viasna on patreon

IV Беларускі праваабарончы форум вачыма сябраў аргкамітэта. Пасляслоўе Фота

2017 2017-10-24T19:13:10+0300 2017-10-24T19:25:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/argkamitet_hrd-forumu2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Закрыццё IV Беларускага праваабарончага форуму. Вільня, 22 кастрычніка 2017 г.

Закрыццё IV Беларускага праваабарончага форуму. Вільня, 22 кастрычніка 2017 г.

Прадстаўнікі арганізацый, якія ўваходзілі ў арганізацыйны камітэт IV Беларускага праваабарончага форуму, падчас закрыцця мерапрыемства падзяліліся сваімі ўражаннямі ад двухдзённай працы і чаканнямі адносна далейшай сумеснай дзейнасці.

Юрый Чавусаў, юрыст Асамблеі НДА

Юрый Чавусаў, Асамблея НДА

 “Я чакаў горшага, атрымалася вельмі добра.

Сёлета ўпершыню на Форуме тэмы паралельных мерапрыемстваў вызначаліся не аргкамітэтам, а ўдзельнікамі. На мой погляд, гэты фармат прадэманстраваў сваю эфектыўнасць: размаўлялі пра тое, што нам сапраўды цікава. Дыскусіі былі плённыя ў плане пастаноўкі пытанняў і праблемаў. Не на ўсе пытанні мы знаходзілі адказы. Але, на мой погляд, першы крок да вырашэння праблемы – яе агучванне, асэнсаванне. Гэты Форум шмат якія праблемы абазначыў, і я спадзяюся, што ў бліжэйшыя некалькі год мы будзем спрабаваць іх вырашаць.

Яшчэ лічу важным пазітыўным вынікам падтрымку этычных прынцыпаў як дакумента, які мае стратэгічнае значэння для развіцця ўсяго праваабарончага сектара і дэманструе добры прыклад для арганізацыяў, якія працуюць у іншых сферах. Дакумент этычнага самарэгулявання – паказчык спеласці гэтага сегмента грамадзянскай супольнасці”.

Раіса Міхайлоўская, старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра

Раіса Міхайлоўская, Беларускі дакументацыйны цэнтр

"Для мяне гэта быў лепшы Форум за час нашай дзейнасці.

Па-першае, відаць, што мы выраслі - як колькасцю, так і прафесійна. Пра гэта кажуць і тэмы праграмы Форуму. На паралельныя мерапрыемствы - хоць ты патройвайся - вельмі хацелася патрапіць ўсюды, настолькі яны грунтоўныя і змястоўныя. Яны паказваюць, што мы развіваемся ў розных напрамках і вельмі глыбока рыем.

Для мяне, паколькі наша арганізацыя займалася распрацоўкай этычных прынцыпаў праваабаронцаў, вельмі важна прыняцце іх усімі ўдзельнікамі Форуму. Вельмі хочацца, каб гэта быў аб’яднальны дакумент, каб нашая дзейнасць сапраўды адпавядала гэтым прынцыпам і дзякуючы гэтаму павялічылася эфектыўнасць працы праваабаронцаў, палепшыўся наш імідж у вачах грамадства.

Заклікаю ўсіх далучацца да гэтых прынцыпаў! Заклікаю да розных сумесных дзеянняў на аснове гэтых прынцыпаў! Вялікі ўсім дзякуй за працу!"

Вольга Смалянка, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend

Вольга Смалянка, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend

"Форум закрываецца, але праца, якую мы павінны рабіць, застаецца. І я хачу звярнуць увагу на тыя дакументы і тэмы, якія разглядаліся ў рамках нашага мерапрыемства.

Мы адзінагалосна прагаласавалі за Рэзалюцыю Форуму. У Рэзалюцыі ёсць частка, адрасаваная праваабарончай супольнасці, і мне вельмі хочацца, каб гэтыя рэкамендацыі не засталіся проста словамі на паперы, каб праваабарончая супольнасць займалася тым, што там прапісана - і правядзеннем сумесных праваабарончых акцый, і развіццём падыходаў, заснаваных на правах чалавека.

На Форуме было некалькі вельмі важных момантаў. Адзін з іх - абмеркаванне пытання аб тым, дзе мы будзем знаходзіцца праз пяць-дзесяць гадоў. Важна, каб гэтая дыскусія не засталася толькі тут і працягнулася ў Беларусі - у камунікацыі як адзін з адным, так і на агульных пляцоўках.

Хачу сказаць усім дзякуй за ўдзел!"

Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў

Андрэй Бастунец, Беларуская асацыяцыя журналістаў

“Літаральна пару дзён таму я знайшоў у Фэйсбуку пост спадара Стэфана Эрыксана, былога амбасадара Швецыі ў Беларусі, якога, мяркую, большасць удзельнікаў Форуму добра памятае і ўзгадвае самымі лепшымі словамі. Ён пісаў не пра нашую, а пра іншую канферэнцыю, якая адбывалася ў Рызе, і цытаваў іншага выступоўца, які аднак казаў пра тыя самыя рэчы, якія закраналі тут і мы. Той казаў пра новую палітыку несвабоды, з якой сутыкаемся мы цяпер, і называў час, у якім мы жывем, слізкім часам. І насамрэч я думаю, што гэта лепшае азначэнне сённяшняга дня. Можна страціць упэўненасць, можна страціць нават веру ў правы чалавека, бо мы бачым, што гэтая тэма ўсё далей і далей адыходзіць на другі план і іншыя пытанні зараз турбуюць і грамадства і дзяржаву.

Вельмі добра, што менавіта цяпер мы змаглі сустрэцца разам - магчыма, будзем больш устойліва сябе адчуваць у гэты “слізкі” час. Бо змаглі абмеркаваць тую сістэму каардынат, у якой мы жывем. І тыя дакументы, якія мы прынялі, у прыватнасці этычныя прынцыпы праваабарончай дзейнасці, яны гэтую сістэму каардынат таксама акрэсліваюць і фіксуюць. Добра, што мы на гэтай канферэнцыі закраналі пытанні сумеснай дзейнасці. І самае галоўнае – каб усё гэта не засталося тут у залі, каб мы маглі працаваць і далей, калі вернемся на радзіму, да чаго ўсіх і заклікаю”.

Тамара Сідарэнка, юрыст Камітэта

Тамара Сідарэнка, Камітэт "Салідарнасць"

"Цудоўна, што ўсе мы тут сабраліся. Думаю, гэты форум даў кожнаму штуршок - мы зразумелі, дзе мы знаходзімся і які час на двары. І вельмі хацелася б, каб помнікам гэтаму Форуму была нашая плённая праца".

Алесь Бяляцкі, старшыня ПЦ

Алесь Бяляцкі, Праваабарончы цэнтр “Вясна”

“У нас былі два дні напружанай працы – і час не прапаў дарэмна. Думаю, мы багата што атрымалі адзін ад аднаго, падпіталіся энэргіяй салідарнасці, адчулі падчас працоўных панэляў і   нефармальных сустрэчаў нашыя праблемы і тое, што, нягледзячы на тое, што мы розныя, мы роўныя і думаем прыкладна ў адным накірунку. Гэта вельмі важна.

Пастаўленыя пытанні надзвычай шырокія. Мы закранулі тое, на што на ранейшых форумах нам не хапала часу ці разумення, наколькі яно істотнае для нас. Думаю, усе атрымалі новыя думкі, ідэі, над якімі ёсць час падумаць. Прынамсі, я дакладна. Такія сустрэчы заўсёды даюць імпульсы для далейшай працы: разумееш, дзе ў цябе асабіста ці ў арганізацыі ўсё нармальна, а дзе трэба яшчэ прыкласці намаганні, каб палепшыць.  

Будзем спадзявацца, што наступны Форум правядзем у Беларусі і ў поўным складзе. Будзем спадзявацца, што гэтыя нашыя этапныя сустрэчы не ператворацца ў іншыя этапы. Вялікі дзякуй, сябры!”

Таццяна Рэвяка, прэзідэнт БДПЧ імя Барыса Звозскава

Таццяна Рэвяка, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

“Усё, што атрымалася падчас гэтага Форуму – нашая агульная заслуга. Калі штосьці не атрымалася – нашая агульная адказнасць. Давайце будзем дзейнічаць паводле прынцыпу “рыхтуй летам сані, а зімой калёсы”. Праз тры гады нас чакае пяты форум, і якім ён будзе – залежыць ад усіх нас”.

Фота: Ірына Арахоўская, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, ПЦ "Вясна"


IV Беларускі праваабарончы форум праходзіў 20 – 21 кастрычніка ў Вільні і сабраў прадстаўнікоў 29 беларускіх праваабарончых арганізацый, НДА, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончы кампанент, праваабаронцаў, якія дзейнічаюць у індывідуальнай якасці, экспертаў, замежных і міжнародных партнёраў для абмеркавання актуальнага парадаку дня і вызначэння прыярытэтаў для далейшай працы і развіцця праваабарончага сектару краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства