Да парламенцкіх слуханняў па пытанні смяротнага пакарання дэпутаты не гатовыя

2017 2017-10-10T12:20:20+0300 2017-10-10T12:20:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gujvik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня парламенцкай камісіі па заканадаўстве Наталля Гуйвік. Фота: house.gov.by

Старшыня парламенцкай камісіі па заканадаўстве Наталля Гуйвік. Фота: house.gov.by

Беларусь рухаецца да адмены пакарання смерцю, але адбываецца гэта занадта павольна. Такое меркаванне выказаў БелаПАН каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда з нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.

Напярэдадні Еўрасаюз і Савет Еўропы ў чарговы раз заклікалі Беларусь — адзіную ў Еўропе краіну, дзе ўсё яшчэ прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды, увесці мараторый на пакаранне смерцю.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі было пакарана больш за 400 чалавек, толькі адзін з асуджаных да смяротнай кары быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

Як адзначыў Андрэй Палуда, на працягу апошніх дзесяці гадоў чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, але калі гэтае пытанне будзе вырашанае — сказаць складана. У той жа час, паводле ацэнкі эксперта, можна казаць пра станоўчую тэндэнцыю.

"Пытанне аб прымяненні пакарання гучыць, у тым ліку, з вуснаў чыноўнікаў, дэпутатаў. Мы, праваабаронцы, арганізуем тыдні супраць смяротнага пакарання (сёлета такая акцыя праходзіць з 5 па 10 кастрычніка. — БелаПАН.), праводзім шмат мерапрыемстваў, у тым ліку буйных і публічных. Нам ніхто не перашкаджае — гэта таксама свайго роду індыкатар", — лічыць Палуда.

Ён звярнуў увагу на эмацыйны складнік праблемы.

"Калі адбываюцца рэзанансныя злачынствы, настроі паварочваюцца ў бок аргументаў за прымяненне смяротнай кары. Калі выказваецца больш аргументаў супраць яе правядзення, калі людзі даведаюцца больш інфармацыі, рэакцыя становіцца спакайнейшай. Гэта добра, калі людзі абмяркоўваюць пытанне. Гэта азначае, што наша грамадства робіцца ў нейкай ступені спелым", — адзначае Палуда.

Меркаваць аб тым, наколькі ўлады саспелі да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, паводле слоў каардынатара праваабарончай кампаніі, "дастаткова складана", бо "рыторыка ў іх адна, а дзеянні — іншыя".

Між тым старшыня камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Наталля Гуйвік, сябра створанай у беларускім парламенце рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, сцвярджае, што група схіляецца да ўвядзення мараторыя.

"Меркаванні супадаюць практычна ва ўсіх, хоць адразу пасля стварэння рабочай групы яны не супадалі. Я заўсёды казала, што з'яўляюся прыхільнікам увядзення мараторыя на выкананне прысудаў", — адзначыла дэпутат у каментары БелаПАН.

Яна нагадала, што з моманту правядзення ў Беларусі рэферэндуму, на якім беларусы выказаліся за захаванне смяротнага пакарання, прайшло ўжо больш за 20 гадоў.

"Цэлае пакаленне памянялася. Думаю, грамадства павінна адрэагаваць. Па лічбах я ведаю, што меркаванні па гэтым пытанні дзеляцца ўжо 50 на 50 працэнтаў, хоць раней амаль 80% былі за смяротнае пакаранне", — сказала Гуйвік.

"Мы працуем з людзьмі, цікавімся грамадскай думкай, сустракаемся з моладдзю і працоўнымі калектывамі. Афіцыйнага апытання грамадскай думкі яшчэ не рабілі, проста выязджаем з рабочай групай сумесна з міжнароднымі экспертамі на чале з паслом Вялікабрытаніі Фіёнай Гіб", — распавяла дэпутат.

Наталля Гуйвік, якая ўваходзіць у цэнтральны савет Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў, прапанавала ўключыць у план работы гэтай арганізацыі на 2018 год вывучэнне пытання аб прымяненні смяротнай кары з усімі членамі саюза.

"Я прапанавала паставіць на абмеркаванне тры пытанні: ці патрэбнае смяротнае пакаранне і хто за яе выступае; хто падтрымлівае адмену смяротнага пакарання; хто выступае за ўвядзенне мараторыя на выкананне прысудаў на пэўны тэрмін", — паведаміла дэпутат.

Што тычыцца парламенцкіх слуханняў па пытанні прымянення смяротнай кары, то, паводле слоў Наталлі Гуйвік, яны пройдуць "не раней чым у канцы 2018 года, а магчыма, і ў пачатку 2019-га". "Рабочая група яшчэ павінна сабраць інфармацыю, пакуль дакладаць няма чаго", — патлумачыла дэпутат.

"Але мы паставілі перад сабой задачу давесці гэтае пытанне да канца, — падкрэсліла Гуйвік. — Калі мы гэтага не зробім, то ў парламенце наступнага склікання зноў будзе стварацца рабочая група, зноў будзе ўсё па-новаму. Марна працаваць нельга. Вынік рабочай групы я бачу ў правядзенні парламенцкіх слуханняў".

Варта зазначыць, што, выступаючы ў ліпені гэтага года на 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка заявіў: Беларусь "чуе заклікі сусветнай супольнасці" і паступова прыйдзе да адмены практыкі прымянення смяротнага пакарання.

Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне можа стаць першым крокам на шляху ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы. У 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, але ў 1997-м быў пазбаўлены яго пасля рэферэндуму, які захаваў смяротную кару.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства