Антыцыганскую рыторыку ў “Зоне Х” спісалі на “кадравыя змены”
Валянцін Стэфановіч атрымаў з Белтэлерадыёкампаніі адказ на свой зварот адносна паведамлення перадачы “Зона Х”, у якім трансляваліся негатыўныя стэрэатыпы ў дачыненні да цыган. Прынятых у выніку звароту мераў, пра якія паведамляецца праваабаронцу, на яго думку, недастаткова.
Заўвага праваабаронцы тычылася паведамлення, якім суправаджаўся відэа-матэрыял у Твітэры “Зоны Х”: “Першае відэа з залі суда ў Бабруйску, дзе прагучаў прысуд наркагандляру. Дарэчы, абвінавачаны з этнічных цыган”.
Стэфановіч нагадаў кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі, што гэта не першы выпадак праяваў непрафесіяналізму журналістаў тэлеканала “Беларусь 1” і што ў адказ на ранейшы яго зварот Генадзь Давыдзька запэўніваў, што “гутарка аб недапушчальнасці праяваў знявагі да любой нацыянальнасці праведзена з усім аддзелам крымінальных навінаў”.
Гэтым разам на зварот праваабаронцы адказаў намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў. І яго адказ выглядае як спроба адхрысціцца ад акаўнта “Зоны Х” у Твітэры. Бо замест таго, каб даць ацэнку непасрэдна змешчанаму там паведамленню да відэа, на якое і наракаў Стэфановіч, ён пераводзіць фокус на сюжэт, паказаны ў тэлеэфіры, пра які гаворка ў звароце праваабаронцы і не вялася: “падрыхтаваныя работнікамі аддзела крымінальных навін відэасюжэты, распаўсюджаныя 28.09.2016 у перадачы “Зона Х” у складзе тэлепраграмы “Беларусь 1”… адпавядаюць патрабаванням заканадаўства ў частцы захавання правоў і законных інтарэсаў нацыянальных меншасцяў” і “ў названых сюжэтах адсутнічаюць звесткі аб нацыянальнасці абвінавачанай асобы”. Але пасля Маркаў усё ж вяртаецца да старонкі ў Твітэры, адзначаючы, што яна “сродкам масавай інфармацыі не з’яўляецца і вядзецца непасрэдна работнікам аддзела крымінальных навін”. І працягвае: “У сувязі з пэўнымі кадравымі зменамі ў складзе аддзела крымінальных навін у чарговы раз да работнікаў аддзела даведзена інфармацыя аб неабходнасці пры асвятленні звестак аб учыненых правапарушэннях асобамі розных нацыянальнасцяў … акцэнтаваць увагу толькі непасрэдна на фактах здзяйснення злачынстваў, з называннем пры неабходнасці грамадзянства канкрэтных асоб”.
“З аднаго боку, я задаволены, што па звароце былі прынятыя меры – як вынікае з адказу, праведзена праца з супрацоўнікамі аддзела крымінальных навінаў, і хацелася б спадзявацца, што такога кшталту рэчы усё ж не будуць паўтарацца", - кажа Валянцін Стэфановіч. І дадае рэмарку наконт старонкі ў Твітэры:
“Хацеў бы зазначыць, што яна з’яўляецца старонкай перадачы “Зона Х”, а не асабістай старонкай нейкага чалавека, то бок такую інфармацыю распаўсюджваюць супрацоўнікі аддзела тэлеканала і такім чынам спрыяюць фармаванню негатыўных стэрэатыпаў у дачыненні да цыган як нацыянальнай групы, што з’яўляецца недапушчальным”.
З іншага боку, праваабаронца лічыць, што прынятых мераў, пра якія паведамляецца ў адказе, недастаткова. Ён бачыць неабходнасць правядзення ў Беларусі кампаніі, якая б прыцягвала ўвагу да важнасці этычнай журналістыкі, і адносіць гэта да задачаў прафесійных саюзаў.
“Я заходзіў на сайт Беларускага саюза журналістаў, там ёсць Кодэкс прафесійнай этыкі журналіста, які грунтуецца на базісных міжнародных падыходах. У Кодэксе ёсць артыкул, які дэкларуе павагу да агульначалавечых каштоўнасцяў. Сярод іншага там гаворыцца, што журналіст павінен сваёй дзейнасцю дапамагаць пазбегнуць насцярожанасці ў адносінах паміж народамі, абуджаць у сваіх чытачах, гледачах, слухачах павагу да правоў і годнасці ўсіх нацый і ўсіх людзей незалежна ад полу, расы, мовы, нацыянальнай прыналежнасці і так далей. І мне падаецца, што варта весці гаворку пра адпаведнае навучанне журналістаў прафесійнай этыцы ў кантэксце праваабарончых падыходаў. Добра было б, каб прафесіныя журналісцкія саюзы, афіцыйныя і неафіцыйныя, праводзілі працу з сваімі сябрамі ў гэтым кірунку. У іх ёсць камісіі па этыцы, і гэта мне бачыцца іх функцыяй – укараненне праваабарончага падыходу ў журналісцкай дзейнасці”, - кажа Стэфановіч.
Ён дадае, што часам даводзіцца чуць заўвагі накшталт “у вас, праваабаронцаў, свае падыходы, а ў нас, журналістаў, свае”, з чым ніяк не можа пагадзіцца.
“Падыходы мусяць быць аднолькавыя. Варта пачытаць прынятыя міжнароднай журналісцкай супольнасцю дакументы – этычныя кодэксы, “Кэмдэнскія прынцыпы”, распрацаваныя арганізацыяй ARTICLE 19, і іншыя – паўсюль замацаваны праваабарончы падыход. Паводле міжнародных дакументаў, журналісцкая супольнасць таксама стаіць на абароне правоў чалавека. Журналісты павінны прасоўваць гэты падыход і не дапускаць спрыяння сваёй дзейнасцю дыскрымінацыйным паводзінам у грамадстве”, - падвынікоўвае праваабаронца.