Вячаслаў Сіўчык: У Цэнтры ізаляцыі над людзьмі проста здзекуюцца
18 мая выйшаў на волю з Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна пасля 15-суткавага арышту лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.
“Я вымушаны быў абвясціць галадоўку, і звязана гэта ў першую чаргу з тымі новаўвядзеннямі, якія былі ўведзены на ЦІПе ў 2016 годзе. Яны не ўпісваюцца ні ў беларускае заканадаўства, ні ў міжнароднае. Таму гэтыя 15 сутак былі для мяне досыць складанымі”, – распавёў актывіст сайту palitviazni.info.
Вячаслава Сіўчыка затрымалі 3 мая пасля акцыі ў Барысаве. Суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў яго на 15 сутак адміністратыўнага арышту. Увесь гэты час актывіст трымаў за кратамі галадоўку пратэсту супраць умоваў утрымання.
– На жаль, за апошнія 20 гадоў мне давялося шмат адсядзець за кратамі па незаконных рашэннях суда, але ўпершыню вымушаны быў трымаць на “сутках” галадоўку. І гэта пры тым, што раней я неаднойчы адгаворваў ад галадоўкі нашых актывістаў, якія траплялі на Акрэсціна. Я лічыў, што, калі чалавека нават незаконна адправілі за краты, то ён не павінен псаваць сваё здароўе. Раней нават адміністрацыя ізалятара часовага ўтрымання, ведаючы такую маю пазіцыю, неаднойчы пускала да актывістаў, каб я давёў сваю думку і да іх.
– А як адміністрацыя ізалятара паставілася да вашай галадоўкі?
-Абсалютна спакойна. Толькі на 9-я суткі да мяне прыйшоў хтосьці з медперсанала для таго, каб праверыць ціск, а больш нічога і не адбывалася. Нягледзячы на тое, што я галадаў, мая камера была перапоўненая. У тым ліку, было шмат людзей сталага ўзросту, якія знаходзіліся на адміністрацыйных арыштах. З 6 па 13 мая ў маёй камеры на 6 месцаў было 7 чалавек. Лішнім быў 64-гадовы мужчына (хутчэй за ўсё, бомж), якому далі 32 сутак арышту. Ён кепска хадзіў у прыбіральню, ад яго ішоў непрыемны пах…
Умовы былі жахлівыя для ўсіх. Я да 13 мая быў на другім ярусе, дык нават не было прадугледжана, каб залезці туды. Пры мне два розныя чалавекі падалі з другога яруса на падлогу, наносілі сабе нейкія траўмы.
Уражваюць нават дробязі. Напрыклад, даюць толькі адну прасціну, і я да гэтага часу не разумею, чаму такія правілы яны зрабілі. Бо можна пасцяліць прасціну на матрас, але ж ужо няма чым накрыцца.
Таксама выводзілі на прагулкі, але гэта адбылося толькі пасля таго, як выйшаў на волю Павел Севярынец і Максім Вінярскі. Як я зразумеў, яны распавялі, у якіх умовах у ЦІП знаходзяцца людзі, і тады нас вывелі на гадзіну ў дворык. Звычайна прагулкі нерэгулярныя, а тыя, хто распараджаецца, відаць, лічаць, што яны гаспадары свайго лёса. Ім нярэдка проста лянота выводзіць людзей падыхаць свежым паветрам, бо адзін раз нас выводзілі на вуліцу 8 мая, а наступны – толькі праз тры дні. Да таго ж, 90 адсоткаў кліентаў ізалятара паляць, а таму ўвесь дворык падчас прагулкі пераўтвараецца ў суцэльнае цыгарэтнае воблака.
— Многія скардзіліся і на антысанітарыю…
– Гэта захавалася яшчэ са старых часоў. Праўда, калі раней адміністрацыя ізалятара часовага ўтрымання хоць неяк з гэтым змагалася, то зараз такіх намаганняў з іхняга боку я не бачыў. Гэта заўважна нават па таму, як яны прынцыпова раскідваюць бамжоў па розных камерах. У мяне, напрыклад, спачатку ў камеры былі звычайныя людзі, але пасля кінулі трох бамжоў. Як я разумею, так рабілі па ўсіх камерах, дзе былі палітычныя сядзельцы.
І нечакана для мяне ўзнікла яшчэ адна праблема, якой да гэтага не было. Раней адміністрацыі ЦІПа была зацікаўлена, каб людзі мыліся. Зараз з душам вялікая праблема.
Акрамя таго, мой адвакат пры тым, што ён таксама дзяржаўны чыноўнік, каля пяці разоў спрабаваў патрапіць да мяне, але так і не здолеў. Яго не пусцілі. Там вельмі жорсткая ізаляцыя людзей, якія трапляюць на суткі, хаця арыштанты ж маюць права абараняць сябе.
А самы незабаўны момант адсідкі – гэта тое, што афіцэры, якія кіруюць гэтай установай, проста кралі асадкі і алоўкі з камеры. Напэўна, баяліся, каб не пісалі скаргі. На мае звароты да тых супрацоўнікаў, якія яўна парушалі заканадаўства, каб яны прадставіліся, тыя адказвалі так – Іваноў Іван Іванавіч. Гэта азначае, што тыя “вертухаі” цудоўна разумеюць, што яны могуць таптаць сваімі ботамі заканадаўства, і ім за гэта нічго не будзе. Заробак ідзе спраўна і так.
– Адмыслова ствараюцца такія праблемы ці не?
– Лічу, што адмыслова і нават перакананы, што ўсё прадумана зараней, каб паздзеквацца над людзьмі. Улада да такой ступні адарвалася ад народа, бо лічыць, што ёй усё дазволена. Таму нават адміністрацыйны арышт – гэта катаванні, пра што мы павінны гаварыць. І павінны казаць не толькі тыя, хто там пабываў, але і праваабаронцы.
Апрыёры зразумела, што ўсе гэтыя рашэнні судоў незаконныя, мы бачым парушэнне заканадаўства, а ўмовы ўтрымання парушаюць усе міжнародныя канвенцыі, якія заключаліся ў 20-м стагоддзі.
– Пэўны час улады не кідалі сваіх апанентаў на “суткі”, а суды абмяжоўваліся пераважна штрафамі. Зараз практыка сутачных адсідак вярнулася. Ці можна параўнаць дзве гэтыя рэпрэсіўныя нормы?
– І тое, і другое кепска, бо не мае нічога агульнага з законам. І не было б ніякіх сутак зараз, калі б была адэкватная рэакцыя на незаконныя штрафы. А грамадства чамусьці падумала, што штрафы – гэта лёгка і добра. Але гэта зусім не так. Штрафы таксама прыносілі шмат непрыемнасцей людзям. І вось такім чынам мы дакаціліся да сутак.
– Ці складана давялося падчас галадоўкі?
– Той бардак, які зрабілі на Акрэсціна, якраз і дапамагаў трымаць галадоўку. Не было часу расслабляцца.
palitviazni.info