У Брэсце і Бярозе пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне блогерам

2018 2018-02-23T09:00:40+0300 2018-02-23T09:05:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/piatruhin-kabanau-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Відэаблогер з Брэста Сяргей Пятрухін 22 лютага быў выкліканы ў гарадскую пракуратуру, а яго калега Аляксандр Кабанаў напярэдадні наведаў пракуратуру Бярозаўскага раёна.

Як паведаміла служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", у абодвух выпадках ад блогераў запатрабавалі тлумачэнняў наконт абставінаў, звязаных “з парушэннем заканадаўства аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў”. Нагодай стала анлайн-трансляцыя з удзелам Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна, дзе яны агучылі свае планы выйсці 25 лютага на цэнтральную плошчу Брэста, калі мясцовыя ўлады не прымуць рашэнне аб спыненні будаўніцтва акумулятарнага завода ў горадзе.

У выніку блогеры атрымалі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння палажэнняў Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, якія падпісалі адпаведна пракурор Брэста Іван Чайчыц і пракурор Бярозаўскага раёна Аляксандр Круцько.

Як паведаміў службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аляксандр Кабанаў, улады адмаўляюцца сустракацца з жыхарамі горада, каб выслухаць іх меркаванне наконт будаўніцтва акумулятарнага завода, а таксама ігнаруюць ініцыятыву людзей, якія прапануюць правесці паўнавартаснае грамадскае абмеркаванне гэтай будоўлі (пад адпаведным зваротам ужо сабрана амаль 37 тысячаў подпісаў).

У сваю чаргу Сяргей Пятрухін лічыць, што папярэджанне пракуратуры ёсць спробай ціску на ўсіх актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарага завода. Ён дадаў, што пасля таго, як выходзіў з пракуратуры да яго падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і апыталі наконт яшчэ аднаго відэасюжэту, зробленага ў Пінску і таксама прысвечанага тэме вытворчасці акумулятараў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства