viasna on patreon

Змены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах» ухвалілі за 10 хвілін. Супраць былі Анісім і Канапацкая

2018 2018-06-07T12:02:45+0300 2018-06-07T12:03:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/parlament-galasavanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота ілюстрацыйнае.

Фота ілюстрацыйнае.

Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Рэспубліцы Беларусь, паведамляе Радыё Свабода. 

Супраць галасавалі двое — дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Разгляд законапраекту не заняў і дзесяці хвілін. Намеснік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валер Саўко выступіў перад дэпутатамі з характарыстыкай закону. Пытанняў яму не задавалі.

Калі параўноўваць канчатковы варыянт з варыянтам 1-га чытання, то прынцыповых зменаў у ім амаль няма. Адзіная істотная змена тычыцца прадстаўнікоў СМІ. У прыватнасці, калі раней было прапісана, што пры асвятленні масавых мерапрыемстваў журналіст павінен мець альбо надпіс «Прэса», альбо нейкую нарукаўную павязку, то ў новай рэдакцыі прапісана, што журналіст мусіць мець пры сабе ясна бачны знак адрознення. Што тычыцца іншых прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, то ў законапраекце яны не былі зафіксаваныя.

На пытанне карэспандэнта Свабоды, чаму, напрыклад, не дазволена асвятляць мерапрыемствы ня толькі штатным, а і пазаштатным супрацоўнікам СМІ, Валер Саўко адказаў, што справа ў тым, што «ня ўсе пазаштатныя карэспандэнты маюць пасведчанні, і мы стараліся зрабіць так, каб не ствараць арганізатарам мерапрыемстваў дадатковых складанасцяў».

Цяпер закон будзе перададзены на разгляд у Савет Рэспублікі, а адтуль на подпіс прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

25 кастрычніка 2017 года міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, які прадстаўляў змены ў закон у першым чытаньні, назваў іх праявай небывалай да гэтага лібералізацыі. Ён адзначыў, што асноўная навацыя гэтага заканадаўчага акту — паведамляльны прынцып.

Цяпер чалавек альбо арганізацыя, якія жадаюць правесці нейкае масавае мерапрыемства, павінны не пазней як за 10 дзён паведаміць пра гэта ў адпаведныя органы. А яны ў сваю чаргу не пазней як за 5 дзён мусяць даць адказ, калі захочуць адмовіць. Але адмова прадугледжаная толькі ў двух выпадках:

  • калі нехта іншы ўжо падаў заяўку на той жа час і тое ж месца,
  • калі заяўка не адпавядае заканадаўству.

Паведамляльны прынцып дзейнічае толькі для тых месцаў, якія вызначаны ўладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Калі ж нехта пажадае праводзіць сваю акцыю ў іншым месцы, то ў такім выпадку паведамляльны прынцып ня дзейнічае, а вяртаецца дазвольны.

На чым акцэнтаваў увагу міністар?

  1. Заяву на правядзенне масавага мерапрыемства ня могуць падаваць асобы, у якіх ёсць нязнятыя або непагашаныя судзімасьці паводле некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
  2. Вызначаецца пералік прадметаў, якія катэгарычна забараняецца прыносіць на мерапрыемства, уключаючы, напрыклад, піва.
  3. Павышаецца адказнасць палітычных партый за правядзенне мерапрыемстваў.
  4. Журналісты, якія асвятляюць гэтае мерапрыемства, павінны мець пасведчанне, а замежныя журналісты — абавязкова быць акрэдытаванымі ў МЗС Рэспублікі Беларусь.
  5. Аплата паслуг за правядзенне мерапрыемства арганізатарамі будзе праводзіцца постфактум. То бок плату за мэдычнае абслугоўванне, прыборку тэрыторыі і г.д. арганізатары будуць уносіць пасля правядзеньня мерапрыемства, а не загадзя, як гэта робіцца цяпер.
  6. Арганізатарам мерапрыемстваў забараняецца перадаваць у СМІ, уключаючы інтэрнэт, інфармацыю пра месца і час правядзеньня акцыі загадзя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства