viasna on patreon

Міхаіл Жамчужны: Этап быў складаны, на выжыванне

2017 2017-07-24T11:55:55+0300 2017-07-24T15:30:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhamchuzny_sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны ў судзе.

Міхаіл Жамчужны ў судзе.

Праваабаронца Таццяна Рэвяка атрымала ад Міхаіла Жамчужнага ліст з Горацкай папраўчай калоніі №9, куды палітвязня нечакана перавялі з Ваўкавыску. Некаторы час пра ягонае месцазнаходжанне дакладна нічога не было вядома.

Палітвязень распавядае пра асаблівасці свайго этапавання і пра першыя ўражанні з новага месца адбыцця пакарання.  Міхаіла Жамчужнага этапавалі ў Горкі ўжо 13 ліпеня.

“Прычын пераводу ў Горкі мне не паведамілі, – піша Жамчужны.  – У Ваўкавыску праблем да апошняга дня не было. Этап быў складаны, на выжыванне! Два “сталыпіны”, 4 аўтазакі ў 30 градусаў. Я выжыў, значыць са здароўем парадак. Заадно гарадзенскую турму пабачыў.  Чакаю сур’ёзных правакацый, да бою гатовы.”

Першыя ўражанні Міхаіла Жамчужнага ад горацкай калоніі:

“Зона вялікая, зялёная, шмат дрэваў. Прынялі добразычліва, чытаюць газеты, мяне пазналі, ставяцца пакуль без ценю злараднасці, хутчэй з разуменнем і спагадай… Тут выявілася станоўчая асаблівасць – кормяць па аб’ёму ў 2 разы больш, чым у Ваўкавыску, па якасці яшчэ лепей. На сняданак у кашы шмат кураціны, а на абед мне патрапіў кусок чыстага мяса, якое нават у лыжку не змяшчалася. Даўно мяса не бачыў.”

Міхаіл Жамчужны паведамляе ў лісце, што на 10 ліпеня (якраз у той дзень, калі палітвязня адправілі на чарговы этап) было прызначанае паседжанне Мінскага абласнога суда аб аднаўленні тэрмінаў абскарджвання 3 апошніх спагнанняў, вынесеных яму яшчэ ў Навасадах, а 20 ліпеня мусіла адбыцца яшчэ адно паседжанне, таксама ў Мінскім абласным судзе па 3 апошніх спагнаннях. Вынікі гэтых судоў пакуль яшчэ невядомыя.

Адрас Міхаіла Жамчужнага: 213410, Магілёўская вобласць, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16. ПК-9, “Каранцін”.


Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства