viasna on patreon

Front Line Defenders асуджае затрыманні праваабаронцаў у Беларусі

2018 2018-03-30T11:56:49+0300 2018-03-30T12:02:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/frontlinedefenders_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 сакавіка 2018 г.

25 сакавіка 2018 года шэсць праваабаронцаў — Максім Кавалёў, Таццяна Мастыкіна, Андрусь Крэчка, Ганна Саханкова, Анастасія Васільчук і Наста Лойка, якія з’яўляюцца сябрамі Праваабарончага цэнтра “Вясна” і БХК, — былі затрыманыя ў раёне плошчы Якуба Коласа ў Мінску ў сувязі з ажыццяўленнем назірання за публічным мерапрыемствам. Затрыманні адбыліся падчас забароненага апазіцыйнага маршу ў гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 года.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” працуе дзеля прасоўвання правоў чалавека і аказвае практычную дапамогу грамадзянскім ініцыятывам па прававой абароне грамадзянаў. Ён таксама праводзіць даследаванні стану грамадзянскай супольнасці і прававой абароны ў Беларусі.

25 сакавіка 2018 года Максім Кавалёў, Анастасія Васільчук, Таццяна Мастыкіна, Андрусь Крэчка, Ганна Саханкова і Наста Лойка былі затрыманыя, разам з яшчэ 60 людзьмі, у час назірання забароненага маршу апазіцыі. Назіральнікі былі ўпаўнаважаныя БХК у якасці назіральнікаў і насілі бэджы і павязкі, якія выразна вызначалі іх як такіх.

Марш павінен быў адбыцца ў 12.00; назіральнікі прыбылі на месца ў 11.47 праз выхад з метро на рагу дома 49 па праспекце Незалежнасці (насупраць плошчы Якуба Коласа). Супрацоўнік праваахоўных органаў у цывільным запатрабаваў, каб назіральнікі прайшлі ў мікрааўтобус для праверкі дакументаў. Праваабаронцы прадставілі свае пашпарты і пасведчанні назіральнікаў, аднак яны былі затрыманыя.

Грамадская назіральніца Анастасія Васільчук была дастаўленая ў Першамайскі РУУС, а Максім Кавалёў, Таццяна Мастыкіна, Андрусь Крэчка, Ганна Саханкова і Наста Лойка былі дастаўленыя ў РУУС Савецкага раёна.

Усе шэсць праваабаронцаў былі пасля вызваленыя, аднак ім былі прад’яўленыя абвінавачванні па арт. 23.34 КаАП за “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.

Ганна Саханкова была вызваленая без тлумачэння прычын і без складання пратакола.

Апошняй з Савецкага РУУСа вызвалілі Таццяну Мастыкіну, якая атрымала дадатковае абвінавачванне ў “непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікам міліцыі”, а таксама ва “ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу”.

Слуханне справы было прызначанае на наступны дзень, 26 сакавіка 2018 г., у судзе Савецкага раёна, але пасяджэнне было адмененае без абвяшчэння новай даты.

25 сакавіка ў сувязі з дэманстрацыяй пратэсту супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя блізу 110 чалавек. Прынамсі дванаццаці з іх у Мінску было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў), што магло б, у выніку, прывесці да іх адміністрацыйнага арышту.

Летась ў сувязі з штогадовым апазіцыйным шэсцем на 25 сакавіка былі затрыманыя больш за 700 чалавек, што выклікала крытыку з боку Еўрапейскага Саюза, які адмяніў санкцыі ў дачыненні да Беларусі пасля вызваленя апазіцыйных палітыкаў ў 2016 годзе. На офісе ПЦ “Вясна” быў праведзены ператрус у часе правядзення брыфінгу для праваабаронцаў. Пяцьдзесят восем назіральнікаў, у тым ліку каардынатарка праектаў Front Line Defenders Маша Шышчанкова, праваабаронцы і супрацоўнікі ПЦ “Вясна”, былі затрыманыя, пасаджаныя ў аўтобус і дастаўленыя ў Першамайскі РУУС.

Front Line Defenders рашуча асуджае масавыя затрыманні грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у Беларусі. Мы заклікаем улады неадкладна зняць усе абвінавачванні за мірнае ажыццяўленне права на свабоду сходаў на плошчы Якуба Коласа ў Мінску і пацвярджаем нашу пастаянную падтрымку і салідарнасць з абаронцамі правоў чалавека ў Беларусі.

Front Line Defenders заклікае ўлады ў Беларусі:

  1. Неадкладна і безумоўна зняць усе абвінавачванні супраць Максіма Кавалёва, Таццяны Мастыкінай, Андруся Крэчкі, Анастасіі Васільчук, Ганны Саханковай і Насты Лойка, паколькі, як мяркуецца, яны выключна матываваныя сваёй законнай і мірнай дзейнасцю ў сферы абароны правоў чалавека;
  2. Гарантаваць пры любых абставінах, што ўсе праваабаронцы ў Беларусі здольныя ажыццяўляць сваю законную дзейнасць у галіне правоў чалавека без страху рэпрэсій і свабодна ад усіх абмежаванняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства