Суд паўторна разглядзеў справу супраць Вікі Біран: штраф 15 базавых велічынь Дапоўнена
На 11 гадзін раніцы 16 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска прызначаны паўторны разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) супраць ЛГБТК-актывісткі Вікі Біран з-за фотаздымка, зробленнага на фоне будынка МУС.
Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня.
Падтрымаць актывістку прышло шмат людзей, у тым ліку праваабаронцы і журналісты.
На пачатку працэса абаронца Вікі Біран заявіў хадайніцтва аб вяртанні пратакола зноў на дапрацоўку, бо па яго меркаванню ў РУУС так і не былі ліквідаваны недахопы ў ім. Аднак, суддзя адхіліла хадайніцтва, бо палічыла, што няма падстаў для неразгляду справы па сутнасці.
У матэрыялах справы ёсць відэа, якое не бачыў ні адвакат, ні абвінавачаная. Адвакат просіць спачатку паглядзець відэа, а потым апытваць сведкаў. Але суддзя вырашыла спачатку правесці апытанне, потым азнаёміцца з пісьмовымі матэрыяламі справы, а потым праглядзець відэа.
У суд сведкай выкліканы супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Дзмітрый Шантыр. Ён распавядае, што было вынята відэа з камеры назірання.
Адвакат запытвае ў сведкі, колькі па часе цягнулася масавае мерапрыемства? Сведка адказвае, што менш за хвіліну. Абаронца запытвае, ці ёсць у матэрыялах справы пратакол прагляду відэа, сведка кажа, што ёсць, але адвакат такога пратаколу не бачыў. Суддзя кажа, што матэрыялы будуць даследаваныя пазней. Пасля гэтага абаронца ўказвае на тое, што не быў выкананы парадак апавяшчэння асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс: у матэрыялах справы няма дадзеных ні пра тое, што пратакол быў адпраўлены, ні пра тое, што Віка Біран яго атрымала.
Суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы, у іх: пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, дыск з відэа з камеры назірання, запыт на прадастаўленне відэа з камеры назірання, запыт аб выкліке Вікі Біран, рапарт Дзмітрыя Шантыра, суправаджальныя. Нічога з гэтага абаронца не бачыў у матэрыялах справы, калі знаёміўся з імі да суда.
Вікторыя Шабуня перайшла да апытання Вікі Біран. Актывістка віну не прызнае, кажа, што гэта быў фотаздымак за тры секунды для асабістай старонкі ў фэйсбуку, каб "сабраць большую колькасць лайкаў". Суддзя цісне на тое, што дзеянне Вікі - адзіночны пікет, на правядзення якога патрэбна браць дазвол. Дзяўчына, кажа, што гэта не быў пікет, а проста фотаздымак, а надпіс на плакаце - яе "інтэрпрытацыя тэксту з сайта МУС".
Сведка запытвае ў Вікі Біран, адкуль на яе старонцы ў сацсетцы з'явілася копія пратакола, цісне на тое, што яго дзяўчына атрымала. Віка кажа, што атрымала, але не своечасова, што з'яўляецца парушэннем працэсуальных нормаў вядзення адміністацыйнага працэсу.
Абаронца кажа, што вельмі цікавае масавае мерапрыемства атрымоўваецца, якое ніхто не заўважыў, указвае на недахопы і парушэнні ў вядзенне адміністрацыйнага працэсу. Просіць суд справу спыніць з-за адсутнасці падзеяў справы і складу правапарушэння. Аб'яўлены перапынак для прыняцця рашэння.
Суддзя Вікторыя Шабуня палічыла актывістку Віку Біран вінаватай у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і аштрафавала яе на 15 базавых велічынь.
Як раней паведаміла Віка Біран на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, суды Маскоўскага, Ленінскага і Цэнтральнага раёна г. Мінска адправілі на дапрацоўку ў адпаведныя РУУСы ўсе тры пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні нібыта за правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства - "адзіночнага пікета". Менавіта так былі ацэненныя супрацоўнікамі міліцыі фотаздымкі з плакатам "Самі вы падробка", якія актывістка зрабіла на фоне будынкаў МУС, КДБ і Дому Ураду 24 траўня. Такім чынам Віка Біран выказала сваю нязгоду з артыкулам гамафобнага зместу пад назвай “Мы за сапраўднае”, які з'явіўся на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранных спраў і ў якім дзяржорган непрыязна выказваўся пра людзей ЛГБТК+ і вясёлкавы сцяг, што амбасада Велікабрытанія размясціла над сваім уваходам у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй – 17 траўня.