Праваабаронцы Беларусі заклікаюць спыніць крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніка "БелаПАН"
Заява ў сувязі з крымінальным пераследам кіраўніка інфармацыйнага агенцтва "БелаПАН" Аляксандра Ліпая і ціскам на журналістаў у Беларусі
12 ліпеня 2018 г. прайшоў месяц з моманту ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка вядучага незалежнага інфармацыйнага агенцтва "БелаПАН" Аляксандра Ліпая. Справа ўзбуджаная Упраўленнем Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінску і Мінскай вобласці па факце наўмыснага ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры за 2016-2017 гады. (ч. 2 арт 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Абставіны крымінальнай справы дазваляюць казаць пра яе палітычную падаплёку і ставіць яе ў адзін шэраг з асуджэннем у 2011 г. па тым жа артыкуле КК кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксандра Бяляцкага і крымінальным пераследам кіраўнікоў незалежнага "Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці" Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, справа па абвінавачванні якіх ужо накіраваная ў суд.
Так, крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Ліпая было распачата 12 чэрвеня 2018 г. у 16 гадзін. Між тым, яшчэ за тыдзень да гэтага, 5 чэрвеня, А.І.Ліпай падаў падатковыя дэкларацыі за 2016-2017 гады. У той жа дзень інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Партызанскім р-не г. Мінска наклала на яго адміністрацыйнае спагнанне за несвоечасовае прадстаўленне падатковых дэкларацый і зрабіла разлік сумы падаткаў і пені, якія былі выплачаныя Ліпаем ў поўным аб'ёме 12 чэрвеня ў 13-40.
Такім чынам, да моманту ўзбуджэння крымінальнай справы аб наўмысным ухіленні ад выплаты падаткаў А. Ліпай не толькі задэклараваў даходы, але і цалкам сплаціў ўсю суму налічаных падаткаў і пені. Нягледзячы на гэта, справа была ўзбуджаная, праз два дні па месцы жыхарства А. Ліпая быў зроблены вобыск і накладзены арышт на яго маёмасць, а 26 чэрвеня вынесена пастанова аб прымяненні ў дачыненні да яго працэсуальнага прымусу ў выглядзе абмежавання на выезд з Беларусі.
Гэтыя дзеянні мы звязваем з агульнай тэндэнцыяй узмацнення ціску на недзяржаўныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы ў Беларусі (у тым ліку ўнясенне змяненняў у заканадаўства аб СМІ).
Адным з рычагоў ціску на незалежныя медыя з'яўляецца іх эканамічная дыскрымінацыя. Яна праяўляецца, у прыватнасці, у фактычнай забароне замежных інвестыцый у СМІ, з аднаго боку, і ў штогадовым бюджэтным фінансаванні дзяржаўных СМІ ў памеры каля 50 млн. еўра, з другога. Дзяржаўныя СМІ маюць і іншыя неканкурэнтных перавагі (прымусовая падпіска насельніцтва на друкаваныя выданні, уключэнне тэлеканалаў у «агульнаабавязковы» пакет, рэкламныя прэферэнцыі і да т.п.). Да фінансавых мераў ціску на незалежную журналістыку мы адносім і штрафы журналістам-фрылансерам за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі (па адвольна трактуемай міліцыяй і судамі частцы 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае пакаранне за парушэнне парадку вырабу і (або) распаўсюджвання прадукцыi СМІ). Журналістаў штрафуюць не за змест іх матэрыялаў, а за сам факт іх з'яўлення ў замежных медыя.
Мінулы год стаў рэкордным па колькасці судовых штрафаў па гэтым артыкуле КаАП і іх агульнай суме: 69 штрафаў на суму, эквівалентную амаль 53 тыс. еўра (гэта больш, чым за тры папярэднія гады, разам узятых). Аднак у гэтым годзе сітуацыя толькі пагоршылася, і колькасць штрафаў па ч. 2 арт. 22.9 ўжо набліжаецца да 60, а сума - да эквіваленту 50 тыс. еўра. І гэта адбываецца ў сітуацыі, калі пытанне пра перасьлед журналістаў-фрылансераў, матэрыялы якіх з'яўляюцца ў замежных СМІ, ужо некалькі гадоў абмяркоўваецца ў рамках Дыялогу аб правах чалавека паміж Еўрапейскім Саюзам і Рэспублікай Беларусь.
У справе Аляксандра Ліпая мы таксама бачым спробы некаторых структур выкарыстоўваць фінансавае заканадаўства для таго, каб перашкодзіць працы незалежных СМІ.
У сувязі з выкладзеным:
- лічым крымінальны перасьлед кіраўніка інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН» Аляксандра Ліпая звязаным з яго прафесійнай дзейнасцю, што з'яўляецца спробай перашкодзіць працы інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН» - аднаго з самых аўтарытэтных сярод незалежных крыніц дакладнай і аператыўнай інфармацыі пра Беларусь;
- заклікаем спыніць крымінальную справу ў дачыненні да А.І. Ліпая;
- заклікаем выконваць палажэнні артыкула 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах пры усталяванні абмежаванняў на свабоду выказвання меркавання і спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў за ажыццяўленне імі сваёй прафесійнай дзейнасці, якія не парушаюць межы гэтай свабоды.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Экспертна-прававое таварыства "Ініцыятыва FORB»
РГА «Прававая ініцыятыва»
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"
Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі"
Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права"
Асамблея НДА
Беларускі дакументацыйны цэнтр
Беларускі Дом правоў чалавека
Установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта"
Асветніцка-дабрачынная ўстанова "Камітэт "Салідарнасць"
Беларускі ПЭН-цэнтр.