viasna on patreon

Мінгарсуд пакідае ў сіле рашэнні па сфабрыкаваных "адміністратыўках", патураючы свавольству міліцыі

2017 2017-04-11T18:27:11+0300 2017-04-11T18:29:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jurenia-euraradyjo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дастаўка Рамана Юрэні ў Кастрычніцкі суд 27 сакавіка. Фота: euroradio.fm

Дастаўка Рамана Юрэні ў Кастрычніцкі суд 27 сакавіка. Фота: euroradio.fm

Студэнт Раман Юрэня, які ўзяўся абскардзіць у Мінгарсудзе пастанову па сфабрыкаванай міліцыяй справе ў выніку яго затрымання 26 сакавіка, абураны не столькі сумай штрафу, досыць вялікай для студэнта з рэгіёну, колькі адсутнасцю магчымасці знайсці абарону ў судзе ад міліцэйскага свавольства.

Будучы затрыманым з кампаніяй сяброў у Верхнім горадзе 26 сакавіка "для высвятлення асобы", а затым асуджаным за "дробнае хуліганства" і "непадпарадкаванне міліцыі" па сфабрыкаваным міліцыяй пратаколе, малады чалавек не адчайваўся, захоўваў надзею знайсці справядлівасць у касацыйнай інстанцыі, куды абскардзіў пастанову суда Кастрычніцкага раёна Мінска, якая яшчэ не ўступіла ў сілу. 10 красавіка суддзя Мінскага гарадскога суда Максім Лабко адхіліў скаргу Рамана Юрэні, паводле хлопца, імкліва пакінуўшы кабінет пасля абвяшчэння свайго рашэння і не даўшы адказаў на яго пытанні.

Пасля судовага паседжання Раман, які ўпершыню сутыкнуўся з беларускім "правасуддзем", у поўнай разгубленасці прыйшоў у "Вясну" разам з сябрамі, якія былі гатовыя выступіць сведкамі перад судом, а таксама паказаў відэа свайго затрымання, зробленае "Еўрарадыё", абапіраючыся на якое, журналіст Ілля Маліноўскі па пунктах разабраў міліцэйскі пратакол і абверг ключавыя звесткі ў ім - час і месца затрымання, паводзіны хлопца і яго сяброў пры затрыманні.

Такім чынам, паводле выкладзенай у пратаколе легенды, Раман Юрэня 26 сакавіка "каля 12:30 у грамадскім месцы - паблізу д. 1 на пл. Кастрычніцкай у г. Мінску гучна крычаў, груба нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі, паводзіў сябе задзірліва, на заўвагі не рэагаваў, чым парушаў парадак і спакой грамадзян. Пасля гэтага, будучы затрыманым супрацоўнікамі міліцыі за здзяйсненне адміністратыўнага правапарушэння, адмаўляўся падпарадкоўвацца законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, адмаўляўся сесці ў службовы аўтамабіль для пераезду ў РУУС, сядаў на зямлю, упіраўся, хапаўся за форменнае абмундзіраванне".

Але, як паказвае відэа, прамая трансляцыя "Еўрарадыё" пачалася ў 13:45 і ў гэты момант хлопцы ішлі па Плошчы Свабоды, а за імі - людзі ў цывільным. Спрабуючы адарвацца ад пераследвальнікаў, Раман і яго сябры спусціліся па вуліцы Зыбіцкай да моста праз раку Свіслач. Там да кампаніі падышоў супрацоўнік міліцыі, узяў дваіх хлопцаў за плечы і сказаў: "Пройдзем!". Такім чынам журналіст зафіксаваў рэальны час і месца затрымання - 13:57 па адрасе вуліца Зыбіцкая, 27. Дзеянняў Рамана ў гэты момант, якія былі ўказаныя ў пратаколе, а затым перавандравалі з яго ў пастанову Кастрычніцкага суда, відэа не пацвярджае: хлопцы толькі пытаюцца ў міліцыі: "Скажыце, я затрыманы?" і "На якіх падставах?".

Раман Юрэня прынёс відэа "Еўрарадыё" на разгляд па ягонай скарзе ў Мінгарсуд, спадзеючыся на тое, што суд прыме яго ў якасці неабвержнага доказу, а таксама правядзе апытанне сведак - яго сябра Георгія Сухната, разам з якім ён затрымліваўся, і журналіста Іллі Маліноўскага. Ніжэйстаячы суд у задавальненні аналагічных хадайніцтваў хлопцу адмовіў, і, нягледзячы на тое, што з моманту адміністратыўнага працэсу прайшлі ўжо два тыдні, Раман узгадвае пра яго з несуцішным пачуццём абурэння:

"Мяне выклікаюць у залу судовых паседжанняў. Там знаходзімся суддзя, сакратарка, я і мой канваір. Суддзя зачытвае правы, пытаецца, ці не хачу я іншага суддзю. Я думаю, што якая мне розніца, я і гэтага суддзю чакаў тры гадзіны [з моманту дастаўкі з ЦІПа ў суд 27 сакавіка, калі ў Мінску адбываліся суды над затрыманымі 25-га і 26-га чысла - рэд.], а іншага наогул ніколі не дачакаюся. І вось суддзя просіць распавесці, як усё было - я распавядаю, што дзесьці а другой гадзіне дня на Нямізе, быў пераслед і гэтак дале ... Суддзя на ўсё кажа "зразумела". Яшчэ гляджу - сакратарка ўсё так хутка запісвае... Затым суддзя кажа - так і так, называе тыя ж два артыкулы, 40 базавых, абскардзіць на працягу 10-ці дзён, падысці ў канцылярыю за копіяй пастановы... А з пастановы я затым даведаюся, што, я, аказваецца, растлумачыў, што ў 12:30 быў на Кастрычніцкай ну і ўсё гэтак далей... То бок, пастановы суддзі пішуць загадзя, у сведках - левыя людзі, а нам адведзеная роля незразумелых персанажаў ва ўсім гэтым спектаклі..."

Пра разгляд сваёй касацыйнай скаргі ў Мінскім гарадскім судзе распавядаць без моцных эмоцый хлопец таксама не можа:  

"Прыходжу я ў кабінет 308, там сядзіць суддзя. Пачынаецца паседжэнне, ён нічога не тлумачыць, пытаецца, ці ёсць хадайніцтвы. Я кажу, што ёсць - аб далучэнні да справы відэа нашага затрымання. Дастаю дыск, ён ўстаўляе яго, сядзім глядзім - там 14 хвілін ідзе запіс. Пытаецца, ці буду я тлумачыць. Я камэнтую ўсё, што ёсць на відэа. Звяртаю яго ўвагу на момант, калі нас узялі, што там ніякага супраціву няма. Відэа паглядзелі. Пытаецца, ці ёсць яшчэ хадайніцтвы. Кажу, што ёсць - пра тое, каб дапытаць Георгія Сухната і Іллю Маліноўскага як людзей, якія непасрэдна прысутнічалі пры затрыманні. Ён адказвае, што, маўляў, так і так, "бо пастанова не ўступіла ў законную сілу, сведак мы не апытваем". Я нічога не зразумеў, але спрачацца не стаў. Ён папрасіў мяне выйсці да прыняцця рашэння суда".

Па словах Рамана, на прыняцце рашэння суддзі спатрэбілася практычна ўдвая больш часу, чым на правядзенне самога паседжання, а яго сыход пасля абвяшчэння рашэння быў імклівым.

"Затым выклікае мяне і паведамляе, што такомусьці ў задавальненні скаргі адмовіць, рашэнне пакінуць без зменаў. І ён вось ужо пачынае сыходзіць з кабінета, я наўздагон пытаюся, у якія тэрміны можна абскардзіць і дзе браць копію пастановы, на што ён адказвае, што ўсё згодна з заканадаўствам, і знікае за дзвярыма".

Ужо ў канцылярыі суда хлопцу патлумачылі, што дашлюць поштай матываваную пастанову суда і ў яго будзе паўгады часу на абскарджанне.

У сітуацыі з відэа і сведкамі затрымання Рамана Юрэні, якія суд Кастрычніцкага раёна пакінуў без увагі, праваабаронцы кажуць пра магчымасць запатрабаваць ад Мінгарсуда накіравання яго справы на новы разгляд, паколькі суд першай інстанцыі не прыняў усіх неабходных мераў для ўстанаўлення аб'ектыўнай праўды па справе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства