Баранавічы: ўлады ня могуць знайсці месца для 10 беларусікаў-першакласнікаў
Беларусаў-першакласнікаў хочуць загнаць на акраіну горада. Бацькі першакласнікаў склалі ліст да Міністра адукацыі РБ. У якім акрэслілі сітуацыю. А яна прыладна такая:
Кампанія па стварэнні першага беларускага класа пачалася яшчэ 16.05.2017 года з сустрэчы з загадчыкам Баранавіцкага аддзела адукацыі. Пасля з уладамі горада была дамоўленасць стварыць першы беларускі клас у наступным 2018-2019 навучальным годзе ў адной з цэнтральных гарадскіх навучальных устаноў (літаральна былі агучаны СШ №7 ці гімназія №4).
Але, як піша "Берасцейская Вясна", пасля кіраўнікі ўстановаў спасылаліся на адсутнасць памяшканняў у школах, што прыкладна было агучваннем адказу Баранавіцкага гарвыканкаму № 01-16/360л ад 26 чэрвеня 2017 года за подпісам сп.Гарбуза А.А., дзе прапанаваліся школы № 3, 13 – усё, што не знаходзіцца ў цэнтры.
Перад гэтым група бацькоў з дзецьмі (5 сем’яў) разам з агульнай пісьмовай заявай мелі размову з дырэктарам гімназіі. Заявы ён прыняў, але не рэгістраваў, маўляў, зарана і замалая група.
27 красавіка бацькі запісаліся на прыём да старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Грамакоўскага Ю.А. Але раптам гарвыканкам прыняў рашэнне №1080 “Аб замацаванні тэрыторый города за ўстановамі адукацыі”, скасоўваўшы ранейшае.
12 чэрвеня ўсе бацькі асабіста з’явіліся з раніцы і ў першую гадзіну прыёма падалі заявы ў гімназію № 4 (дырэктар асабіста з кожным размаўляў). Трэба меркаваць, што дырэктар ад пачатку не збіраўся ствараць адзін з першых беларускіх класаў. Замест таго, каб прапанаваць іншым бацькам з чаргі выбар, ён спрабаваў выкарыстоўваць псіхалагічныя сродкі ўздзеяння і патрабаваў неабавязковыя на той момант дакументы. Прынамсі, некаторым дырэктар прапанаваў перапісаць заяву па-руску, каб яны ўжо дакладна патрапілі ў гімназію.
У выніку – 10 заяваў ад бацькоў. І гэта ўсё – жаданнямі бацькоў і намаганнямі грамадскасці.
У лісце да Міністра, бацькі робяць выснову – беларускую адукацыю не пускаюць у цэнтр горада Баранавічы. Абсалютная некампетэнтнасць Баранавіцкага аддзела адукацыі, які зараз правальвае справу якаснага беларускага нацыянальнага выхавання.
Няўжо для 10 маленькіх беларусікаў, бацькі якіх адважыліся заявіць пра свой нацыянальны гонар і годнасць, у раённым цэнтры, зноў ня могуць знайсці месца?
Таццяна Малашчанка (яе дзіця таксама хоча навучацца на роднай мове) пракаментавала сітуацыю так:
“Наш ліст – гэта спосаб прыцягнуць увагу міністэрства. Тое, што адбываецца – гэта ціск на людзей. Бо не ўсе маюць час і сілы разбірацца і змагацца. Цікава тое, што нейкае мясцовае рашэнне (“О закреплении территорий города за учреждениями образования”) становіцца больш важнейшым за Канстытуцыю!”