viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: “Дзед”

2017 2017-11-20T16:40:19+0300 2017-11-20T16:46:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 лістапада 1992 года, роўна 25 гадоў таму, я дэмабілізаваўся з войска. Гэта быў адзін з самых шчаслівых дзён у маім жыцці. Я быў неверагодна шчаслівы, што нарэшце вырваўся з гэтага вар’яцкага дому. Шмат чаго там было, і не пра ўсё зараз хочацца ўзгадваць. Казаць пра сябе ў ролі ахвяры цяжка, але гэта, прынамсі, выклікае спачуванні навакольных. Казаць пра свае нягожыя ўчынкі значна цяжей, бо тое, што ты зрабіў, выклікае толькі заслужанае асуджэнне і абурэнне.

stefanovich-02.jpg

Iзноўку стаю на школьным ганку. Дзіўна, што робіць тут летам яна? Ды і я, здаецца, ужо не вучуся. Але якая розніца. Гэта яна. Колькі дзён я вось так чакаў яе на ганку школы пасля заняткаў, каб у чарговы раз не наважыцца загаварыць, моўчкі глядзець  ёй услед. Што той сабака. Не, так болей не магчыма! Я мушу, мушу сказаць ёй, прызнацца ў тым, што безнадзейна і даўна закаханы ў яе.

Света! Пастой калі ласка, мне трэба сказаць табе адну рэч…

Яна спынілася і паглядзела на мяне сваімі вялікімі і чамусьці заўсёды крыху сумнымі шэрымі вачыма. О божа, гэты позірк! Я быў заўсёды такі шчаслівы, калі выходзіла злавіць яго на сабе!

 -- Уставай, Стэфан! Палева! Шакалы ўжо  тут! – раптам басам крычыць мне ў твар Света.

Расплюшчыўшы вочы, я бачу перад сабой усхваляваны твар дзяжурнага па роце Храшча. Пару секундаў я не магу зразумець, дзе я і хто я.

-- Падымайся, Шарамет прыпёрся. Патрабуе, каб увесь нарад падняў. Вунь, чуеш, начальніка змены ўжо трахае ў калідоры!

Бляць, я ж у нарадзе сення. Паступова вяртаюся ў рэчаіснасць. Перада мной ізноўку цёмна-зялёная фарба казенных сцен і ніякай Светы.

-- А што ён раве?

-- Ды Емяльяна не знайшоў на пасту, прыехаў уночы са старшыной службу праверыць, пайшоў на пост, а Емяльяна з аўтаматам там не знайшоў. Знік Емяльян. ЧП, карацей, у нас!

Апрануўшыся, я выйшаў у калідор казармы, яркае святло на хвіліну асляпіла мяне. На калідоры стаялі намеснік камандзіра часткі капітан Шарамет, старшына прапаршчык Нядзелька і начальнік змены прапаршчык Волчанка. Шарамет равеў на Валчару, але, ўбачыўшы мяне, імгненна перавёў свой гнеў:

--Тащ солдат! Почему спим, а?

Не мая змена, дык і сплю, таварыш капітан.

-Знаю я вас, сволочей непорядочных. Молодого всю ночь на посту стоять заставили? Да, товарищи старослужащие? Да, Лось? Так было?

Трэці ў нарадзе, Лось, аказваецца, таксама спаў у Ленінскім пакоі на зэдліках замест таго, каб стаяць на “тумбачцы”.

-- Распоясались тут! Где ваш молодой? А? Где часовой с автоматом, я вас спрашиваю? Может он, бля, уже пулю себе в лоб пустил или по городу где бегает?

-- Таварыш капітан, мы тут прычым? Мы ўсе кожны па сваёй змене на пост заступалі. Ніхто яго не прымушаў усю ноч стаяць, -- пачаў было апраўдвацца Лось.

-- Молчать! Бегом на пост, ищите по всей точке! Даю вам пять минут, не найдёте -- подымаю всю точку по тревоге. Бегом, тащ солдаты! Бегом!

Усе ўтрох мы выскачылі з казармы і разбегліся ў розныя бакі “кропкі”. Я пабег на пост. На вуліцы стаяла ціхая летняя ноч, ужо світала, і трава была мокрая ад ранішняй расы.

-- Емяльян! Емяльян! –гучна крыкнуў я. На пасту было ціха і ніякіх слядоў часавога.

Емяльян прыйшоў да нас на “Дазор” у пачатку лета з вучэбкі. Быў ён невялікага росту, худзенькі хлопец. Пашанцавала яму, думаў тады я. Прыйшоў, калі самыя лютыя дзяды увесну дэмбельнуліся. Не застаў ён украінцаў Шыранта і старэйшага сяржанта Наскова. Вось дзе садысты сапраўдныя былі. Наш прызыў, на паўгады маладзейшы, куды лепшы. Як мы дзядамі сталі, для нас галоўнае было, каб працу маладыя рабілі. Усялякія вычварэнствы ў выглядзе начных пад’ёмаў, адцісканняў і збіцця без прычыны мы не практыкавалі. Лось -- “асноўны” з нашага прызыву. Як чарпакамі былі, ён за малых заступаўся некалькі разоў, калі Наскоў зусім бясчынстваваў. Але вось узбекаў з каўказцамі дужа ён не любіў і калаціў іх пры нагодзе. З-за яго мы раз з каўказскім зямляцтвам сценка на сценку зышліся. Іх болей было і яны нас добра аддубасілі, але потым хадзілі рукі нам паціскалі: “Маладэц Дазор, настаяшчы джыгіт”. Мабыць запаважалі,  хоць і ў двая меней нас было, славянаў, але не пабаяліся ў бойку лезці. Што да мяне, дык я маладых наогул не чапаў. Ніколі я гвалту не любіў.

-- Емяльян! -- яшчэ гучней ад адчаю крычаў я. Замест адказу пачуўся працяглы вой сірэны. “Дазор” паднялі па трывозе.

Цяпер уся кропка будзе таго Емяльяна шукаць, падумаў я. Не паспіце вы сёння, мужыкі. Хоць бы, праўда, чаго з сабой не нарабіў благога. Ды і з чаго? Ніхто ж, здаецца, яго не чмарыў, ды здзекі не чыніў. А можа я не бачыў чаго? Затое во кірзач нейкі, што тырчыць з-пад “Урала”, бачу. Я імгненна нахіліўся і зазірнуў пад машыну. Там, укрыўшыся шынялём, у абдымку з аўтаматам салодка спаў Емяльян.

Я асцярожна выцягнуў з-пад соннага ягоны аўтамат, перадзёрнуў затвор і паставіў яго на засцерагальнік.

-- Пад’ём, воін! -- заравеў я яму ў твар. -- Пад’ём, падла! Ты ж на пасту спішь! З-за цябе ўвесь “Дазор” сярод ночы па лесе бегае, цябе шукае!

Емяльян прачнуўся і адразу залапатаў нешта неўцямнае спрасонку.

-- Пад’ём,  падла! Хадзем да Шарамета, будзеш яму дакладаць, як каравульную службу нясеш.

-- Таварыш капітан! Прабачце мяне, я не хацеў!

-- А, тащ солдат! Нашёлся! Это они тебя всю ночь стоять заставили, да, Емельян? Лось со Стефановичем?

-- Не, не, я ў сваёй змене быў! Таварыш капітан, я…

-- Так. Всем отбой. Емельян, завтра в штаб, всему наряду отмена увольнений в город на месяц! Я вас, бля, научу службу нести! Непорядочные!

-- За што? Таварыш капітан? Мы тут прычым? -- паспрабаваў запярэчыць Храшч.

-- Тащ младший сержант! Пререкания в строю!  Лучше следите за нарядом в следующий раз!

-- Вось жа, “залёт” на роўным месцы! Скажы, Лось? – з крыўдай у голасе звярнуўся да Лася Храшч.

-- Ну бляць, Емяльян…, -- злобна сплюнуў праз зубы Лось.

-- А самае галоўнае, што мы і праўда яго стаяць болей чым паложана не змушалі. Усё па Статуце, – са скрухай сказаў я.

***

Ён стаяў пасярод сушыльні, нізка апусціўшы галаву. Ён разумеў, якая размова яго чакае. Уздоўж сцен стаялі Эдзік, Мірон і іншыя стараслужачыя.

-- Ну што, Емяльян, а, душара? Ты што, службу вырашыў заваліць? – злобна пытаўся ў яго Лось.

Емяльян маўчаў.

Унутры мяне чамусьці замест гневу і злосці ўздымаўся толькі жаль да гэтага няшчаснага хлопчыка. Аднак -- аднапрызыўнікі, аўтарытэт дзядоў, ад якога залежыць бестурботная і ненапружная служба стараслужачых. Усё гэта цяжка вытлумачальныя ў нармальным жыцці рэчы…

Лось не моцна, далонню рукі,  ўдарыў яго па твары. Я ведаў, куды біць, сам няраз паспытаўшы гэта ў свой час – у грудзі, плечы. Так, каб не было слядоў.

На наступны дзень Емяльян знік па-сапраўднаму. Ён уцёк з часткі і дамогся пераводу ў іншую. Ніхто асабліва і не разбіраўся, чаму. На агульным пастраенні капітан Шарамет спытаў, ці не крыўдзілі мы яго. Мы хорам адказалі, што не.

***

P.S. Праз 25 гадоў я сустрэў Лася. За гэты час ён стаў вернікам і бацькам дзесяці дзяцей. Ён вельмі шкадаваў і саромеўся гэтага выпадку. Мне таксама вельмі сорамна. Каб мог, я папрасіў бы прабачэння ў гэтага чалавека. Я ненавіджу гвалт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства