У Мінску затрымалі Зміцера Дашкевіча
Апоўдні 10 сакавіка ў Мінску, непадалёк ад Управы БНФ, людзі ў цывільным затрымалі абаронцу Курапатаў Зміцера Дашкевіча. Актывіст вёў прамы эфір палявання на сябе ў Фэйсбуку.
Момант затрымання Дашкевіча таксама зняў Юрась Губарэвіч. На відэа, якое ён змясціў у сваім акаўнце, бачна, як людзі ў цывільным скруцілі Дашкевіча, зацягнулі ў белы мікрааўтобус і звезлі.
Быў на кухні, як пачуў з іншага боку дома крыкі: “Людзі, ратуйце! Бандыты!“ Калі падбег да вакна, то пабачуў, што чалавекі чатыры-пяць валтузаюць па зямлі і спрабуюць адарваць таго, хто крычаў, ад дрэваў. Разглядзець, хто гэта было немагчыма, але не цяжка было здагадацца. Відавочна, што Зміцер супраціўляўся працяглы час, бо вакол сабраўся невялікі натоўп мінакоў. Людзей у форме не было. Машыны без апазнавальных знакаў. Усё гэта выглядала на сапраўдны бандыцкі напад і кіднэпінг...
Праз гадзіну пасля затрымання высветлілася, што Зміцер Дашкевіч дастаўлены ў суд Савецкага раёна. На яго былі складзены пратаколы за "дробнае хуліганства" (артыкул 17.1 КаАП), "парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў" (артыкул 23.34, ч.1, ч.2). Наста Дашкевіч, якая паведаміла пра гэта ў Фэйсбуку, не выключае, што гэта не поўны пералік парушэнняў, у якіх вінавацяць яе мужа.