viasna on patreon

Ад Чарнобыля да Астраўца

2017 2017-04-26T09:36:10+0300 2017-04-26T11:57:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_astraviec.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Яшчэ не загаіліся чарнобыльскія раны, яшчэ па былых палескіх вёсках, зарослых кустоўем, ходзяць дзікія ваўкі, як беларускія ўлады ўзяліся здзяйсняць новы праект атамнай электрастанцыі. Гэты праект мае багата пытанняў, на якія беларуская грамадскасць не атрымала аніводнага ўцямнага адказу. І самае галоўнае з іх – ці ня будзе Астравец другім Чарнобылем у Беларусі.

“Выгоды” ядзернай энэргетыкі

Эканамісты сцвярджаюць, што развіцце атамнай энэргетыкі становіцца ўсё менш і менш прыцягальнай з эканамічнага пункту погляду. Доля ядзернай энэргетыкі ў свеце зменшылася за апошнія 20 гадоў з 17,6% да 10,7% і працягвае змяншацца, а 164 ядзерныя рэактары былі зачыненыя. Ветрагенератары, біяпаліва, сонечныя электрастанцыі, гідраэлектрастанцыі, геатэрмальная энэргетыка становіцца ўсё больш актуальнай і займае ўсё больш месца ў выпрацоўцы энэргіі для людзей.

Італія ўвогуле зачыніла ўсе АЭС. У Аўстрыі, з прыкладна такім самым насельніцтвам, як у Беларусі, але эканамічна непараўнальна больш высокаразьвітай, пабудаваную ў 1978 годзе АЭС так і не запусьцілі. Прычынай быў рэферэндум, на якім большая палова аўстрыйцаў выказалася супраць яе эксплуатацыі.  Цікава, які вынік быў бы, калі б такі самы рэферэндум па Беларускай АЭС правесці ў Беларусі. Ды каб яшчэ магчымасці, для тых хто “за” і “супраць” атамнай энэргетыкі, для тлумачэння сваёй пазіцыі былі аднолькавыя. А яшчэ каб галасы справядліва падлічвалі і не мухлявалі, як гэта прызвычаіліся рабіць ўлады ў нас на выбарах. Калі б прапанаваць хаця б палову тых грошай, якія ідуць на БелАЭС, патраціць на альтэрнатыўныя віды энэргетыкі, можа быць тады пытанне з АЭС у Беларусі адпала б само па сабе. Ды хто ў нас лічыцца з думкай людзей.

Экалагічныя праблемы

Экалагічныя праблемы ядзернай энэргетыкі звязаныя з праблемай захавання радыяактыўных адкідаў, з біялагічным уздзеяннем малых доз радыяцыі, якое ўзнікае пры працы АЭС, пры рамонтных працах і, што самае небяспечнае, пры магчымых аварыях на АЭС. Гарантаваць стопрацэнтовую бяспеку для АЭС не бярэцца ніхто, хіба што толькі беларускія чыноўнікі. Аварыя на японскай АЭС “Фукусіма-1” паказала, што з тых ці іншых прычынаў заўсёды можна чакаць паўтарэнне Чарнобыльскай катастрофы. Ці метэарыт, ці няспраўны самалёт, ці тэхнічны збой, ці элементарны недагляд – колькі іх, магчымых прычынаў жахлівай катастрофы.

Ужо наколькі акуратныя, прадбачлівыя, высокатэхналагічныя японцы, але і гэта іх не выратавала ад прыродных катаклізмаў. У выніку, ліквідацыя аварыі на “Фукусіме-1” забярэ, па разліках японцаў, 195 міліярдаў долараў і зойме прыкладна 40 гадоў. 20-кіламетровая зона вакол станцыі пераўтварылася на доўгі час ў зону высялення і бежанства. Херасіма і Фукусіма для японцаў сталі трывалай рыфмаю.

Тэхнічны бок. Надзейнасьць рэактара

Вялікія нараканні з боку незалежных экспертаў выклікаюць рэактары, якія на Беларускую АЭС падахвоцілася паставіць Расія. Хоць і гавораць, што купленаму за крэдыты каню ў зубы не глядзяць, але тут не той выпадак. Па-першае, ніхто не ў захапленні ад надзейнасці расійскай тэхнікі. Агульны ўзровень тэхнічнага развіцця расійскай прамысловасці нізкі. Апроч зброі ды ядзерных рэактараў там не вырабляецца нічога з таго, чым жыве свет. Ну ні нафту ж і не газ вынайшлі расіяне! Ні машын, ні кампутараў, ні тэлефонаў, увогуле – ні-чо-га! Усе – нейкі другі ці трэці гатунак. І гэта непазбежна адбіваецца на такіх высокатэхналагічных прадуктах, як абсталяванне для АЭС. Як кажуць самі расійския эксперты, атамныя рэактары з Расіі “не доведены до ума”.

“АЭС у Астраўцы пад Гародняй па праекце, які не выпрабаваны на практыцы, -- вельмі небяспечная задумка, -- сцвярджае на сайце rucompromat.com прафесар Ігар Астрацоў. -- Адсутнасць дастатковага вопыту эксплуатацыі як рэактарнай устаноўкі ВВЭР-1200, так і блока тыпу “АЭС-2006” у цэлым сур’ёзна павышаюць небяспеку АЭС, якую будуюць у Беларусі, бо некаторыя праблемы могуць з’явіцца не адразу, а праз некаторы час”.

А чаго варты вядомы выпадак, які адбыўся 25 ліпеня 2016 года, калі пры мантажы на БелАЭС стукнулі корпус рэактара. У выніку, расійскі бок пагадзіўся яго замяніць. Дык не ж, 26 снежня пры перавозцы ўжо другога корпусу, ім зачапілі за апору кантактнай сеткі. Гэта тое, што мы ведаем. А што яшчэ маглі схаваць расійскія падрадчыкі і будаўнікі?

Тое ж датычыць іншага расійскага абсталявання на атамныя АЭС. Апошні прыклад: 11 лістапада 2016 года на шостым энэргаблоку Новаваронежскай АЭС у Расіі адбылася аварыя. Праз 15 сутак пасля ўвода ў эксплуатацыю новы энэргаблок быў спынены і пастаўлены на рамонт. Адбылося міжфазнае кароткае замыканне ў абмотцы статару турбагенератара. Ён задыміўся і гучна выбухнуў. На гэты раз пашанцавала, абыйшлося без ахвяраў. Але такі ж самы генератар расіяне ўжо мантуюць на Астравецкай АЭС. А што калі нам не пашанцуе?

Выклікае сумненне якасць агульных будаўнічых працаў, якія вядуцца на БелАЭС. Як заўважаюць незалежныя эксперты, часта ў наезджых будаўнікоў, якія працуюць за невысокія заробкі, не хапае адпаведнай кваліфікацыі і культуры працы. Наступствы знакамітага расійскага “авось” для беларусаў і літоўцаў могуць быць самыя сумныя.

БелАЭС - геапалітычны праект Расіі

Не так даўно доктар тэхничных навук, прафесар Георгій Лепін абнародаваў дакумент, падрыхтаваны навукоўцамі Акадэміі навук Беларусі яшчэ ў 1993 годзе, пра тое, што пляцоўка для будаўніцтва Беларускай АЭС з’яўляецца адной з самых горшых і няўдалых. Астравец з’яўляецца сейсмічна небяспечным раёнам: “Астравецкі пункт перасякае сістэма рэгіянальных разломаў (Ашмянскі ды інш.), якія паказваюць тэктанічную актыўнасць да нашых дзён. У непасрэднай блізасці ад месца мяркуемага будаўніцтва зарэгістраваны эпіцэнтр землятрусу інтэнсіўнасцю да 7 балаў”.

Але ж чаму тады для будаўніцтва БелАЭС замест 22-х прапанаваных навукоўцамі прыймальных пляцовак у краіне выбралі менавіта гэтую? Чаму на тэктанічным разломе расіяне будуюць у Беларусі патэнцыйную ядзерную бомбу? На гэтае пытанне ёсць як мінімум тры адказы, і ва ўсіх іх інтарэсы Расіі адыгрываюць першую ролю.

Эканамічна, праз продаж з Беларускай АЭС “таннай” энэргіі Расія праз Беларусь хацела б мацней прывязаць краіны Прыбалтыкі ды Польшчу да сваёй энэргасістэмы, да расійскага энэргаколца БРЭЛЛ. Але праз геапалітычную небяспеку з боку Расіі краіны Прыбалтыкі заявілі пра пераарыентацыю на еўрапейскую энэргетычную сістэму і выхад з адзінай з Расіяй энэргасеткі. Польшча таксама заявіла, што не збіраецца купляць электраэнэргію з БелАЭС. Такім чынам эканамічна-геапалітычны складнік БелАЭС для Расіі рэзка змяншаецца. У цянётах “таннай” энэргіі, вырабленай з расійскага ядзернага паліва на БелАЭС, пабудаванай за расійскі крэдыт, застаецца толькі Беларусь. 

Другі адказ: размяшчэнне атамнай электрастанцыі ўсяго ў 50-ці кіламетрах ад Вільні, сталіцы Літвы, з’яўляецца прамым шантажом літоўцаў. Расійскім палітычным шантажом, выкананым па класічных гэбісцкіх канонах – не наўпрост, а рукамі беларусаў. Ніколі літоўцы не пагодзяцца з працуючай Беларускай АЭС, гэтай ядзернай мінай запаволенага дзеяння, падкладзенай пад сэрца Літвы. Гэтаксама, як не пагадзіліся б і мы, калі б хтосьці пабудаваў атамную электрастанцыю ў 50-ці кіламетрах ад Менску. Сваю такую не дабудавалі, спынілі ў 1987-м годзе ў мястэчку Дружным, пад Пухавічамі.

І трэці адказ: будаўніцтвам БелАЭС Расія яшчэ больш ускладняе і так няпэўныя еўрапейскія перспектывы Беларусі. Такім чынам Расія адразае для Беларусі шлях у Еўропу і яшчэ больш палітычна прывязвае да сябе. З пабудовай БелАЭС, як расійскага эканамічнага і геапалітычнага праекту, мы ўсё болей апынаемся ў васальнай і каланіяльнай залежнасці ад Расіі. Без сумневаў, пасля запуску Беларускай АЭС, прыбалтыйскія краіны і Польшча абавязковай умовай збліжэння Беларусі і ЕС будуць ставіць пытанне яе спынення.

Вось так, эканомім і робім навар мы на Беларускай АЭС, як Заблоцкі на мыле. Пакуль што мірны атам усё больш аддаляе Беларусь ад Еўропы, дзе мы жылі і развіваліся стагоддзямі. З нашай натуральнай еўрапейскай прасторы, дзе шануюцца правы чалавека і чалавечая годнасць, дзе чалавека чуюць, а не толькі паганяюць ім, мы ўсё больш скатваемся ў азіяцкі абсалютызм. Сцяна паміж Еўропай і Беларуссю становіцца ўсё вышэйшай.

Алесь Бяляцкі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства