Жонка асуджанага Пятра Кучуры: “У мяне ёсць усе падставы баяцца за яго жыццё”
Людміла Кучура, жонка асуджанага Пятра Кучуры, які адбывае пакаранне ў ПК № 15 у Магілёве і падвяргаецца катаванням і ціску з боку адміністрацыі калоніі, звярнулася да Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, што надзвычайная сітуацыя склалася вакол Пятра Кучуры пасля стварэння яго жонкай петыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасць у адмінстрацыі калоніі выклікала тое, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаванні і неаказанне медыцынскай дапамогі ў калоніі, якія прывялі да некалькіх смерцяў, у тым ліку і жонкі аднаго з асуджаных падчас працяглага спаткання.
Паводле словаў Людмілы Міхайлаўны, начальнік ПК № 15 Аляксей Лазарэнка і яго намеснік па рэжымна-аператыўнай працы Аляксандр Слесараў прад'явілі прэтэнзію Пятру Кучуры аб перадачы жонцы гэтай інфармацыі. Пасля чаго на яго пачаўся моцны ціск: спачатку яму абвясцілі спагнанне нібыта за самаробны кіпяцільнік, а потым і зусім перавялі ў ШІЗА.
Людміла Кучура лічыць, што дзеянні адміністрацыі калоніі ў дачыненні да яе мужа з’яўляюцца правакацыяй, а спагнанні – надуманыя:
"Восенню на пасяджэнні Савета выхавальнікаў, куды быў выкліканы мой муж, Аляксандр Слесараў папярэдзіў, што будзе цяпер трымаць яго на асаблівым кантролі і пісаць рапарты. І, як бачым, сваё слова ён стрымаў! Мой муж дарослы чалавек і выдатна разумее, што за ім будзе татальная сочка з боку кіраўніцтва калоніі. Ён не робіць нічога супрацьпраўнага".
Жанчына мяркуе, што спагнанні пазбавяць яе мужа атэстацыі як стаўшага на шлях выпраўлення, а далей - палепшаных умоваў, а таксама спатканняў, пасылак, бандэроляў і г.д.
“Цяперашнія дзеянні адміністрацыі ПК № 15 накіраваны на тое, каб выключыць магчымасць прадстаўлення майго мужа да ўмоўна-датэрміновага вызвалення ці выключыць падставы для замены неадбытай часткі пакарання больш мяккім, пры гэтым выкарыстоўваючы незаконныя метады”, - звяртаецца да пракурора Людміла Міхайлаўна.
Па словах жанчыны, 2 сакавіка, пасля заканчэння чатырох сутак ШІЗА, Пятра Кучура павялі на перагаворны пункт, каб ён патэлефанаваў жонцы і перадаў прапанову начальніка калоніі Аляксея Лазарэнкі пра «перамір'е». Яно заключаецца ў тым, каб Людміла Міхайлаўна больш не пісала скаргаў, а ўзамен на гэта, калі яе мужу застанецца 1,5-2 года да канца тэрміну, яго адпусцяць па УДВ.
Жанчына лічыць, што такія дзеянні кіраўніцтва калоніі пацвярджаюць тое, што Пётр Кучура ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў:
“Гэта да якой ганебнасці дайшлі! Спачатку ў ШІЗА, а затым падавай ім «перамір'е»! Спагнанне і змяшчэнне яго ў ШІЗА было зроблена наўмысна, а складзеныя рапарт аб нібыта выяўленні самаробнага кіпяцільніка і пастанова аб накладанні дысцыплінарнага спагнання былі сфальсіфікаваныя».
Такая тактыка кіраўніцтва калоніі ўжо знаёмая Пятру Кучуры. З 2015 г. яны штогод абяцаюць прадставіць асуджаннага да ўмоўна-датэрміновага вызвалення ці замяніць неадбытую частку пакарання больш мяккім, але пры ўмове, што ён і яго жонка не будуць пісаць скаргі на дзеянні адміністрацыі. Але ў траўні 2017 г. начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка заявіў, што ні УДВ, ні ЗНБМ Пётр Кучура не ўбачыць.
Разам з тым спагнанні, якія некалі ўжываліся да Пятра Кучуры адміністрацыяй ПК № 15 г. Магілёва і даўно пагашаныя, зараз з'яўляюцца інструментам маніпуляцыі пры разглядзе пытання аб умоўна-датэрміновым вызваленні асуджанага.
Пасля такіх маніпуляцый і ціска на яе мужа жонка асуджанага Людміла Міхайлаўна вырашыла абскарждваць іх, каб спыніць кожнае незаконнае дзеянне адміністрацыі калоніі.
5 сакавіка Людміла Кучура накіравала заяву на імя начальніка калоніі з просьбай выслаць ёй копіі пастановаў аб спагнанні і змяшчэнні ў ШІЗА яе мужа, так як яна збіраецца абскарджваць іх ва ўстаноўленым законам парадку ў суд і пракуратуру.
“У гэты дзень мой муж тэлефанаваў мне і сказаў, што яму пагражаюць пастаноўкай на прафілактычны ўлік з фармулёўкай падбухторвання асуджаных, якія адбылі пакаранне, даць інтэрв'ю журналістам аб парушэнні правоў у ПК №15. Пасля гэтага нашу гутарку перапынілі. Наступны званок згодна з графікам павінен быў быць 11 сакавіка, але яго так і не было. Дзе мой муж цяпер і што з ім адбываецца, я не ведаю. У мяне ёсць усе падставы баяцца за яго жыццё. Бо яго - інваліда 3-яй групы па захворванню сэрца - падвяргаюць псіхалагічнаму і фізічнаму ціску», - распавядае жанчына.
Людміла Міхайлаўна рашуча настроена выкарыстаць усе магчымыя механізмы, у тым ліку і міжнародныя, па абароне правоў свайго асуджанага мужа Пятра Кучура.