viasna on patreon

У рэгіёнах судзяць затрыманых у звязку з акцыямі 1 траўня Дапоўнена

2017 2017-05-02T17:38:15+0300 2017-05-02T18:24:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 траўня ў Гомелі і Брэсце судзяць актывістаў і журналістаў, затрыманых напярэдадні і падчас акцыяў пратэсту, якія адбыліся 1 траўня.

Гомель

У судзе Навабеліцкага раёна быў разгледжаны адміністрацыйны пратакол за “дробнае хуліганства” (артыкул 17.1 КаАП) у дачыненні да журналіста-фрылансера, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Яўгена Меркіса. Судздзя Сяргей Новікаў аштрафаваў абвінавачанага ў «лаянцы» Меркіса на 5 базавых велічыняў.

Калегі журналіста мяркуюць, што ён быў прэвентыўна затрыманы міліцыяй з мэтай не даць весці жывую трансляцыю з мітынгу, які ладзілі ў горадзе дэмакратычныя актывісты.

У судзе Савецкага раёна разглядалася справа намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова, затрыманага 1 траўня пасля мітынгу каля ДК «Віпра» за тое, што разгарнуў бела-чырвона-белы сцяг. На падставе двух адміністрацыйных пратаколаў – за парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП) і непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП) – суддзя Алена Шайн пакарала Палякова арыштам сумарна на 15 сутак, паведамляе Свабода.

Брэст

У судзе Ленінскага раёна разглядаюць справы затрыманых удзельнікаў учорашняй акцыі “белых аркушоў”.

Чацвярых затрыманых – грамадскіх актывістаў Інгу Абрамаву, Аляксандра Кабанава, Уладзіміра Казлоўскага, Аляксея Самайлюка і блогера Зміцера Гарбунова - даставілі ў суд у другой палове дня. Пры гэтым Абрамава пачувалася кепска праз праблемы з ціскам, аднак ніякай медыцынскай дапамогі ёй аказана не было.

Падчас разгляду адміністратыўных справаў Гарбуноў і Кабанаў хадайнічалі аб прадастаўленні адвакатаў, таму іх працэсы перанесеныя і абодва адпушчаныя да суда. Ім выдалі позвы на 3 траўня: суд над Кабанавым, якога вінавацяць па артыкуле 23.4 і ч.3 арт. 23.34 КаАП, прызначаны на 11-ю гадзіну, над Гарбуновым, якога вінавацяць па артыкуле 23.4 КаАП, - на 14:30.

Суддзя Алег Міранюк разгледзеў справу Аляксея Самайлюка, на якога быў складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП. Актывіст прызнаў свой удзел у акцыі і патлумачыў, што трымаў чысты аркуш паперы як сімвал Белай Русі - на знак незадаволенасці палітыкай уладаў. У выніку пакараны штрафам у 15 базавых велічыняў.

Уладзіміра Казлоўскага гэты ж суддзя пакараў арыштам на 10 сутак, а Інгу Абрамаву, прызнаўшы вінаватай паводле ч.1 арт. 23.34, аштрафаваў на 10 базавых велічыняў. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства