Алесь Бяляцкі: Тое, што Эдуард Пальчыс на волі, гэта і наша невялікая перамога
28 кастрычніка Мінскі гарадскі суд прызнаў вінаватым блогера Эдуарда Пальчыса і прысудзіў яго да 1 году і 9 месяцах без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пальчыса вызвалілі ў зале суда. З улікам ужо праведзенага часу ў СІЗА яму засталося правесці пад падпіскай аб нявыездзе ўсяго месяц. Пастаноўлена спагнаць з абвінавачанага Пальчыса ў даход дзяржавы працэсуальныя выдаткі ў суме 286 рублёў 89 капеек.
Пальчыса прызналі вінаватым па абодвум артыкулах абвінавачання - распальванні нацыянальнай варожасці і распаўсюдзе парнаграфіі. Па першым ён атрымаў год абмежавання волі, па другім - год і дзевяць месяцаў. Выніковы тэрмін атрымаўся шляхам паглынання больш строгім абвінавачваннем менш строгага. У выніку Пальчысу таксама залічыўся той час, які ён правёў у СІЗА.
Былыя палітвязні падзяліліся на сайце palitviazni.info сваімі ўражаннямі ад рашэння суда.
Алесь Бяляцкі:
— Асабіста я лічу, што не было ніякіх падстаў прызнаваць абвінавачванні судом, і беларуская праваабарончя супольнасць рабіла заяву, што гэтая справа – палітычна матываваная. Таму сёння з жалем канстатую, што вылучаныя супраць Пальчыса артыкулы былі пацверджаны судом.
Але тая кампанія за вызваленне Эдуарда Пальчыса, якую праводзіла беларуская грамадскасць – праваабаронцы, журналісты, грамадскія актывісты – яна дала свой плён. Як мне падаецца, тое, што ён выйшаў на волю, гэта ёсць таксама і наша невялікая перамога.
Зміцер Дашкевіч:
– Прысуд досыць прадказальны ў сёняшніх рэаліях, бо зараз дзьмуць крыху іншыя геапалітычныя вятры, чым раней. Таму гэта – самае прадказальнае дваістае рашэнне. З аднаго боку Эдуард вінаваты па ўсіх пазіцыях абвінавачвання, з іншага – яму даюць тэрмін, які не звязаны з пазбаўленнем волі. Хаця мы, безумоўна, рады, што ён вызвалены.
Хачу нагадаць, што ўсе палітвязні, якіх вызваляў гэты рэжым, яны так і вызваляліся. З аднаго боку аказваліся на волі, але былі пад абмежаваннямі і заставаліся вінаватымі.
Павел Севярынец:
– Дзякуй Богу, што хлопец на волі, хаця напярэдадні прадчуванні былі пяцьдзесят на пяцьдзесят. Мы ж ведаем нашую сістэму, там ад юрыспрудэнцыі нічога не залежыць, а залежыць ад рашэння ўлады і геапалітыкі. Але добра, што на волі, і, думаю, многія беларусы, якія сачылі за гэтым працэсам, сёння зрабілі такую выснову: браць прыклад з Эдуарда варта. Варта змагацца, перамагаць, праходзіць выпрабаванні, каб перамагчы.
Насамрэч улада баіцца такіх людзей, як Пальчыс, – смелых і таленавітых. Яна баіцца, што такія людзей “з ніадкуль” часам ананімна, у Інтэрнэце, але робяць вельмі шмат для беларускай незалежнасці. Яны баяцца такой народнай творчасці.
Мікалай Статкевіч:
– Я ацэньваю прысуд, як спробу беларускай улады дагадзіць адначасова і Маскве, і Захаду. Маскве імкнуцца дагадзіць, каб паказаць, што ў нас караюць тых беларусаў, якія выступілі з асуджэннем расійскай агрэсіі і вялі кампанію супраць яе. Таму Эдуард пакараны – ён атрымаў тэрмін, прызнаны злачынцам і пэўны час яму давядзецца знаходзіцца ў сітуацыі хатняй “хіміі”.
Гэта, безумоўна, прыніжальна, але разам з тым, ён застанецца дома, у сваёй сям’і. І гэта не будзе ўспрынята Захадам, як крымінальнае пакаранне. Атрымліваецца, што ўлады дагадзілі і тым, і тым.