыя інстанцыі не знайшлі парушэнняў у дзеяннях СК. Але Марына Багданава будзе працягваць абскарджанне.
“Падзея”: “Справа прафсаюзаў” набліжаецца да заканчэння. У бліжэйшую пятніцу будзе агучаны прысуд кіраўніку прафсаюза РЭП Генадзю Фяднічу і бухгалтару арганізацыі Ігару Комліку, якіх абвінавачваюць у нясплаце падаткаў у асбаліва буйным памеры. На апошім судовым паседжанні пракурор запрасіў у суддзі Марыны Фёдаравай для іх пакаранне ў выглядзе пяці гадоў абмежавання волі без накіравання, канфіскацыю маёмасці і забарону займаць кіруючыя пасады на пяць гадоў. Выступаючы з апошнім словам, Генадзь Фядыніч выказаў сваё стаўленне да гэтай крымінальнай справы і падзякваў знаёмым за моцную падтрымку.
“Асоба”: У эфіры прагучаць успаміны Мікалая Якімовіча – грамадскага дзеяча, які ў 1968 годзе ў знак пратэста супраць увядзення савецкіх войскаў у Чэхаславакію разам з сябрам распаўсюдзіў па Мінску ўлёткі.
У музычных паўзах – кампазіцыі ў выкананні гурта DZIECIUKI.