viasna on patreon

У Гомелі перагледзяць рэзанансную справу пра "гучную лаянку"

2017 2017-05-15T09:34:55+0300 2017-05-15T10:42:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kazlou-viktar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Віктар Казлоў. Фота Радыё Свабода

Прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Віктар Казлоў. Фота Радыё Свабода

Абласны суд у Гомелі 24 траўня разгледзіць скаргу Віктара Казлова на прысуд раённага суда аб «гучнай, нецэнзурнай лаянцы» ў грамадскім месцы. Інтрыга ў тым, што 67-гадовы мужчына пасля анкалагічнай аперацыі на лёгкіх страціў голас і таму размаўляць вымушаны толькі шэптам. Пра гэта паведамляе "Гомельская Вясна"

«Для мяне гэты суд быў звязаны з маральнымі пакутамі, — шэпча прадстаўнік незалежнага прафсаюза РЭП у рэгіёне Віктар Казлоў. — Пасля перанесенай анкалагічнай аперацыі я страціў голас. Я прынёс у суд медыцынскае заключэнне, у якім пазначана, што падчас аперацыі быў зроблены парэз цягліц гартані. І ўсё роўна суддзя не паверыла. Думаю, яна абараняе амапаўцаў, якія мяне затрымлівалі і потым ілжэсведчылі супраць мяне ў судзе.

Вітар Казлоў разам з прафактывам планаваў удзельнічаць у Маршы недармаедаў  у Гомелі. Раніцай 25 сакавіка па шляху на прыпынак яго затрымалі амапаўцы палка патрульна-паставой службы УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Сярдзюк, Раман Хурбатаў і Аляксандр Семчанка. Спачатку адвезлі ў райаддзел, адтуль прэвентыўна адправілі ў ізалятар, дзе ён двое сутак правёў за кратамі.

У рапартах міліцыянты напісалі: 25 сакавіка яны ахоўвалі грамадскі парадак. Ехалі на службовым «бобіку» па вуліцы з хуткасцю не больш за 20 км/г і пачулі, што мужчына, які ішоў па тратуары, гучна крычаў, лаяўся матам. Яны, вядома, спыніліся, папярэджвалі грамадзяніна, але той на заўвагі не рэагаваў. Такія ж паказанні вартавыя парадку далі і ў судзе.

«Суддзя адхіляе паказанні Казлова аб тым, што ён не лаяўся гучна матам, бо яны супярэчаць сведчанням супрацоўнікаў міліцыі», — напісала ў пастанове суддзя Гомельскага раёна Тамара Застаўнецкая. На прадастаўленае Казловым медыцынскае заключэнне суддзя адрэагавала здагадкай: «парэз на гартані не выключае магчымасці казаць і крычаць».

Юрыст і праваабаронца ў Гомелі Леанід Судаленка, які дапамагае пацярпеламу дамагацца ў гэтай справе справядлівасці, ужо падпісаў калектыўны зварот да кіраўніцтва абласнога УУС аб праверцы падначаленых на дэтэктары хлусні.

«Я прысутнічаў у судзе Гомельскага раёна і чуў, як супрацоўнікі АМАПу, якія былі папярэджаны пад подпіс аб адказнасці за прадастаўленне ілжывых паказанняў, ілжэсведчылі супраць Віктара Казлова, тым самым самі сталі правапарушальнікамі», — заявіў праваабаронца.

 Што тычыцца судовай пастановы, юрыст дадаў, суддзя не мае права аддаваць прыярытэт сведчанням супрацоўнікаў міліцыі, тым больш, матываваць судовую пастанову сумненнямі і здагадкамі, як гэта адбылося ў справе незалежнага прафсаюзніка.

 Віктар Казлоў гатовы "ісці да канца" ў пошуках праўды. Ён не выключае, што пасля Вярхоўнага суда зноў сустрэнецца з непраўдзівымі сведкамі і так званымі праваахоўнікамі ў судзе — на гэта раз па яго зыску аб спагнанні маральнай шкоды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства