Андрэй Бяляўскі абскарджвае прысуд за захоўванне аднаго патрона
Былы фігурант справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Андрэй Бяляўскі падаў апеляцыйную скаргу на прысуд Ленінскага раённага суда Мінска, які пакараў яго адным годам “хатняй хіміі” за захоўванне аднаго патрона.
Бяляўскі і яго адвакат лічаць, што год абмежавання волі, хоць і без накіравання ў папраўчую ўстанову, пры прызнанні віны і пры раскаянні, якія мусяць змягчыць віну, - гэта вельмі жорсткае і неадэкватнае ўчынку пакаранне.
Разгляд апеляцыйнай скаргі ў Мінскім гарадскім судзе прызначаны на 27 сакавіка.
Нагадаем, Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу - "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках" і арт. 287 Крымінальнага кодэкса - “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 293 КК. Падчас ператрусу адразу пасля затрымання ў яго быў знойдзены спраўны патрон.
Як толькі напрыканцы лістапада Следчы камітэт спыніў справу "Аб незаконным узброеным фармаванні", у адносінах Бяляўскага была заведзена новая справа – аб захоўванні боепрыпаса (ч.2 арт.295 КК РБ). 12 снежня Следчы камітэт прад’явіў маладому чалавеку абвінавачванне, а роўна праз месяц, 12 студзеня, у судзе Ленінскага раёна быў агучаны прысуд па гэтай справе. Суддзя Марына Запаснік прызнала Бяляўскага вінаватым па ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса («Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў”) і прызначыла пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").
Менавіта такое пакаранне запрасіў напярэдадні пракурор Аляксей Кісляк. Адвакат, у сваю чаргу, настойваў на тым, што захоўванне патрона не можа насіць вялікай грамадскай небяспекі, і прасіў прымяніць больш мяккае пакаранне праз ужыванне арт. 70 Крымінальнага кодэксу, то бок прызначыць пакаранне, якое ніжэй за мінімальнае (напрыклад, штраф).