viasna on patreon

Генадзь Фядыніч: Ідзе грубае і непрыкрытае ўмяшальніцтва ва ўнутранныя справы РЭПа Дакумент

2018 2018-01-23T15:31:56+0300 2018-01-23T16:01:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fiadynich_g.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Фота ПЦ "Вясна"

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Фота ПЦ "Вясна"

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” сітуацыю з масавымі допытамі сябраў арганізацыі Следчым камітэтам, якія адбываюцца апошнім часам.

23 студзеня прафсаюз РЭП выступіў з адпаведнай заявай, якую накіраваў не только ў Генеральную пракуратуру Беларусі, але і ў Міжнародную арганізацыю працы (МАТ), Міжнародныя прафсаюзныя аб’яднанні і ўсім зацікаўленым.

“У апошні час па просьбе Следчага камітэта Мінску масава пачалі выклікаць сябраў прафсаюза і актывістаў у следчыя камітэты абласных і раённых цэнтраў. Па нашых падліках на дадзены момант было выклікана больш за 90 чалавек.

Мы лічым, што гэты ціск у першую чаргу на сябраў арганізацыі для таго, каб дыскрэдытаваць працу прафсаюза і яго кіраўніцтва, і каб у выніку прафсаюз збавіў абароты ў сваёй актыўнасці па абароне сваіх сябраў”, - адзначае Генадзь Фядыніч.

Ён мяркуе, што такога ў навейшай гісторыі Беларусі яшчэ не было: каб столькі людзей было апытана следчымі, якія зусім не маюць дачынення да сфабрыкаванай крымінальнай справы, распачатай супраць яго і Ігара Комліка.

“Я спадзяюся, што мы разам з міжнароднымі прафсаюзнымі арганізацыямі выпрацуем цэлы шэраг канкрэтных мерапрыемстваў, якія дазволяць нам устанавіць законнасць і спыніць гэтую крымінальную справу.

Варта адзначыць, што зараз ідзе такое грубае і непрыкрытае ўмяшальніцтва ва ўнутранныя справы прафсаюза: следчы камітэт тыдні тры назад запрасіў у нас поўныя спісы чальцоў – з самага пачатку дзейнасці да цяперашняга часу – з усімі выходнымі даннымі: тэлефонамі, месцамі працы і пражывання людзей. Безумоўна, мы сказалі, што на такі запыт мы не можам даць адказ, бо гэта ўнутраная інфармацыя прафсаюза і ў нас ёсць цэлы шэраг падставаў, каб не даваць такую інфармацыю”, – падкрэслівае старшыня прафсаюза РЭП.

Аднак, на думку Генадзя Фядыніча такія дадзеныя маглі быць узятыя з тых камп’ютараў, якія былі канфіскаваныя ў іх падчас вобшукаў 2 жніўня мінулага года і дагэтуль не вернутыя.

“Ці ўлада не разумее, што парушэнне правоў чалавека, правоў прафсаюзаў – гэта не тое, на што сёння можна заплюшчыць вочы?

Міжнародныя арганізацыі безумоўна адрэагуюць на гэта, якім менавіта чынам – пабачым у вельмі хуткім часе. Але я лічу, што крымінальная справа супраць прафсаюзу РЭП не дасць магчымасці павялічыць тыя інвестыцыі, якія чакае ўрад, і тыя праекты, якія вельмі неабходныя для эканомікі Беларусі.

І адказнасць за гэта будуць несці і ўлада, і тыя людзі, якія зараз вядуць гэтую крымінальную справу”, - адзначыў ён.

Нагадаем, раніцай 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комліка.

Затым было абвешчана, што ў дачыненні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу – “ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”.

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не збіраюцца.

Генадзь Фядыніч: Ідзе грубае і непрыкрытае ўмяшальніцтва ва ўнутранныя справы РЭПа

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства