Скаргу незалежнага гарадзенскага журналіста зарэгістравалі ў КПЧ ААН
Журналіст-фрылансер, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Кіркевіч атрымаў з Камітэта ААН па правах чалавека паведамленне пра рэгістрацыю ягонай скаргі на рашэнні судоў Беларусі ў дачыненні яго. У Беларусі журналіст неаднаразова быў штрафаваны за «працу як журналіста без акрэдытацыі ў МЗС». Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, пакуль гэта адказ з Жэневы на першую скаргу. Агулам Алесь адаслаў дзве скаргі:
— Скаргі былі звязаныя з перашкодамі, якія чыніліся мне і маім калегам у прафесійнай дзейнасці, у занятку журналістыкай. У выніку мы падалі адпаведныя скаргі ў камітэт пра правах чалавека ААН і нарэшце яны былі зарэгістраваныя, прынятыя. Гэта адзін з этапаў змагання на міжнародным узроўні за свае правы на права займацца сваёй прафесіяй у Беларусі, як бы гэта не было парадаксальна.
Усе неабходныя паперы на перасылку ў Жэневу, у Камітэт па правах чалавека падрыхтавалі праваабаронцы гарадзенскага прадстаўніцтва праваабарончага цэнтру «Вясна». Нагадаем, што Алесь Кіркевіч быў аштрафаваны на 25 базавых адзінак у 2015 годзе паводле артыкула адміністрацыйнага кодэкса Беларусі 22. 9 частка 2 (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі).