viasna on patreon

УВКБ ААН: У сярэднім кожны 113-ы чалавек у свеце належыць да катэгорыі перамешчаных асобаў

2017 2017-06-20T10:31:43+0300 2017-06-20T10:37:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/southsudan_ethiopia_unhcr_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Бежанцы з Паўднёвага Судана. Фота УВКБ / Дзіна Дыяз

Бежанцы з Паўднёвага Судана. Фота УВКБ / Дзіна Дыяз

У 2016 годзе ў выніку ўзброеных канфліктаў і пераследаў «войска» перамешчаных асобаў папоўнілі 10 мільёнаў чалавек. У тым жа годзе каля паўмільёна бежанцаў змаглі вярнуцца на радзіму. Дадому пераехалі таксама 6,5 мільёнаў унутрана перамешчаных асобаў. Такім чынам, агульная колькасць перамешчаных асобаў у свеце склала 65,6 мільёна чалавек, што на 300 тысяч больш, чым годам раней.

Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па бежанцах (УВКБ). Ён прымеркаваны да Сусветнага дня бежанцаў, які штогод адзначаецца 20 чэрвеня, паведамляе Цэнтр навінаў ААН.

Паводле дакладу, да канца 2016 года ва ўсім свеце налічвалася звыш 65, 6 мільёна перамешчаных асобаў: гэта 22, 5 мільёны бежанцаў, 2,8 мільёна асобаў, якія шукаюць прытулку, і больш за 40 мільёнаў унутрана перамешчаных асобаў.

Гэта азначае, што ў сярэднім кожны 113-ы чалавек у свеце сёння з'яўляецца перамешчаным. Агульная колькасць бежанцаў і перамешчаных асобаў перавышае колькасць жыхароў Вялікабрытаніі.

«Па любых мерках гэтая колькасць непрымальна велізарная. Яна з усёй відавочнасцю сведчыць аб неабходнасці праяўляць салідарнасць і дамагацца прадухілення і ўрэгулявання крызісаў, а таксама аб неабходнасці актывізаваць дапамогу і абарону для бежанцаў, уўнутрана перамешчаных асобаў і асобаў, якія шукаюць прытулку», - заявіў Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Піліпа Грандзі ў сувязі з публікацыяй новага дакладу.

Адна з асноўных высноў дакладу палягае ў тым, што колькасць перамешчаных асобаў застаецца вельмі высокай. У мінулым годзе «войска» 65,6 мільёна бежанцаў і перасяленцаў папоўнілі больш за 10 мільёнаў чалавек. Прыкладна дзве траціны з іх - 6,9 мільёна - сталі ўнутранымі бежанцамі ў сваіх краінах. Гэта азначае, што кожныя тры секунды хтосьці пакідае свой дом у пошуках прытулку.

У той жа час працэсы вяртання бежанцаў і ўнутрана перамешчаных асобаў у свае дамы і свае краіны, а таксама працэсы іх рассялення ў трэція краіны былі млявымі. У 2016 годзе 37 краінаў прынялі на перасяленне 189 300 бежанцаў. Каля паўмільёна іншых уцекачоў былі рэпатрыяваныя ў свае родныя краіны. Дадому вярнуліся таксама 6,5 мільёна ўнутрана перамешчаных асобаў.

Самым вялікім пастаўшчыком бежанцаў ў 2016 годзе была Сірыя. На сённяшні дзень у свеце налічваецца 5,5 мільёна сірыйскіх бежанцаў. Аўтары дакладу звяртаюць увагу на такі новы фактар, як патокі бежанцаў з Паўднёвага Судана, асабліва пасля абвастрэння канфлікту ў краіне ў ліпені 2016 года. У мінулым годзе з гэтай краіны ў пошуках прытулку беглі 739 900 чалавек. У цяперашні час ва ўсім свеце налічваецца амаль два мільёны паўднёвасуданских бежанцаў.

Сірыя займае сумнае лідарства і па колькасці ўнутрана перамешчаных асобаў. Шмат унутраных бежанцаў таксама ў Іраку і Калумбіі.

Дзеці складаюць палову ўсіх бежанцаў у свеце. 75 тысяч заяваў аб прадастаўленні прытулку былі атрыманыя ад дзяцей, якія апынуліся без суправаджэння дарослых.

Большасць бежанцаў - 84 адсоткі - знайшлі прытулак у краінах з нізкім або сярэднім узроўнем даходаў.

Паводле ацэнак УВКБ, на сённяшні дзень у свеце налічваецца каля 10 мільёнаў асобаў, якія не з'яўляюцца грамадзянамі або падданымі ніводнай дзяржавы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства