“Дзеды Марозы” супраць 193 артыкула Крымінальнага Кодэксу
Сябры ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” прынялі ўдзел у паходзе “Дзедаў марозаў” у Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі многіх незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў гэтай незвычайнай акцыяй хацелі нагадаць уладам пра артыкул 193 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальны перасьлед за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.
Яны перадалі заву на імя генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча у якой прызнаюцца, што “дзейнічаюць у незарэгістраванай арганізацыі дзядоў Марозаў і просяць даць прававую ацэнку гэтым дзеянням". Зразумела, што такой нестандартнай петыцыяй удзельнікі акцыі патрабававалі скасаваць гэты ганебны артыкул. Сярод тых, хто перадаваў пэтыцыю: сябры Асамблеі НДА, БХК, “Вясны”, Моладзі БНФ ды іншых арганізацый.
Адказны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры зарэгістраваў заяву. Пад час акцыі супрацоўнікі Службы бясьпекі пракуратуры ў даволі грубай форме патрабавалі ад фотакарэспандэнтаў паказаць фотаздымкі, а таксама патрабавалі выдаліць фота будынка пракуратуры, што месціцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Менску.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў, што такім незвычайным шляхам актывісты грамадскіх арганізацый спрабуюць прыцягнуць увагу да артыкула 193 Крымінальнага кодэкса: “Мы, Дзеды Марозы, якія шмат гадоў запар сістэматычна праводзім у розных гарадах масавыя мерапрыемствы, займаемся раздачай літаратуры, у тым ліку сярод непаўнагадовых, даведаліся, што такая дзейнасць, паводле беларускага заканадаўства, з’яўляецца забароненай”.
Акцыя адбылася ў межах кампаніі «Стоп 193.1!», ініцыяванай Асамблеяй НДА Беларусі.