viasna on patreon

Пракурора ў Гомелі просяць пакласці канец прэвентыўным затрыманням

2017 2017-05-09T11:39:00+0300 2017-05-10T11:46:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prakuratura-pagony.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывісты Ала РаманчыкНаталля ШчукінаАляксандр Процка і Віктар Казлоў былі затрыманыя ў Дзень Волі 25 сакавіка і змешчаныя да суду ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Журналіст фрылансер Яўген Меркіс змешчаны ў ІЧУ напярэдадні першамайскай акцыі. У выніку арыштаваныя незаконна ўтрымліваліся пад вартай па двое сутак кожны, так як суды пры вынясенні штрафаў адбытыя суткі не ўлічваюць.

Паводле "Гомельскай Вясны",  актывісты заяўляюць, што закон дапускае адміністрацыйнае затрыманне толькі для такіх канкрэтных мэтаў, як спыненне супрацьпраўнай дзейнасці і складання пратаколу, высвятлення асобы, забеспячэння ўдзелу пры разглядзе справы, стрымання ўтойвання або знішчэння доказаў або забеспячэння выканання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе арышту. Любое іншае затрыманне, якое не адпавядае гэтым мэтам, будзе з’яўляцца незаконным.

“Нават калі я здзейсніла правапарушэнне, пасьля затрыманьня мая супрацьпраўная дзейнасць была спынена, такім чынам, навошта мяне было змяшчаць у ІЧУ? Тое ж самае ставіцца да ўстанаўлення асобы і складанні пратаколу - затрымалі, высветлілі асобу, склалі пратакол і адпускайце”, - абураецца адсядзеўшая ў ІЧУ 44 гадзіны Ала Раманчык.

Рэгіянальнага лідэра незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова затрымалі на шляху на акцыю пратэсту 25 сакавіка. У выніку выходныя ён правёў у ІЧУ.

“Пасля складання пратаколу супрацоўнікі міліцыі пераканаліся, што я пенсіянер, маю сталае месца жыхарства, аднак усё роўна ўтрымлівалі мяне пад вартай каля 50 гадзін. З улікам прад'яўленага мне абвінавачванні ў “нецэнзурнай лаянцы” хіба я мог, знаходзячыся на волі, напрыклад, хаваць або знішчаць доказы?”, - пытаецца незалежны прафсаюзнік.

Фрылансер Яўген Меркіс затрыманне таксама лічыць незаконным, накіраваным на пазбаўленне магчымасці весці прамую трансляцыю з першамайскай акцыі ў Гомелі.

“Я планаваў весці рэпартаж з афіцыйна дазволенага першамайскага мітынгу, аднак мабыць мае планы не супалі з планамі улады і як вынік, я абвінавачаны ў хуліганцы і 46 гадзін правёў пад вартай. Калі ў чалавека ёсць пастаяннае месца жыхарства, навошта яго трымаць пад замком. Адказ просты і ляжыць на паверхні, гэта прэвінтыўнае затрыманне”, - падкрэсліў журналіст.

Актывісты просяць пракурора Гомеля вынесці міліцыянтам папярэджанні, прызнаць іх затрыманні ня законнымі. У выпадку, калі пракурор адмовіцца прыняць рашэнне ў адпаведнасці з законам, актывісты маюць намер паставіць гэта пытанне ў судовым парадку.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства