viasna on patreon

«Молісься, каб толькі нічога зь ім ня здарылася», — жонка асуджанага на 18 гадоў менчука-інваліда

2018 2018-01-07T18:47:00+0300 2018-01-07T19:08:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchura_liudmila_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура, жонка асуджанага Пятра Кучуры / svaboda.org

Людміла Кучура, жонка асуджанага Пятра Кучуры / svaboda.org

Новы 2018-ы стаў чатырнаццатым годам, які сям’я асуджанага Пятра Кучуры сустракае без свайго мужа ды бацькі. 62-гадовы мянчук мае нямала набытых на зоне хранічных захворваньняў, групу інваліднасьці па сэрцы, і штодня мусіць прымаць жменю мэдыкамэнтаў. Асуджаны на 18 гадоў турмы, ён не прызнае сябе вінаватым, піша “Свабода”.

Каля двух гадоў таму ў вязьня Магілёўскай калёніі № 15 зьявіліся законныя падставы для хадайніцтва аб замене рэжыму на больш мяккі і аб датэрміновым вызваленьні. Аднак усе спробы скарыстацца гэтым інстытутам у яго, ужо немаладога і хворага чалавека зь вельмі цьмянай ды заблытанай крымінальнай справай, так і застаюцца беспасьпяховымі.

Ня ў тым месцы і ня ў той час

Трагедыя, якая падзяліла іх жыцьцё на «да» і «пасьля», здарылася ў сьнежні 2004-га. Пётра Кучура, якому тады яшчэ не было і пяцідзесяці, раней ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, лічыўся добрым сем’янінам ды выдатным работнікам — кіроўцам-дальнабойшчыкам.

Сям'я Кучураў, архіўнае фота / svaboda.org
Сям'я Кучураў, архіўнае фота / svaboda.org

У той позьні зімовы вечар ён, заўзяты паляўнічы, апынуўся, як той казаў, ня ў тым месцы і ня ў той час. А менавіта ў лесе ля вёскі Масьцішча, што ў Дзяржынскім раёне. Менавіта там падчас паляваньня Пятра быў некім застрэлены дзяржаўны інспэктар аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Мікалай Гурын.

Як вынікае з крымінальнай справы Пятра Кучуры, чыноўнік быў у лесе не адзін, а са знаёмымі яму людзьмі. У матэрыялах таксама ёсьць канкрэтныя імёны. Напачатку некаторыя нават былі ў ліку падазраваных. Але ж сьледзтва ды суд прызналі вінаватым менавіта Пятра — у наўмысным забойстве. Маўляў, Кучура меў матыў забіць дзяржінспэктара, каб пазьбегнуць затрыманьня і прыцягненьня да адказнасьці за незаконнае паляваньне.

Адвакат ды экспэрты ўбачылі нямала нестыковак у доказах сьледчых. Напрыклад, што тычыцца фатальнага стрэлу. Калі зыходзіць з траекторыі палёту сьмяротнай кулі, то абвінавачанаму Пятру Кучуру ў мэтах забойства канкрэтнай асобы трэба было б у цемры залезьці на верхавіну дрэва і толькі адтуль страляць па жывой мішэні.

«Дзіўных» момантаў у некалькіх тамах крымінальнай справы можна знайсьці нямала. Напрыклад, куртка загінулага са сьлядамі крыві ды кулі. Нават на фота, пададзеных ў справе, ёсьць несупадзеньні. Розны малюнак на камуфляжы, розны фасон (з каўняром і без).

Фота Людмілы Кучура / svaboda.org
Фота Людмілы Кучура / svaboda.org
Фота Людмілы Кучура / svaboda.org
Фота Людмілы Кучура / svaboda.org

Адвакатка не пакінула па-за ўвагай і перайначаныя аўтаматы дзяржінспэктараў — загінулага Мікалая Гурына і другога, які быў выпадкова выяўлены на месцы трагедыі і некаторы час лічыўся падазраваным. У абодвух былі замененыя магазіны. Выглядала, што нехта па «гарачых сьлядах» разьбіраў зброю. Да таго ж на зброі былі пражэктары, якія выкарыстоўваюць выключна браканьеры.

Фота Людмілы Кучура / svaboda.org
Фота Людмілы Кучура / svaboda.org

Больш за тое, з матэрыялаў крымінальнай справы зьніклі знойдзеныя на месцы здарэньня кулі, а таксама розныя прызначэньні на судова-балістычную ды судова-крыміналістычную экспэртызу. Усе гэтыя довады ўлічаныя не былі.

Празь нейкі час гучная справа трапіла ў цэнтар увагі як апазыцыйных, так і дзяржаўных СМІ. Аўтар грунтоўнага журналісцкага расьсьледаваньня «Тайна смяротнага стрэлу» Леанід Юнчык зьвярнуўся з шэрагам пытаньняў да адказных прадстаўнікоў юстыцыі, але выразнага тлумачэньня так і не атрымаў.

«Усе яны думалі: сям’я звычайнага кіроўцы, што яны могуць...»

За 13 гадоў зьняволеньня Пётра Кучура зьмяніў некалькі турэмных устаноў. Цяпер яго ўтрымліваюць у папраўчай калёніі № 15 у Магілёве.

Жонка Пятра ўсе гэтыя гады рэгулярна і беспасьпяхова наведвае розныя высокія інстанцыі, спрабуючы аспрэчыць несправядлівы, як яна лічыць, вырак мужу. У 2009-м напісала ліст Аляксандру Лукашэнку, дзе выказала думку пра тое, што датычным да гэтай справы мог быць адзін высокі беларускі чыноўнік. Менавіта ён наведаў яе мужа неўзабаве пасьля трагедыі ў камэры ізалятару часовага ўтрыманьня (насуперак закону) і ўсяляк пераконваў яго ўзяць віну на сябе.

Людмілa Кучура / svaboda.org
Людмілa Кучура / svaboda.org

«Усе яны думалі пра нас: сям’я звычайнага кіроўцы, што яны могуць бяз сувязяў — вядома, будуць маўчаць, — лічыць Людміла. — Ніхто не чакаў, што мы будзем змагацца за нашага мужа і бацьку».

Паводле жонкі, на сям’ю аказваўся ціск. Сыну, выдатніку вучобы, на дзяржаўных іспытах паставілі двойку бяз права пераздачы ды атрыманьня дыплёма. Праз год, праўда, правы аднавілі.

«Калі Пятру сядзець да „званка“, то засталося чакаць чатыры гады. Кожны дзень хвалююся: а раптам? Малюся, каб толькі нічога ня здарылася», — кажа жанчына, у якой за час адседкі мужа і ў самой зьявілася шмат праблемаў са здароўем. Пра маральныя траўмы ўвогуле лішне казаць.

Права на замену неадбытага пакараньня

Летась у красавіку, пасьля таго, як асуджаны пэнсіянэр адбыў дзьве траціны тэрміну пакараньня, ён атрымаў фармальнае права на замену неадбытай часткі пакараньня на больш мяккае (ЗПБМ) і ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ад пакараньня (УДВ).

Інстытут умоўна-датэрміновага вызваленьня пачаў дзейнічаць у БССР з 1960 году. У Эўропе ж ён існуе з пазамінулага стагодзьдзя. Спэцыялісты-крымінолягі бачаць у ім праяву гуманізму, стымуляваньне асуджанага на выпраўленьне, адзін са спосабаў падтрыманьня парадку ў турэмных установах. У скандынаўскіх краінах, напрыклад, толькі адзінкі адбываюць цалкам прызначаны судом тэрмін рэальнага пазбаўленьня волі. Рэцыдывы, вядома ж, здараюцца, але, каб мінімізаваць іх, зразумець, ці ня схільны асуджаны паўтарыць злачынства, вялікае значэньне надаецца так званай комплекснай ацэнцы асобы. Улічваюцца самыя розныя моманты: маральнае аблічча, якасьці асобы, паводзіны, датурэмнае мінулае — як і чым жыў чалавек да ўчыненьня злачынства.

У Беларусі, як вынікае з артыкулу 116 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, ступень выпраўленьня асуджанага вызначаецца «адміністрацыяй папраўчай установы па выніках атэстацыі асуджанага на падставе ўсебаковага вывучэньня ягонай асобы ў пэрыяд адбываньня пакараньня».

Чалавек павінен ня проста «стаць на шлях выпраўленьня», а «стаць цьвёрда», і каб гэта адпавядала «ўстойліваму імкненьню да правапаслухмяных паводзінаў» «са сфармаванай гатоўнасьцю весьці правапаслухмяны лад жыцьця».

Паводле жонкі, Пётра Кучура цягам апошніх 19 месяцаў тройчы падаваў заяву на ЗПБМ і УДВ. І, згодна з рашэньнем атэстацыйнай камісіі, усякі раз прызнаваўся асобай, якая «цьвёрда стала на шлях выпраўленьня». Але ж на этапе пасяджэньня іншай камісіі (па датэрміновым вызваленьні з удзелам начальніка калёніі і іншых прадстаўнікоў адміністрацыі) кожны раз высьвятлялася, што ён калі і стаіць на правільным шляху, то, відаць, ня так цьвёрда, як трэба, без «устойлівага імкненьня» і «сфармаванай гатоўнасьці».

На зварот Людмілы Качуры да кіраўніцтва калёніі абгрунтаваць адмову мужу ў датэрміновым вызваленьні прыйшоў адказ: асуджаны Кучура за ўвесь час адседкі атрымаў 17 дысцыплінарных спагнаньняў. Хоць, паводле дзейных правілаў, кожнае спагнаньне ў турэмнай установе гасіцца цягам году. Калі не, дык зьняволенага проста не дапускаюць на атэстацыйную камісію. Паводле Людмілы, яна так і не атрымала адказу з калёніі, якія непагашаныя парушэньні былі ў мужа.

Брак і ня брак

Адрозна ад эўрапейскай практыкі, дзе колькасьць вызваленых па УДВ штогод павялічваецца, у Беларусі маецца адваротная тэндэнцыя. Начальнік аддзелу нагляду за законнасьцю выкананьня крымінальных пакараньняў Генпрокуратуры Юры Гарошка лічыць пасьлядоўнае скарачэньне выкарыстаньня інстытуту ўмоўна-датэрміновага вызваленьня «нармальнай практыкай» праз «брак», закладзены пры ўжываньні гэтага інстытуту яшчэ з савецкіх часоў.

Людміла Кучура кажа, што за час зьняволеньня мужа яна пазнаёмілася зь немалой колькасьцю яго былых сукамэрнікаў ды сулягернікаў. Пасьля вызваленьня гэтыя людзі вярнуліся ў свае сем’і. Яны працуюць, зарабляюць, выхоўваюць дзяцей. Абсалютная большасьць адбыла тэрміны за кратамі цалкам, бо ва «ўмоўна-датэрміновым вызваленьні» ды «замене рэжыму» ім было адмоўлена. Усе, хто сядзеў разам зь Пятром (у Людмілы ёсьць іхныя імёны) казалі, што карыстаюцца гэтым інстытутам пераважна тыя, хто «бліжэй да адміністрацыі калёніі», або тыя, хто падчас адседкі «баіцца ўзьняць галаву пры сустрэчы начальства».

Адзінае выключэньне з тых яе знаёмых, хто не адседзеў прызначаны тэрмін цалкам, гэта хіба Аляксандар Буд-Гусаім. Як і Пётра Кучура, ён апынуўся «не на тым» паляваньні. За забойства егера са зброі, зь якой, паводле экспэртызы, не было зроблена аніводнага стрэлу, Аляксандра асудзілі на пажыцьцёвае. Праз 15 гадоў ён, аднак, выйшаў на волю. Вярхоўны Суд вымушаны быў палічыць прызначаны яму рэжым занадта жорсткім і замяніў яго на больш мяккі. Апошнія пару гадоў Аляксандар правёў на «хіміі». Сёлета ў красавіку памёр — ня вытрымала сэрца. Людміла Кучура кажа, што ведае не адзін такі выпадак, калі нестарыя яшчэ мужчыны паміралі неўзабаве пасьля вызваленьня.

Вялікія паўнамоцтвы і вялікія злоўжываньні

Паводле юрыста Беларускага Хэльсынскага камітэту, а ў мінулым адваката зь вялікай практыкай Тамары Сідарэнкі, ёй з калегамі «вельмі няпроста» разабрацца ва ўсіх тэрміналягічных нюансах, згодна зь якімі адным асуджаным даюць УДВ ці замену рэжыму, а іншым — не.

Тамара Сідарэнка / svaboda.org
Тамара Сідарэнка / svaboda.org

«Рашэньні наконт таго, „хто і зь якой цьвёрдасьцю стаіць“ належаць да вельмі ацэначных рэчаў, тых момантаў, якія адкрываюць розныя магчымасьці для свавольства, — лічыць Тамара Сідарэнка. — Напрыклад, не падабаецца асуджаны адміністрацыі, дык ён так і ня выйдзе раней прызначанага судом тэрміну. Тым больш калі паспрабуе пісаць скаргі. Дысцыплінарныя спагнаньні могуць навесіць за што заўгодна. За той жа незашпілены гузік, напрыклад. Калі ўзяць Кучуру, то, як выглядае, падставы для атрыманых ім 17 дысцыплінарных пакараньняў зьвязаны з агучваньнем у СМІ дэталяў ягонай справы або ўтрыманьня за кратамі. А таксама з актыўным ліставаньнем ягонай жонкі з дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў, МУС, пракуратурай ды яе рэгулярнымі паходамі ў гэтыя структуры».

Паводле Тамары Сідарэнкі, Людміла паказвала ёй пэрсанальную картку Пятра зь ягонай самай першай калёніі. Напачатку там былі нават падзякі ад адміністрацыі. Потым, калі адвакатка напісала наглядную скаргу, у якой не пагаджалася з прысудам падабароннага, на Пятра пасыпаліся самыя розныя спагнаньні.

«Нікога не хвалюе ані пэнсійны ўзрост чалавека, ані ягоная інваліднасьць, ані іншыя хваробы, — кажа спадарыня Сідарэнка. — Да нас раней паступіў ліст ад асуджанага за забойства, які сядзеў за кратамі шмат гадоў і пакутаваў на цяжкую форму сухотаў. Згодна зь беларускім заканадаўствам, у яго было фармальнае права хадайнічаць пра ўмоўна-датэрміновае, паколькі ён правёў за кратамі неабходны для гэтага тэрмін. Да таго ж у яго было цяжкае невылечнае захворваньне — ён літаральна не выходзіў з турэмнага шпіталю. Нядаўна мы даведаліся, што хворы так і памёр за кратамі».

Праваабаронцы кажуць, што калёнія — гэта вельмі закрытая тэрыторыя, дзе начальнік — «бог і цар». Тут і вельмі вялікія паўнамоцтвы, і злоўжываньні. У тым ліку і ў пытаньнях, што тычацца УДВ і ЗПБМ. Зьняволеных, якія прэтэндуюць на датэрміновае вызваленьне, не запрашаюць на паседжаньне камісіі — яны вымушаныя знаёміцца з рашэньнем пастфактум. Скарыстацца правам абскардзіць рашэньне таксама ня могуць.

«Людзі элемэнтарна ня ведаюць, каму і куды пісаць, парадак абскарджаньня ім ніхто не тлумачыць, адвакацкія ж паслугі большасьці вязьняў не па кішэні, — працягвае юрыстка БХК Тамара Сідарэнка. — Вось і пішуць або прэзыдэнту, або ў ААН. Асабіста мне ўвогуле невядомыя выпадкі, каб чалавек спрачаўся з камісіяй наконт яго атэстацыі. Мы ведаем як, на жаль, ставяцца ў любой калёніі да ўсякіх скаргаў.

Што рабіць у падобнай сытуацыі? Крычаць, змагацца за справядлівасьць ці, наадварот, маўчаць, каб не было горш?

Людміла Кучура — за першы шлях. Яна змагаецца за мужа, шуміць. І гэта, лічыць Тамара Сідарэнка, безумоўна, мае для яго як асуджанага сур’ёзныя наступствы. Але ж трэба зразумець і жанчыну, на месцы якой не захацеў бы апынуцца ніхто.

Чытаць артыкул цалкам

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства