Эксперт БАЖ: Калі выбаршчык захоча даведацца, хто з кандыдатаў і калі будзе выступаць у эфіры, ён такую інфармацыю нідзе не знойдзе
Беларуская асацыяцыя журналістаў 17 жніўня прадставіла вынікі другога этапу маніторынгу асвятлення парламенцкіх выбараў у беларускіх СМІ, які праводзіўся з 25 ліпеня па 14 жніўня.
У ахоплены перыяд завяршыўся збор подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў, выбарчыя камісіі правяралі пададзеныя дакументы і рэгістравалі кандыдатаў, узяла пачатак агітацыйная кампанія.
Аднак, як і на папярэднім этапе маніторынгу, галоўнымі актарамі выбарчага працэсу для дзяржаўных СМІ заставаліся Цэнтральная і акруговыя выбарчыя камісіі.
Кіраўнік групы маніторынгу БАЖ Алесь Анціпенка адзначыў, што журналісты надзвычай вялікую ўвагу надаюць Цэнтральнай выбарчай камісіі, пры гэтым робяць дастаткова вялікія інтэрв’ю са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, якая з’яўляецца тэлезоркай другі год запар на нашых тэлеэкранах.
“Наш маніторынг паказвае, што ЦВК атрымлівае значны адсотак часу ў параўнанні з усімі астатнімі суб’ектамі маніторынга. Так, праграма “Панарама” (“Беларусь-1”) адвяла ЦВК амаль 22% часу, праграма “Нашы навіны” (АНТ) – 17%, а праграма “Радыёфакт” – ажно 23% часу параўнальна з усімі астатнімі суб’ектамі маніторынгу”, - падкрэсліў эксперт.
Алесь Анціпенка лічыць, што гэта не выпадковая, а своеасаблівая сітуацыя пры якой журналісты замест таго, каб пацікавіцца, што адбывалася ў гэты перыяд выбарчай кампаніі ў іншых суб’ектаў, напрыклад, у палітычных партый і грамадскіх арганізацый, якія прэтэндавалі на ўваход у склад розных камісій, аддаюць перавагу вельмі лёгкаму спосабу атрымання надзвычай тэхнічнай і арганізацыйнай па сваім характары інфармацыі.
Як раней адзначалі эксперты БАЖ, выбарчая парламенцкая кампанія супала ў значнай ступені з правядзеннем гульняў у Рыа. Калі ў папярэдніх парламенцкіх кампаніях рэгістрацыя кандыдатаў пачыналася пасля закрыцця алімпійскіх гульняў, то гэтым разам значная частка перыяда агітацыі супадае з трансляцыямі і вялікім аб’емам спартовай інфармацыі ў дзяржаўных і недзяржаўных электронных і друкаваных медыя.
“Напал спартовай барацьбы на арэнах Рыа дэ Жанэйра істотна пераўзыходзіць “напруджанне парламенцкай гонкі” ў нашай краіне”, - падкрэсліў Алесь Анціпенка.
Па меркаванні экспертаў, рэальным пратаганістам у гэтым этапе маніторынгу стаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі: пра яго дзейнасць не толькі станоўча казалі у дзяржаўных СМІ, але і яго функцыянеры мелі мажлівасць з’явіцца ў эфіры. Разам з тым трэба адзначыць, што ніводная з палітычных партыяў не мела доступу ў гэты перыяд да эфіру, а казалі пра іх звычайна ў неперсаніфікаванай форме і зусім мала. На пытанні экспертаў БАЖ, чаму так адбываецца, першы сакратар сп. Белякоў паведаміў: “саюз моладзі заўсёды быў дастаткова актыўным удзельнікам палітычных кампаній, у тым ліку і гэтай”; “з сябраў БРСМ уключана шэсць прадстаўнікоў у склад абласных і Мінскай гарадской камісій; акруговых камісій – 90 чалавек, і участковых – каля трох с паловай тысячы сябраў БРСМ. Па стане на 1 жніўня ўжо акрэдытавана 108 назіральнікаў”; “мы падключымся і ў перыяд агітацыі за кандыдатаў”.
“Інакш кажучы, БРСМ займаецца не толькі мабілізацыяй маладых выбаршчыкаў, не толькі будзе падлічваць галасы і ажыццяўляць назіранне за іх падлікам, але і падтрымліваць сваіх кандыдатаў падчас агітацыйнай кампаніі”, - прыходзяць да высновы маніторы.
Ананімная і абагульненая манера рэпрэзентацыі галоўных актараў выбарчага працэсу неяк не спрыяе цікавасці да іх з боку грамадзянаў. Медыйная ж неапазнавальнасць не дапамагае электаральнаму выбару, а неадрознасць палітычных партый паводле іх праграм і поглядаў робіць хоць якую канкурэнтную барацьбу паміж імі малазразумелай для выбаршчыкаў .
“Я з нецярпеннем чакаў таго, як тэлевізійныя праграмы будуць анансаваць выступы кандыдатаў у эфіры. Выступы па тэлебачанні адбываюцца на тэлеканале “Беларусь-3” з 19.00 па 20.00 гадзіну, але анансуюцца толькі як “Выбары-2016”. Калі выбаршчык захоча даведацца, хто будзе выступаць, то ён такую інфармацыю нідзе не знойдзе. І гэта невыпадковая рыса асвятлення выбарчай кампаніі, а абсалютна прадуманная і мэтаскіраваная. Для чаго? Для таго, каб можна было заклікаць выбарцаў прыйсці выканаць свой пачэсны грамадзянскі абавязак і аддаць свой голас за кандыдата”, - сказаў Алесь Анціпенка.