viasna on patreon

У збіцці геяў следчыя не знайшлі крыміналу

2016 2016-09-08T13:09:31+0300 2016-09-08T13:16:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lgbt-chalavek.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота ПЦ "Вясна"

Ілюстрацыйнае фота ПЦ "Вясна"

Следчыя так і не змаглі знайсці складу злачынства і адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце бойкі паміж прадстаўнікамі ЛГБТ-супольнасці і кампаніі маладых людзей. 

Гэтыя падзеі разгарнуліся яшчэ надвячоркам 7 траўня, калі прадстаўнік ЛГБТ-супольнасці Віталь і яго сябар адпачывалі на беразе Мінскага мора. Яны праглядалі розныя відэа з сацыяльных сетак на тэлефоне, калі раптоўна побач праляцела бутэлька з вадой, ледзьве не трапіўшы ў іх.

Па словах Віталя, хлопцы зразумелі, што бутэлька прызначалася менавіта ім, бо пачулі ў свой адрас абразы гамафобнага кшталту ад кампаніі маладых людзей, якая адпачывала побач. 

Віталь узгадвае:

“Адзін з іх падышоў да нас і працягнуў абражаць, затым да яго далучыліся яшчэ некалькі чалавек.  Я і мой сябар спрабавалі сысці, аднак не паспелі, і ў выніку завязалася кароткая бойка.

Яна скончылася тым, што нападнікі ў колькасці 10 чалавек сталі збірацца дахаты, а мы вырашылі выклікаць міліцыянтаў. Мы разумелі, што знаходзімся ў прыгарадзе, і патруль хутчэй за ўсё прыедзе няхутка, таму вырашылі зняць нападнікаў на фота і відэа. І калі тыя ўбачылі, як іх здымаюць, то зноў распачалася бойка, ужо з-за фотасведчання. У мяне выхапілі тэлефон і выкінулі ў ваду, а самога павалілі на зямлю і збілі. Сябра спрабаваў мяне абараніць, але таксама быў збіты”.

Пазней хлопцы ў лякарні зафіксавалі атрыманыя траўмы: у сябра Віталя быў зламаны нос, сам Віталь атрымаў шмат удараў і ранак.

Міліцыянты прыехалі толькі праз 30-40 хвілін пасля здарэння. Нападнікі ўжо паспелі разбегчыся, але адзін з іх кампаніі ездзіў на машыне па акрузе і збіраў усіх астатніх. Пацярпелыя выпадкова ўбачылі яго машыну ў той самы момант, калі пад’ехала міліцыя. У выніку частку нападнікаў усё-такі змаглі затрымаць.

Справа знаходзілася на разглядзе ў Ждановіцкім АМ Мінскага РУУС з пачатку траўня па канец чэрвеня. Юнакі вельмі спадзяваліся, што за 2 месяцы яна неяк зрушыцца з месца, аднак гэта не адбылося. Следчыя не знайшлі ў дзеяннях абодвух бакоў складу злачынства, прадугледжанага арт. 339 КК РБ, на падставе чаго адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Аднак Віталь з сябрам перакананыя, што міліцыя правяла толькі павярхоўную праверку. Усіх тых, каго міліцыянты не змаглі затрымаць у дзень здарэння, яны нават і не шукалі, хаця сам Віталь лёгка змог знайсці астатніх хуліганаў у сацсетках. Пры дапамозе адваката юнакі падрыхтавалі скаргу на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і адправілі яе ў пракуратуру. Зараз яны чакаюць адказ. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства