Заява МЗС Польшчы ў сувязі з падзеямі ў Мінску
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча апублікавала заяву ў сувязі з падзеямі ў Мінску 25 сакавіка 2017 года. Ніжэй пададзены тэкст заявы.
27 сакавіка 2017
Міністэрства замежных спраў з занепакоенасцю адзначыла спосаб, якім улады Беларусі перашкаджалі правядзенню мірнага пратэсту ў Мінску 25 сакавіка 2017 года.
Прэвентыўныя затрыманні і арышты, а таксама запужванні журналістаў і дзеячаў незалежных арганізацый, інфармацыя пра якія даходзіла як на мінулым тыдні, так і ў дзень пратэсту, у тым ліку ўварванне ў памяшканне арганізацыі “Вясна” і ўскладненне маніфестантам прыезду на месца дэманстрацыі ў Мінску – гэта прыклады парушэння асноўных грамадзянскіх свабодаў і правоў чалавека ў апошні час на Беларусі.
Мы заклікаем службы правапарадку спыніць гвалт і неадкладна вызваліць затрыманых з-пад арышту.
Падставы, на якіх ЕС хоча будаваць сталыя адносіны з Беларуссю, - гэта павага да правоў чалавека і асноўных свабодаў, у тым ліку свабоды слова, права на свабоду сходаў і аб’яднанняў, і захаванне палітычных правоў усіх грамадзянскіх рухаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і абавязальніцтвамі.
Прэс-служба
Міністэрства замежных спраў Польшчы