viasna on patreon

Фігуранту справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Віктару Марозу падоўжылі арышт

2017 2017-05-30T11:19:06+0300 2017-05-30T11:23:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maroz-wiktar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Мароз.

Віктар Мароз.

Адзін з затрыманых Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, мянчук Віктар Мароз, даслаў паштоўку супрацоўніцы Свабоды. Зваротны адрас — СІЗА № 1, Валадарскага, 2-88.

Пра сям’ю Марозаў Радыё Свабода нядаўна падрабязна распавядала ў спэцыяльным рэпартажы.

Малады чалавек дзякуе за цёплыя словы і падтрымку. І крыху сумуе, што лета, мяркуючы па ўсім, давядзецца правесьці не з жонкай, сынам і бацькамі, а ў камэры ізалятару:

«Застаецца спадзявацца, што дыхаць я буду ўжо марозным паветрам, бо тэрмін майго зьняволеньня падоўжылі да канца верасьня, — піша фігурант справы „Белага легіёну“. — Таксама, як і іншым хлопцам. Сачыце за разьвіцьцём падзеяў, будзе цікава, гэта я вам абяцаю. Жыве Беларусь!».

Ад адваката Віктара Мароза вядома, што ягоны падабаронны абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 293, ч. 3 («падрыхтоўка да масавых беспарадкаў»), 287 («стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»).

Справа актывістаў «Белага легіёну», якая ў незалежных СМІ атрымала назву «справы патрыётаў», распачалася перад Днём Волі пасьля публічнай заявы Аляксандра Лукашэнкі — маўляў, затрымалі баевікоў, якія трэнаваліся ў лясах пад Бабруйскам ды ў іншых месцах.

Усяго было арыштавана 35 чалавек, на гэты момант у ізалятарах КДБ і МУС утрымліваюцца 16 фігурантаў справы. Некаторым прад’яўленыя абвінавачаньні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а былым актывістам «Белага легіёну» дадалі яшчэ і артыкул пра стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня.

Афіцыйных заяваў пра «справу патрыётаў» сьледчыя органы не рабілі ад моманту арышту падазраваных. Тым часам праваабаронцы зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру з просьбай праверыць інфармацыю аб катаваньнях затрыманых, зь якіх нібыта сілай выбіваюць патрэбныя паказаньні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства