Гудбай, артыкул 193.1!
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусі апублікаваны законапраект зменаў у Крымінальны кодэкс, падрыхтаваны Саветам міністраў. Згодна з праектам закона плануецца адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжваў крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Артыкул 193-1 быў унесены ў Крымінальны кодэкс у 2005 годзе. За дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ён прадугледжваў пакаранне ад штрафу да двух гадоў пазбаўлення волі.
Размова пра адмену гэтага сумнавядомага артыкула вялася даўно. Гэтага патрабавалі і міжнародныя арганізацыі, і праваабаронцы.Так, яшчэ ў 2015 годзе прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, зыходзячы з зацікаўленасці ў развіцці беларуска-еўрапейскіх адносін і ўмацавання і абарон правоў чалавека ў нашай краіне, выступілі з адкрытым зваротам да дзяржавы, адным з пунктаў якога з’явілася патрабаванне аб адмене артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама адмены на забарону на дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.
А зусім нядаўна, 30 красавіка, пасля прадстаўлення афіцыйнага дакладу па прадухіленні катаванняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання або пакарання ў Камітэце супраць катаванняў ААН беларускай дэлегацыі членамі Камітэта быў зададзены шэраг пытанняў. Начальнік упраўлення заканадаўства аб нацыянальнай бяспецы і праваахоўнай дзейнасці нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці РБ Дзмітрый Шырын запэўніў Камітэт аб поўнай дэкрыміналізацыі ў хуткім часе артыкула за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонда альбо ўдзелу ў іх дзейнасці.
Нагадаем, што аднымі з першых, хто рэальна пацярпеў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі сталі сябры незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Партнёрства» Цімафей Дранчук, Мікалай Астрэйка, Андрэй Шалайка, Эніра Браніцкая. У жніўні 2006 года суд Цэнтральнага раёна г. Мінска асудзіў іх да розных тэрмінаў пазбаўлення волі па арт 193.1 Крымінальнага кодэксу. Маладыя людзі ставілі сваёй мэтай назіранне за праходзіўшымі прэзідэнцкімі выбарамі.
Затым пад пераслед патрапілі актывісты «Маладога фронту». У 2006 годзе Эдуард Зелянкоў са Жлобіна быў аштрафаваны, а Зміцер Дашкевіч асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі па арт 193.1 КК.
Патраплялі пад гэты крымінальны молах і праваабаронцы. 16 лютага 2011 г. старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесю Бяляцкаму было вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона за подпісам намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь М.І. Кукліса. У папярэджанні сцвярджаецца, што дзеянні А. Бяляцкага ад імя праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Праваабаронца афіцыйна папярэджаны, што ў выпадку далейшай дзейнасці будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці.
Асамблея НДА Беларусі ў 2009 годзе ініцыявала правядзенне кампаніі «Стоп 193.1!», у межах якой адбылося некалькі запамінальных акцый, адна з якіх “Дзеды Марозы” супраць 193 артыкула Крымінальнага Кодэксу
Калі праект закона будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў і падпісаны Прэзідэнтам Беларусі, з крымінальнага кодэксу знікне артыкул 193.1, але адказнасць за такую дзейнасць застанецца ў плоскасці адміністрацыйнага правапарушэння і будзе прадугледжваць штрафныя санкцыі ў памеры да 50 базавых велічынь, што на думку праваабаронцаў таксама з’яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды асацыяцый.