viasna on patreon

Праваабаронцы нагадваюць пра гадавіну Чарнобыльскай катастрофы інфармацыйнымі мерапрыемствамі Фота Дапоўнена

2017 2017-04-26T17:01:57+0300 2017-05-02T11:29:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minsk-26.04.2017-a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З нагоды змрочнай красавіцкай даты, што адсылае да аварыі на Чарнобыльскай АЭС 1986 года, жыхары Мінска і рэгіянальных гарадоў атрымліваюць тэматычны выпуск газеты “Народная воля”, які распавядае пра досвед Беларусі на шляху “ад Чарнобыля да Астраўца”.

26 красавіка сябры і валанцёры Праваабарончага цэнтра “Вясна” на чале з кіраўніком арганізацыі Алесем Бяляцкім раздалі некалькі тысяч экзэмпляраў выдання ў цэнтры Мінска.

Сёння і ў мінулыя выходныя праваабаронцы раздавалі тэматычны выпуск “Народнай волі” ў Гародні, Маладзечне, Бабруйску, Барысаве, Брэсце, Бярозе, Светлагорску, Гомелі.  

У Гародні праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Эдвард Дмухоўскі і Раман Юргель вырашалі распаўсюджваць інфармацыйную прадукцыю на цэнтральных рынках горада, дзе пасля святаў было багата людзей.

А ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця 19 красавіка адбылося паседжанне дыскусійнага клубу на тэму “Беларуская АЭС: права на атам і жыццё”, да арганізацыі якога спрычыніліся і сябры “Вясны”. Адмысловымі гасцямі сустрэчы былі праваабаронца, “ліквідатар” Уладзімір Целяпун з Мазыра і прадстаўнік грамадскай ініцыятывы “Астравецкая атамная - гэта злачынства” Мікалай Уласевіч з Варнянаў. (Падрабязна пра сустрэчу распавядае сайт “Гарадзенскай вясны”).

У Маладзечне, дзе прадстаўнікі “Вясны” бяруць актыўны ўдзел у ініцыятыве “Астравецкая атамная – гэта злачынства”, накіраваны ліст у дырэкцыю Беларускай АЭС з прапановай сумесна правесці круглы стол па пытаннях публічнасці працы на будаўнічай пляцоўцы станцыі. Праваабаронцы Алесь Капуцкі і Эдуард Баланчук пасля раздачы спецвыпуску “Народнай волі” адзначылі, што жыхары горада па-рознаму ставяцца да будаўніцтва АЭС непадалёк ад іх, аднак ніхто не прамінуў магчымасці азнаёміцца з незалежнай інфармацыяй датычна гэтага - бралі газету і для сабе, і для сваіх знаёмых ды сваякоў.

У Бабруйску Сяржук Лацінскі і Эдуард Грынявецкі таксама адзначылі, што людзі з ахвотай бралі ў іх незалежную газету, некаторыя прасілі па некалькі экзэмляраў газеты, каб перадаць сваім знаёмым, бо, як яны самі казалі, не давяраюць дзяржаўным СМІ. Праваабаронцы адзначылі, што чарнобыльская трагедыя вельмі хвалюе бабруйчан, яны баяцца паўтарэння аварыі, таму з апасеннем ставяцца да будаўніцтва Астравецкай АЭС. (Пра акцыю - Беларускае Радыё Рацыя).

У Магілёве праваабаронцы Барыс Бухель, Аляксандр Буракоў і грамадскія ды палітычныя актывісты Андрэй Бодзілеў, Мікіта Фартух, Аляксандр Шаўцоў і Дзмітрый Люнтаў з прычыны дажджлівага надвор’я раздавалі “Народную волю” ў падземным пераходзе на скрыжаванні вуліцы Піянерскай і праспекта Міра. Акцыя выклікала ажыятаж сярод праваахоўнікаў у спартыўных касцюмах, аднак спроба запалохвання не ўдалася. (Падрабязней – на сайце mspring.online).

У Барысаве інфармацыйную акцыю на гарадскім рынку правялі праваабаронцы “Вясны” Алег Мацкевіч і Марына Статкевіч.

У Жодзіне праваабаронца Аляксей Лапіцкі, які распаўсюджваў спецвыпуск незалежнай газеты каля супермаркету “Еўраопт”, адзначыў удзячнасць грамадзянаў, у тым ліку і мясцовай міліцыі. А ў якасці негатыву, без якога, на жаль, не абыйшлося, ён адзначыў міні-інцыдэнт з супрацоўнікамі службы аховы супермаркету па праўных пытаннях. (Падрабязней пра акцыю – на сайце Lićviny-INFA).

У Брэсце падчас акцыі праваабаронцы Уладзімір Вялічкін, Уладзімір Малей і іх паплечнікі распытвалі гараджанаў наконт стаўлення да будаўніцтва АЭС. Паводле сайта “Берасцейскай вясны”, водгукі былі наступныя: «Беларускія ўлады не думаюць аб людзях, толькі аб інтарэсах Расіі», «Лепш мы даражэй заплацім за электрычнасць, але атамнай электрастанцыі нам не трэба», «Беларускія ўлады не адчуваюць ніякай адказнасці за краіну. Такую бяду перажыць і будаваць АЭС у Астраўцы! Я не ведаю ў Беларусі тых, хто за будаўніцтва атамнай электрастанцыі, увесь свет – супраць». 

Жыхарам Бярозы спецвыпуск “Народнай волі” раздавалі праваабаронцы Сяржук Русецкі, Тамара Шчапёткіна і грамадская актывістка Таццяна Тарасевіч. Паводле іх назіранняў, многія людзі ахвотна бралі газеты, адмаўляліся ў асноўным чыноўнікі і моладзь: першыя – баяцца, другія – карыстаюцца інтэрнэтам.

У Баранавічах праваабаронца Сяргей Гоўша таксама прапаноўваў газету ў найбольш людных у дажджлівы дзень месцах – на прыпынках грамадскага транспарту і каля крамаў.

У Светлагорску Алену Маслюкову ў справе інфармавання пра 31-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС 24 красавіка падтрымалі валанцёры-вазочнікі.

У Гомелі 23 красавіка Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны месцамі для інфармавання гараджанаў абралі найбольш шматлюдныя супермаркеты. Аднак, не паўсюль уласная служба аховы паставілася з разуменнем да ініцыятывы праваабаронцаў: па выкліку ў “Еўраопт” наведалася міліцыя – спачатку з дэпартаменту аховы, а затым і прадстаўнік РАУСа. У выніку ў праваабаронцаў перапісалі асабістыя звесткі, а яны, у сваю чаргу, распавялі супрацоўнікам міліцыі пра права на распаўсюд інфармацыі. (Больш падрабязна пра інцыдэнт паведамляе сайт “Гомельскай вясны”).

Таксама акцыі прайшлі ў Полацку і Наваполацку. Пра інцыдэнты з праваахоўнымі органамі падчас раздачы газеты ў іншых гарадах праваабаронцы не паведамлялі.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства