Заява ў сувязі з падзеямі 25 - 26 сакавіка ў Мінску і іншых гарадах Беларусі
Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў (EEAS)
Прадстаўніцтву ЕС у Рэспубліцы Беларусь
Еўракамісару па пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і пашырэння
27 сакавіка 2017 г.
Заява Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства
У сувязі з падзеямі 25-26 сакавіка 2017 года ў Мінску і іншых гарадах Беларусі
У папярэднія тыдні і асабліва ў апошнія дні мы ўсе сталі сведкамі рэпрэсіўных мер у дачыненні да грамадзян - удзельнікаў мірных дэманстрацый. Асаблівую ўвагу звяртае на сябе абсалютна беспрэцэдэнтная колькасць затрыманняў грамадзян, якія рэалізуюць свае канстытуцыйныя правы на свабоду выказвання меркаванняў, слова і мірных сходаў 25 сакавіка 2017 года ў г. Мінску, а таксама ў іншых гарадах краіны. Асаблівае абурэнне ў сувязі з гэтым выклікае масавае ўжыванне гвалту і рэпрэсіўных мер з боку службовых асоб і сілавых структур Рэспублікі Беларусь у дачыненні да асоб, якія ўдзельнічаюць у мірных акцыях пратэстах.
Асобна варта адзначыць неадэкватнасць і неаб'ектыўнасць інфармацыі з нагоды запланаваных і праведзеных мірных пратэстных акцый у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, якая шнтучна і зламысна малюе вобраз ворага і выкарыстоўвае мову варожасці.
Таксама немагчыма пакінуць без увагі і асуджэння затрыманні беларускіх і міжнародных праваабаронцаў пры выкананні і спробе выканання маніторынгу падзей, у прыватнасці затрыманні ў офісе Праваабарончага цэнтру "Вясна", затрыманні сябраў Беларускага Хельсінкскага камітэта і інш. У чарговы раз у ходзе падзей 25 і 26 сакавіка 2017 г. мелі месца затрыманні журналістаў пры выкананні прафесійных абавязкаў.
Дадзеныя дзеянні з боку органаў улады не адпавядаюць палажэнням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзеючаму заканадаўству, міжнародным абавязальніцтвам краіны, зневажаюць каштоўнасці дэмакратыі і правоў чалавека.
Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства лічыць, што ў існуючых умовах ўзаемадзеянні паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам не могуць працягвацца ў ранейшым рэжыме. Мы заклікаем адказных асоб ЕС
аб'ектыўна ацаніць сітуацыю, якая склалася і разгледзець магчымасці, роўна як умовы і абмежаванні для развіцця дыялогу ЕС-Беларусь.
Мы прапануем адкласці Каардынацыйную сустрэчу ЕС-Беларусь, запланаваную на 3-4 красавіка 2017г. у Мінску да вызвалення і зняцця абвінавачванняў з усіх затрыманых у сувязі з акцыямі мірнага пратэсту, што праходзяць у Беларусі ў лютым-сакавіку 2017 г., правядзення аб'ектыўнага, справядлівага і заснаванага на законе расследавання па фактах адвольных затрыманняў, жорсткага абыходжання з удзельнікамі пратэстаў і прыцягнення вінаватых асоб да адказнасці.
Мы таксама лічым неабходным перагледзець фармат Дыялогу аб правах чалавека паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам, уключыўшы ў парадак дня канкрэтныя абавязацельствы беларускай дзяржавы ў дачыненні да выканання правоў і свабод грамадзян.
Мы заклікаем Еўрапейскі саюз зрабіць адпаведныя крокі, якія маглі б спрыяць рэальнаму і шырокаму дыялогу ўлады з грамадствам. Са свайго боку, мы прапануем Беларускую нацыянальную платформу Форума грамадзянскай супольнасці як адну з магчымых пляцовак для такога дыялогу.