viasna on patreon

На шляху да роўнасці людзей з інваліднасцю: замест медыцынскага – праваабарончы падыход

2017 2017-05-29T14:20:34+0300 2017-05-29T15:01:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/drazdouski29.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падчас Тыдня даступнасці, які праходзіў у Беларусі з 15 па 25 траўня, у розных гарадах краіны адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя розным відам даступнасці для людзей з інваліднасцю. На круглых сталах, форумах, канферэнцыях прадстаўнікі некамерцыйнага сектару, бізнесу і дзяржаўных органаў разам абмяркоўвалі праблемы людзей з інваліднасцю і шукалі шляхі выкаранення дыскрымінацыі па гэтай прыкмеце.

Адным з самых вострых пытанняў стала праблема працаўладкавання людзей з інваліднасцю. На думку нацыянальных і міжнародных экспертаў, гэтае пытанне немагчыма вырашыць асобна, без якасных зменаў у адукацыі і стварэння сапраўды безбар’ернага асяроддзя.

“На жаль, людзі з інваліднасцю ў Беларусі ўсё яшчэ знаходзяцца ў сегрэгацыі. Людзі маюць магчымасць працаваць альбо ў закрытых прадпрыемствах, альбо проста сядзець у хаце і атрымліваць грашовую дапамогу. Часта яны не могуць працаўладкавацца толькі з прычыны таго, што ў іх двары альбо ў нейкай арганізацыі адсутнічае безбар’ернае асяроддзе. Каб змяніць сітуацыю, патрэбная сістэмная праца, якая закранала б самыя розныя сферы заканадаўства – і падатковае, і зямельнае, і працоўнае і г.д. З аднаго боку, нам трэба адаптаваць наймальнікаў і зацікавіць іх браць на працу людзей з інваліднасцю. А з іншага боку – зацікавіць людзей з інваліднасцю атрымліваць тыя кампетэнцыі, якія б дазвалялі ім быць канкурэнтнымі на рынку працы. І тут пачынаць трэба з адукацыі, якая ў нас зараз таксама ў большай частцы закрытая для людзей з інваліднасцю”, - падзяліўся сваім меркаваннем юрыст Офісу па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі.

Алег Граблеўскі падчас круглага стала па тэме працаўладкавання людзей з інваліднасцю. Фота з sbt-consult.by
Алег Граблеўскі падчас круглага стала па тэме працаўладкавання людзей з інваліднасцю. Фота з sbt-consult.by

Але надзея на тое, што сітуацыя ў галіне правоў людзей з інваліднасцю бліжэйшым часам зменіцца ў лепшы бок, безумоўна, ёсць. У пачатку кастрычніка 2016 Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ААН па правах людзей з інваліднасцю, а гэта значыць, што яе артыкулы сталі абавязковымі для выканання дзяржавай. Ужо праз два гады ўлады павінны будуць як мінімум даць справаздачу аб тым, што было зроблена ў краіне за гэты перыяд.

Аднак ратыфікацыя – гэта толькі першы крок. Адразу пасля яе пачалася распрацоўка Нацыянальнага плану імплементацыі нормаў Канвенцыі, якая цягнулася паўгады. І, як адзначае кіраўнік Офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, бліжэйшым часам дакумент Нацыянальнага плану будзе перададзены ў Савет міністраў для канчатковага ўзгаднення. 

Сяргей Драздоўскі. Фота з Facebook
Сяргей Драздоўскі. Фота з Facebook

“Зараз мы падыйшлі да этапу, калі Нацыянальны план імплементацыі Канвенцыі амаль сфармаваны. Гэта вельмі важны дакумент, бо ён акрэслівае той накірунак, у якім трэба рухацца, каб Канвенцыя не засталася проста паперай. Тое, як у бліжэйшы час зменіцца сітуацыя з правамі людзей з інваліднасцю ў Беларусі, будзе моцна залежаць ад гэтага Нацплану. У яго абмеркаванні ўдзельнічалі ўсе заахвочаныя бакі, і трэба сказаць, што гэта быў няпросты працэс, бо падчас абмеркавання пастаянна сутыкаліся інтарэсы і грамадскіх арганізацый, і звычайных грамадзян, і дзяржавы ў асобе міністэрстваў. Знайсці кансэнсус часам было складана, бо ў дзяржавы ёсць вялікія пытанні наконт таго, як мы будзем ажыццяўляць рэалізацыю нормаў Канвенцыі, а з іншага боку, у недзяржаўных арганізацый таксама засталіся пытанні, чаму, напрыклад, ў Нацплан увайшлі не ўсе іх прапановы. Але, нягледзячы на гэтыя супярэчнасці, усе мы разумеем, што нам трэба рухацца ў адным накірунку, і менавіта зараз мы мусім аб’яднацца і акрэсліць, хто і чым дакладна будзе займацца далей”.

У межах Тыдня даступнасці нашу краіну наведалі ўкраінскія праваабронцы, якія таксама займаюцца праблемамі людзей з інваліднасцю. Сярод іх Тарас Крамны, юрыст з Чаркасаў, адзін з заснавальнікаў праваабрончай арганізацыі “Роўнасць”. Пасля тыдня, праведзенага ў Беларусі, ён адзначыў шмат пазітыўных момантаў на шляху да стварэння даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю. Аднак у той жа час ён пабачыў, што гэтыя людзі ўсё яшчэ моцна адасобленыя і ў большасці сваёй застаюцца па-за грамадскім жыццём.

“У параўнанні з Украінай, у Беларусі вельмі даступны грамадскі транспарт. Але здзівіла малая колькасць людзей з інваліднасцю на вуліцах. Я маю інваліднасць па зроку, і ў Віцебску, па словах маёй жонкі, на мяне глядзелі так, быццам бы я з іншай планеты. Бо людзі не прывыклі бачыць на вуліцах людзей з інваліднасцю. У мяне ў Чаркасах жа наадварот: транспарт значна менш прыстасаваны для людзей з інваліднасцю, але такіх людзей на вуліцах горада, без сумневу, болей.

І ва Украіне, і ў Беларусі адчуваецца так званы постсавецкі сіндром, калі людзі з інваліднасцю абасоблена жывуць і працуюць у закрытых раёнах. У Віцебску я пабываў у таварыстве сляпых “БелТІЗ”. Гэта такая сістэма, дзе ўсе адносіны, уся камунікацыя будуюцца толькі на тэрыторыі таварыства. Але ўзнікае пытанне: ці ёсць жыццё для людзей з інваліднасцю па зроку па-за “БелТІЗ”?”

Чаркаскі праваабаронца лічыць, што для сапраўднага паляпшэння становішча людзей з інваліднасцю трэба дзейнічаць разам з імі.

“Перад тым, як штосьці зрабіць для людзей з інваліднасцю, трэба спытаць у саміх гэтых людзей пра тое, што ім патрэбна. Гэта гучыць як “не рабі для нас без нас”. Напрыклад, у Брэсце я ўбачыў пандус і вырашыў падняцца на яго. Для мяне, як для чалавека, які падняўся па ім нагамі, ён падаўся вельмі стромкім. А што тады казаць пра людзей на вазках? На жаль, пакуль што і ў нас ва Украіне, і ў Беларусі вельмі рэдка штосьці робіцца сумесна з людзьмі з інваліднасцю. Сказалі зрабіць пандус – яго зрабілі, але тое, што чалавек на вазку не можа ім карыстацца, - гэта ўжо пытанне другаснае”. 

Сёлета слоган Тыдня даступнасці гучаў як “ад даступнасці да роўнасці”. І гэта невыпадкова, бо эксперты, абмяркоўваючы сітуацыю вакол людзей з інваліднасцю, увесь час сыходзіліся ў тым, што трэба комплексна мяняць падыход да самога разумення інваліднасці. На месца існуючага медыцынскага падыходу, калі чалавек з інваліднасцю разглядаецца ў якасці пацыента, якому пастаянна патрэбная дапамога, павінен прыйсці праваабарончы падыход. І ў межах яго людзі з інваліднасцю павінны ўспрымацца не інакш як паўнапраўныя чальцы грамадства, здольныя самастойна кіраваць сваім жыццём. На змену сегрэгацыі павінна прыходзіць інклюзія, на змену спецыяльным рашэнням – універсальныя. Толькі з такім падыходам і пры шчыльным узаемадзеянні дзяржавы і некамерцыйных арганізацый з самімі людзьмі з інваліднасцю будзе магчымым дасягненне сапраўднай роўнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства