viasna on patreon

Мінгарсуд не прызнаў адсутнасці крымінальнага злачынства ў дзеяннях Вячаслава Касінерава

2017 2017-06-19T12:40:58+0300 2017-06-19T12:46:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mingarsud_shylda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мінскі гарадскі суд

Мінскі гарадскі суд

Апеляцыйная інстанцыя пакінула без зменаў прысуд, паводле якога актывіст анархісцкага руху пакараны штрафам за перформанс са статуяй гарадавога насупраць будынку МУС. Прысуд уступіў у законную сілу.

Скаргу Вячаслава Касінерава на прысуд суда Маскоўскага раёна 16 чэрвеня разгледзела калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда ў складзе суддзяў Алены Ананіч, Сяргея Бандарэнкі пад старшынствам Таццяны Ермаловіч. Бок абвінавачання прадстаўляла пракурор Вольга Герасімовіч.

Назіральнік “Вясны” зафіксаваў, што на разгляд скаргі суддзям спатрэбілася ўсяго 17 хвілінаў: у 10:23 пачаўся працэс, у 10:40 яны ўжо пайшлі радзіцца. Хадайніцтваў у працэсе заяўлена не было, сведак не выклікалі.

З рашэннем суддзяў апеляцыйнай інстанцыі актывіст не згодны, паколькі лічыць прысуд суда Маскоўскага раёна ад 27 красавіка гэтага года пра пакаранне яго штрафам незаконным і неабгрунтаваным.

"Прыцягненне мяне да крымінальнай адказнасці за мірнае выказванне свайго меркавання, якое не ўчыніла шкоды ні іншым грамадзянам, ні грамадству ў цэлым, ні чужой маёмасці, з'яўляецца непрапарцыйнай мерай абмежавання свабодаў і скіраванае не на абарону грамадскіх інтарэсаў, а на стварэнне перашкодаў у ажыццяўленні мною сваіх канстытуцыйных правоў", - тлумачыў ён сваю пазіцыю ў скарзе ў Мінгарсуд.

Паколькі пасля вынясення рашэння апеляцыйнай інстанцыяй прысуд уступіў у законную сілу, Касінераў намераны абскарджваць яго ў парадку нагляду.  

Нагадаем, крымінальная справа супраць Вячаслава Касінерава была ўзбуджаная па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. насупраць будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Праваабарончая супольнасць Беларусі заявіла, што расцэньвае крымінальны пераслед Касінерава як непрапарцыйна жорсткую рэакцыю ўладаў на яго ўчынак, абумоўленую помстай органаў міліцыі, і прызнала актывіста палітычным зняволеным падчас утрымання пад вартай да суда.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства