Гарадзенскіх праваабаронцаў судзяць за Свіслацкі фэст
У судзе Ленінскага раёна Гародні 5 снежня разглядаюцца некалькі адміністрацыйных спраў супраць грамадскіх актывістаў Сяргея Верамеенкі, Віктара Сазонава ды Уладзіміра Хільмановіча. Па інфармацыі “Радыё Рацыя” , падставай для складання пратаколаў правапарушэння стаў іх удзел у традыцыйным Свіслацкім фэсце паўстанцаў 1863 году. Свята Паўстанцаў штогод праходзіць у Свіслачы Гарадзенскай вобласці ў прысутнасці міліцыянтаў.
Пра працэсуальныя парушэнні кажа праваабаронца Віктар Сазонаў:
– Я дакладна магу сцвярджаць, што ніводнага папярэджання работнікі міліцыі і работнікі спецслужбаў людзям не зрабілі. Ніхто ім не сказаў, што яны нешта парушаюць, альбо, што яны сабраліся на несанкцыянаванае мерапрыемства. Хоць мы ведаем, што прысуды вырашаюцца да судоў, і гэта ніяк не паўплывае, але тым не менш гэта будзе сказана і гэта будуць мае патрабаванні, каб суды звярнулі ўвагу на такія паводзіны тых, хто складае пратаколы. Дзе яны былі, калі бачылі парушэнні? Чаму яны не спынілі адразу?
На грамадскіх актывістаў былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па частцы 3 артыкула 23.34 (парушэнне парадку аб правядзенні масавых мерапрыемстваў) .
Тым часам стала вядомая дата разгляду адміністрацыйнай справы ваўкавыскага грамадскага актывіста Віталя Гуляка, якога таксама будуць судзіць за ўдзел у традыцыйным Свіслацкім фэсце памяці паўстанцаў 1863 году. У Ваўкавыскім раённым судзе 16 снежня ў пятніцу а 14.15 справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Талашка.
Напомнім, што на Гуляка складзены пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне па частцы 3 артыкула 23.34 (парушэнне парадку аб правядзенні масавых мерапрыемстваў).
Нагадаем, за ўдзел у Свіслацкім фэсце каля дзесяці чалавек пакараныя грашовымі штрафамі, некаторыя ўдзельнікі яшчэ чакаюць адміністрацыйных судоў.