viasna on patreon

Спагнанні ці скаргі асуджанага: у чым прычына адмовы ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні Пятру Кучуру?

2018 2018-01-18T10:24:19+0300 2018-01-18T10:27:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchura_piotr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ні МУС, ні Генпракуратура не могуць растлумачыць, адкуль узяліся 17 спагнанняў, нібыта ўжытыя да асуджанага Пятра Кучуры, якія фігуруюць у перапісцы праваахоўных органаў з яго жонкай па пытанні пастаяннай адтэрміноўкі ўмоўна-датэрміновага вызвалення (УДВ). Па словах Людмілы Кучура, у сваіх скаргах яна неаднаразова прасіла правесці праверку для ўстанаўлення таго, калі гэтыя спагнанні былі ўжытыя і пагашаныя, але ў гэтым ёй пастаянна адмаўляюць.

Тройчы ў ПК-15 у Магілёве, дзе адбывае пакаранне Пётр Кучура, адбыліся ўжо тры камісіі па прадстаўленні асуджанага да УДВ і замене пакарання на больш мяккае, і тройчы яму было адмоўлена ў гэтым, кожны раз тэрмінам на год.

Спрабуючы высветліць сапраўдныя прычыны такога становішча справаў, жонка асуджанага, атрымаўшы адмову ў асабістым прыёме ад кіраўніка МУС Ігара Шуневіча, у лістападзе 2017 года была прынятая дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Андрэем Навумовічам, якія ўзначальвае Пастаянную камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. Яе зварот з просьбай прыняць меры па скасаванні парушэння законнасці ў пытанні прадстаўлення асуджанага да УДВ парламентарый перанакіраваў ў Генеральную пракуратуру для праверкі выкладзеных фактаў. Адказ з Генпракуратуры за подпісам намесніка Генпракурора Аляксея Стука абурыў Людмілу Кучура.

«Тыя, каму Аляксей Стук даручыў правесці праверку [пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў Алег Старасцін і старэйшы пракурор Анатоль Мяцельскі - рэд.], неаднаразова давалі адказы на мае заявы, скаргі, і сутнасць іх адказаў не адпавядала выкладзеным фактам. Таму правяраючым пракурорам я не давяраю і маю на тое важкія падставы», - адзначае яна.

«За час адбыцця пакарання Кучура неаднаразова дапускаў парушэнні ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання, за што 17 разоў прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці», - сярод іншага паведамляе ў адказе Аляксей Стук. «Ён наўмысна ўсіх ўводзіць у зман», - лічыць жонка асуджанага.

«На пастаўленае мною ў звароце пытанне - у які перыяд былі атрыманыя Кучурам 17 спагнанняў і калі яны былі пагашаныя? - адказу ад намесніка Генпракурора я так і не атрымала. Можа быць, дадзеная інфармацыя з'яўляецца дзяржаўнай таямніцай і на ёй стаіць грыф «сакрэтна»?»- кажа яна.

Зыходзячы з адказу Генпракуратуры, Людміла Міхайлаўна робіць выснову, што праверка не праводзілася, а інфармацыя пра гэтыя спагнанні была перапісаная з адказаў МУС, ДВП і ПК-15. Сваё ж абурэнне з нагоды ўказанай колькасці спагнанняў яна тлумачыць, звяртаючыся да афіцыйных дакументаў.

Пра колькасць ужытых да мужа спагнанняў Людміла Кучура ведае з пастановаў суда Кастрычніцкага раёна Магілёва ад 26 снежня 2013 года і 4 красавіка 2014 года [даты судовых рашэнняў, першага і паўторнага, аб пераводзе Пятра Кучуры на турэмны рэжым - рэд.]. У гэтых пастановах зафіксавана, што на той час у асуджанага было восем спагнанняў, і, як звяртае ўвагу жанчына, пастанова ў гэтай частцы не аспрэчвалася кіраўніцтвам ПК-15 у судзе.

«Паводле судовых пастановаў, у мужа было толькі восем спагнанняў, і тыя ўжо даўно пагашаныя. Пасля суда, падчас знаходжання Пятра ў турме №4 Магілёва з красавіка 2014 га па лістапад 2015 года, ніякіх іншых спагнанняў да яго не ўжывалася. І зноў жа, Стук наўмысна замоўчвае той факт, што ў турме Кучура адбыў толькі палову прысуджанага тэрміна, менавіта таму што быў атэставаны як стаўшы на шлях выпраўлення, і быў пераведзены назад у калонію. Там новых спагнанняў у яго няма па цяперашні момант», - дадае яна.

Звяртаючыся ў чарговы раз да парламентарыя Андрэя Навумовіча, жонка асуджанага просіць запатрабаваць ад адказных службовых асобаў выразных і па сутнасці тлумачэнняў: у чым канкрэтна праяўляецца ў Пятра Кучура «адсутнасць устойлівага імкнення да правапаслухмяных паводзінаў і адсутнасць сфармаванай гатоўнасці весці правапаслухмяны лад жыцця».

Зрэшты, калі ўчытацца ў адказ намесніка Генпракурора Стука, можна прыйсці да пэўнага адказу:

«У адпаведнасці з п. 45 Інструкцыі наяўнасць у асуджанага да пазбаўлення волі ўстойлівага імкнення да правапаслухмяных паводзінаў і сфармаванай гатоўнасці весці правапаслухмяны лад жыцця вызначаецца камісіяй ПУ, у тым ліку на падставе інфармацыі аб ліквідацыі наступстваў учыненага дзеяння, аб прызнанні віны ва ўчыненым злачынстве і іншых вартых увагі абставінаў.

З характарыстыкі-атэстацыі Кучуры ад 10.10.2017 угледжваецца, што ён прыняў меры па частковай кампенсацыі шкоды, прычыненай злачынствамі, прызнаў віну ва ўчыненых злачынствах. Разам з тым, паводле матэрыялаў яго асабістай справы, у перыяд адбыцця пакарання Кучура неаднаразова накіроўваў скаргі ў парадку нагляду аб незаконным асуджэнні ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь і Генеральную пракуратуру (апошні раз - у чэрвені 2016 г.). Усяго Кучурам накіравана 16 такіх скаргаў.

З улікам выкладзенага рашэннем камісіі ПК-15 ад 10.10.2017 Кучуру абгрунтавана адмоўлена ў прадстаўленні да інстытутаў датэрміновага вызвалення ад пакарання».

Можа быць, не 17 дысцыплінарных спагнанняў, а 16 наглядных скаргаў асуджанага з'яўляюцца прычынай для адмовы яму ў УДВ?

Нагадаем, у 2004 годзе мінчук Пётр Кучура быў арыштаваны ў сувязі з забойствам дзяржінспектара камітэта па ахове жывёльнага і расліннага свету і прыцягнуты да адказнасці за гэта забойства. Як кажа жонка асуджанага, уся яго «віна» заключалася ў тым, што апынуўся ў найбліжэйшым да месца забойства дачным пасёлку, і, паколькі сам з'яўляецца паляўнічым, у хаце была зарэгістраваная стрэльба. «Яго датычнасць да забойства не даказаная. Матэрыялы справы кажуць пра адваротнае», - нагадвае Людміла Кучура.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства