Ці з'явіцца Леанід Зайдэс у судзе над актывісткай Навумавай?
Копію пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні за непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы (арт 23.4 КаАП) атрымала па пошце адна з актыўных абаронцаў Курапатаў Мая Навумава. Інцыдэнт, які зафіксаваны ў пратаколе, здарыўся яшчэ 14 ліпеня. У той дзень адзін з аўтамабіляў, які спрабаваў праехаць да рэстарана «Поедем поедим», збіў пікетоўшчыка Леаніда Кулакова.
Была выкліканая міліцыя, аднак супрацоўнікі не захацелі разбірацца з аўтаўладальнікам, а замест гэтага пачалі складаць пратаколы на актывістаў. А пазней некалькі ахоўнікаў пад кіраўніцтвам саўладальніка рэстарана Леаніда Зайдэса з прымяненнем фізічнай сілы адцягвалі з дарогі пікетоўшчыкаў, вырываючы з рук плакаты і сцягі. Пра здарэнне падрабязна пісала Радыё Свабода.
У выніку ў Маі Наумавай на целе з’явілася некалькі вялікіх гематом і крывападцёкаў, якія зафіксаваныя медычнай экспертызай.
Цікава, што сведкамі ў пратаколе правапарушэння пазначаны і Леанід Зайдэс, і менэджар рэстарана «Поедем поедим» Святлана Дубкова. Верагодна, што яны таксама мусяць прыйсці на разгляд адміністрацыйнай справы Навумавай. Суд прызначаны на 15-30 2 жніўня.