Актывісты распавялі пра кошт беларускай свабоды ў інфаграфіцы
У развіццё тэмы пра тое, як дзяржава зарабляе на штрафах за ўдзел грамадзянаў у мірных сходах. Ініцыятыва "За справядлівы суд у Беларусі" і Беларускі дакументацыйны цэнтр разам з інтэрнэт-парталам TUT.BY падсумавалі прысуджаныя дэмакратычным актывістам штрафы, інфармацыя пра якія праходзіла ў СМІ з траўня 2015 года.
Дэманструемыя ўладамі "мяккія практыкі" падаўлення грамадзянскіх свабодаў, паводле іх падлікаў, прынеслі ў дзяржказну каля 55 тысяч даляраў ЗША (1 063 150 000 беларускіх рублёў да дэнамінацыі).
Актывістка Групы "За справядлівы суд у Беларусі" Людміла Кучура распавяла ў інтэрв'ю БДЦ, што аўтары ідэі не ставілі перад сабой у якасці асноўнай задачы сабраць вычарпальную інфармацыю пра штрафы, паколькі гэта наўрад ці магчыма ў сённяшніх умовах. Яны такім чынам паспрабавалі "не толькі паказаць беларусам схаваны маштаб рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне, але і ўзняць гэтую праблему на міжнародны ўзровень".
"Мы займаліся зборам інфармацыі і дакументаў ўсяго два месяцы. Мы не можам параўнаць свае сілы і магчымасці беларускай рэпрэсіўнай машыны. Мы сустракаліся з актывістамі, на якіх накладаліся спагнанні, і прасілі іх падаць дакументы. У нас не было мэты сабраць УСЁ. Гэта немагчыма ў нашых умовах. Нават тое, што зроблена, уражвае і паказвае маштаб процідзеяння невялікай групы актывістаў і дзяржавы", - патлумачыла яна.
Пытанне аб тым, ці трэба збіраць поўную інфармацыю пра штрафы, аўтары ідэі пакідаюць на вырашэнне самім актывістам і спадзяюцца на падтрымку з боку грамадства.
"Для мяне важным з'яўляецца цяпер тое, што грамадзяне не могуць рэалізаваць сваё права на свабоды, гарантаваныя Канстытуцыяй краіны. І калі мы зараз будзем маўчаць пра гэту праблему, кляп у роце будзе ва ўсіх беларусаў яшчэ доўгія гады. Калі не казаць, нас не пачуюць. І мы будзем старацца падымаць праблему справядлівых судоў і выканання Канстытуцыі краіны на ўсіх узроўнях - у краіне і за мяжой", - кажа Людміла Кучура.
Актывістка прапануе аналізаваць прадстаўленую інфармацыю і рабіць высновы.
Глядзець поўную версію інфаграфікі можна на сайце Беларускага дакументацыйнага цэнтра.