Хто кампенсуе шкоду ад ўтрымання пад вартай Арцёму Леўчанку?
На прыканцы чэрвеня актывіст “Маладога фронта” Арцём Леўчанка накіраваў заяву ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі аб кампенсацыі шкоды за ўтрыманне яго пад вартай.
КДБ перанакіраваў заяву ў Следчы камітэт, спаслаўшыся на тое, што справа была перададзена ў СК для вядзення далейшай вытворчасці.
Аднак, як вынікае з адказу дзяржоргана, абавязак прыняцця мер па кампенсацыі фізічнай, маёмаснай і маральнай шкоды, прычыненай грамадзяніну ў выніку незаконнага затрымання і ўтрымання пад вартай, кладзецца на орган, які вядзе крымінальны працэс.
Следчы камітэт адзначае, што заключэнне пад варту і рашэнне аб спыненні ў дачыненні да Арцёма Леўчанкі крымінальнага пераследу па падазрэнні яго ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, ажыццяўлялася і прымалася органамі дзяржаўнай бяспекі ў рамках расследавання крымінальнай справы. У вытворчасці Следчага камітэта азначанае крымінальная справа не знаходзіцца.
“Такім чынам Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь не з’яўляўся раней і не з’яўляецца ў цяперашні час органам, які вядзе крымінальны працэс у дачыненні да вас. Падстаў для вынясення Следчым камітэтам пастановы аб прызнанні за Вамі права на пакрыццё шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, няма”, - адзначаецца ў адказе.
Нагадаем, 22 сакавіка Арцём Леўчанка быў затрыманы разам са Змітром Дашкевічам у кватэры пісьменніка Уладзіміра Арлова падчас таго, як тыя рабілі яму кухню. Актывіст утрымліваўся з 22 сакавіка па 1 красавіка ў СІЗА-1 у статусе абвінавачанага ў “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”. Напачатку чэрвеня КДБ вынес пастанову аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу па ч.3 арт. 293 КК РБ за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства.
Актывіст “Маладога Фронту” лічыць, што яго дзесяцідзённае ўтрыманне пад вартай было незаконным, а дзеянні супрацоўнікаў МУС і Камітэту дзяржбяспекі прыніжалі яго чалавечую годнасць.