viasna on patreon

Артыкул 193.1: што было, што ёсць, што будзе?

2018 2018-05-17T14:25:18+0300 2018-05-18T15:55:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-stefanovich-sapielka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусі апублікаваны законапраект  зменаў у некаторыя кодэксы, згодна з якім плануецца адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Аднак у гэтым пытанні не ўсё так адназначна. Праваабаронцы “Вясны” Павал Сапелка і Валянцін Стэфановіч лічаць дэкрыміналізацыю артыкула 193.1 "перамогай са слязамі на вачах".

Павел Сапелка.

Павал Сапелка, каментуючы гэтую сітуацыю, адзначае:

"Радасць з нагоды адмены крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі азмрочваецца тым, што замест крымінальнай адказнасці адпаведны праект прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за “незаконныя арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці”. Маецца на ўвазе, што будзе карацца дзейнасць ад імя незарэгістраванай або ліквідаванай арганізацыі, або ў яе інтарэсах.

Згодна з новым арт. 23.88 у КаАП прадугледжваецца  пакаранне ў выглядзе штрафа ў памеры да 50 базавых велічыняў. Пратаколы па гэтым артыкуле маюць права складаць органы ўнутранных спраў альбо органы міністэрства юстыцыі. Гэтыя ж органы будуць выносіць пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці".

Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу на наступныя рэчы:

"Па-першае, тое, што збіраюцца дэкрыміналізаваць артыкул 193.1 – гэта, у тым ліку, заслуга праваабарончай арганізацыі “Вясна”. Бо мы дамагаліся гэтага шмат гадоў. Напрыклад, праваабарончая супольнасць звярталася ў Венецыянскую камісію Рады Еўропы, якая прыняла па гэтаму артыкулу рашэнне, а таксама праводзіла рознага характару кампаніі. Зрэшты “Вясна” ў 2009 годзе пасля чарговай адмовы ў рэгістрацыі, публічна заявіла, што будзе працягваць сваю дзейнасць без рэгістрацыі. То бок можна сказаць, што мы публічна прызналіся ў здзяйсненні злачынства. Але мы адкрыта дзейнічаем, нашы мэты легітымныя, таму калі ўрад нас хоча за гэта пасадзіць у турму, то гэта іх праблемы.

Па-другое, тое, што зараз прапануецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць за гэтыя ж дзеянні – гэта у нейкім сэнсе вяртанне ў 2003-2005 гг., калі быў прадугледжаны адміністрацыйны арышт 15 сутак. Але практыка пайшла такім чынам, што справаў такіх было не шмат. Вясноўцаў увогуле не прыцягвалі да адказнасці па гэтаму артыкулу, але ўвогуле некалькі выпадкаў такіх было.

Наша стаўленне да таго, што будзе прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, і няхай сабе ў такой мягкай форме без адміністрацыйнага арышта, у любым выпадку негатыўнае. Усё роўна лічым, што гэта неабгрунтаванае і абсалютна непрапарцыйнае парушэнне свабоды асацыяцый, не звязанае з дапушчальнымі абмежаваннямі. Нават у Кіруючых прынцыпах АБСЕ па абароне праваабаронцаў пазначана, што “ажыццяўленне права на свабоду аб’яднанняў не залежыць ад рэгістрацыі, і праваабаронцы не павінны падвяргацца крымінальнаму пераследу за тое, што яны не зарэгістравалі групу ці аб’яднанне. Любыя палажэнні, якія прадугледжваюць правапарушэнні, звязанныя з дзейнасцю незарэгістраванай арганізацыі, у тым ліку ў пытаннях фінансавання, павінны быць неадкладна выключаны з заканадаўства”.

Увогуле лічым гэтыя палажэнні дастасавальнымі да ўсіх арганізацый. Калі арганізацыя лічыць, што ёй не патрэбна мець статус юрыдычнай асобы для таго, каб палепшыць сваю дзейнасць, мець магчымасць удзельнічаць у нейкіх праграмах фінансавання, уступаць у нейкія іншыя адносіны прававога характара з іншымі суб’ектамі, то яна мае права не рэгістравацца. Гэта нельга лічыць абавязкам.

Тым больш, мы не ведаем, як пойдзе практыка прымянення арт. 23.88 КаАП. Тэарытычна па ёй можна штрафаваць хоць кожны дзень за ажыццяўленне дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, пакуль не адпадуць прычыны, то бок арганізацыя не зарэгіструецца.

Гэта азначае, што ёсць верагоднасць накладання вялікіх штрафаў, якія прывядуць да таго, што, напрыклад, на праваабаронцаў з-за запазычанасцях па выплатах штрафаў могуць быць накладзены абмежаванні ў выяздзе за мяжу, канфіскавана маёмасць і іншыя такія “прыемныя” рэчы.

Таму мы лічым, што такога кшалту адказнасць увогуле недапушчальная, улічваючы практыку, якая склалася апошнім часам у краіне, што зарэгістраваць арганізацыю проста немагчыма. Прыкладам таго з’яўляецца БХД, якой адмаўлялі ў рэгістрацыі ўжо сем разоў. “Вясна” не звяртаецца па рэгістрацыю, таму што лічым, што гэта не пытанне працэдур, а выключна палітычнае рашэнне. Таму пакуль разлічваць на нейкую рэгістрацыю бессэнсоўна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства