viasna on patreon

У Менску абмяркуюць урадавую справаздачу аб правах чалавека, якую ААН чакала з 1997 году. Прэсу не запрасілі

2017 2017-05-18T09:10:21+0300 2017-05-18T09:15:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kpch-belarus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 траўня ў Менску адбудзецца кансультацыя экспэртаў наконт 5-га пэрыядычнага дакладу пра выкананьне Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах чалавека. Даклад пададзены ўрадам Беларусі ў Камітэт правоў чалавека ААН. Кансультацыю ладзіць прадстаўніцтва ААН у Беларусі сумесна з МЗС Беларусі.

Па інфармацыі Радыё Свабода, сустрэча пройдзе ў гатэлі «Манастырскі», побач з плошчай Свабоды, у старажытным будынку кляштару. Для прэсы сустрэча будзе закрытая, паведамілі арганізатары.

Пэрыядычны даклад падрыхтавалі МЗС Беларусі разам з шэрагам міністэрстваў і ўрадавых установаў, у тым ліку Вярхоўным судом, КДБ, МУС, Генэральнай пракуратурай ды іншымі ўрадавымі структурамі. Адзін з запрошаных на сустрэчу, праваабаронца Алег Гулак, мяркуе, што прадстаўнікі гэтых установаў возьмуць удзел у кансультацыях і ён зможа выказацца пра падрыхтаваны даклад.

Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак.

 «Гэткая кансультацыя робіцца ўпершыню, раней такой не было, таму няма з чым параўноўваць. Але з 1997 году і такога дакладу Беларусь не рабіла. Павінны былі раз на 5 год рабіць, але 20 год такога не было. Таму паглядзім, як атрымаецца, які будзе вынік», — сказаў напярэдадні кансультацыі старшыня БХК Алег Гулак.

Запрашэньня на кансультацыю так і не атрымалі ў адной з самых вядомых і ўплывовых у Беларусі праваабарончых арганізацый — Праваабарончым цэнтры «Вясна». Намесьнік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч кажа, што гэта ня самае крыўднае.

«Вядома, шкада, што існуе такі падыход, бо мы заўсёды гатовыя абмяркоўваць сытуацыю з правамі чалавека з прадстаўнікамі ўраду. Тым больш што ўрад цяпер дэманструе жаданьне нешта зьмяніць да лепшага. Але — не запрасілі і не запрасілі.

Нам ніхто не замінае ўдзельнічаць у абмеркаваньні гэтага дакладу на іншых пляцоўках, у тым ліку ў ААН. Мы можам і там сказаць тое, што маем сказаць, бо ўключаныя ў працэдуру і ўдзельнічаем у падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу для Камітэту правоў чалавека ААН пра выкананьне Беларусьсю палажэньняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. А таксама будзем выказвацца на іншых пляцоўках», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч

Карэспандэнт: З дакладам ужо можна пазнаёміцца ў інтэрнэце. На што вы зьвярнулі ўвагу адразу?

Стэфановіч: «Даклад вялікі, больш за 50 старонак, і зроблены ён у форме адказаў на пытаньні, якія задавала ААН. Таму трэба і з гэтымі пытаньнямі знаёміцца, калі ацэньваць адказы. А на што я найперш зьвярнуў увагу? На сыстэмныя хібы ў стаўленьні дзяржавы да правоў чалавека.

Прыкладам, у пунктах 18, 19, 20 наш МЗС паўтарае сваю пазыцыю, што яны ня лічаць магчымым выкананьне рашэньняў Камітэту правоў чалавека ААН, якія прымаліся па пэўных індывідуальных зваротах грамадзян Беларусі. Прычына нібыта ў тым, што, як яны лічаць, гэтыя рашэньні носяць не абавязковы, а рэкамэндацыйны характар.

Але мы зусім ня можам з гэтым пагадзіцца, бо такая пазыцыя якраз і сьведчыць пра парушэньне Беларусьсю сваіх міжнародных абавязаньняў, якія вынікаюць з 1-га факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Такіх рашэньняў вельмі шмат, магу згадаць з апошніх зварот у ААН маці зьніклага Юрыя Захаранкі — паважанай Ульяны Захаранкі, ды шмат іншых.

Беларусь адмаўляецца рэагаваць на гэтыя рашэньні, і атрымліваецца, што норма Канстытуцыі, якая дае грамадзянам права на звароты ў міжнародныя арганізацыі ў выпадку парушэньня іх правоў, носіць проста дэклярацыйны характар.

Нават Расейская Фэдэрацыя дэманструе іншы падыход, там ёсьць рашэньне Канстытуцыйнага суду, у якім пастаноўлена, што краіна павінна безумоўна выконваць рашэньні Камітэту правоў чалавека ААН, бо гэта міжнародная дамова. Але ў нас, паўтараю, такое права трывала ігнаруецца дзяржавай, і даклад гэта зноў пацьвярджае. Вось на што трэба адразу зьвярнуць увагу экспэртам».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства