Алесь Капуцкі: “Ластаўка” заклікана запоўніць інфармацыйны вакуум у рэгіёне
Напрыканцы мінулага года ў беларускай інтэрнэт-прасторы з’явіўся краёвы інфармацыйны партал “Ластаўка.інфо”. Сайт прысвечаны актуальным пытанням у грамадскім жыцці Маладзечанскага, Вілейскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў.
Адзін са стваральнікаў парталу Алесь Капуцкі адзначыў, што асноўнымі тэмамі на сайце з’яўляюцца правы чалавека, экалогія, а таксама гісторыя і культура.
“Мы стварылі партал “Ластаўка” з той мэтай, каб запоўніць інфармацыйны вакуум, які, на жаль, не могуць запоўніць рэгіянальныя незалежныя СМІ, якія ў нас існуюць. Значная частка публікацый на сайце прысвечана праблемам Астравецкай АЭС, будаўніцтву свінакомплексаў у Маладзечанскім раёне і іншым экалагічным пытанням, якіх у нашым рэгіёне шмат. Таксама для нас прыярытэтным з’яўляецца асвятленне гучных падзей, якія тым ці іншым бокам звязаныя з захаваннем правоў чалавека. Напрыклад, мы пільна сочым за ходам судовай справы па гібелі школьніцы пры зборы бульбы, таксама не пакідаем без увагі мерапрыемствы, арганізаваныя дэмакратычнымі коламі”.
Большасць матэрыялаў на інфармацыйным партале “Ластаўка.інфо” публікуецца на беларускай мове. Стваральнікі сайту спадзяюцца, што праз некаторы час “Ластаўка” стане даволі значнай крыніцай інфармацыі ў рэгіёне.