Справа Азімжана Аскарава: рашэнне Вярхоўнага суда далёкае ад выканання рашэння ААН
Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў, сумесная праграма FIDH (Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека) і OMCT (Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў), распаўсюдзіла заяву па выніках назірання за слуханнямі ў Вярхоўным судзе Кыргызстана справы Азімжана Аскарава ў сувязі з новымі абставінамі - адпаведным рашэннем Камітэта па правах чалавека ААН.
Парыж-Жэнева, 13 лiпеня 2016 г.
Вярхоўны суд Кыргызстана прыняў рашэнне накіраваць справу праваабаронцы Азімжана Аскарава на паўторны разгляд у Чуйскі абласны суд у Бішкеку і пакінуў прысуд аб пажыццёвым зняволенні без зменаў. Азімжан Аскараў застаецца за кратамі, што з’яўляецца абуральным парушэннем Меркаванняў Камітэта па правах чалавека ААН (КПЧ), які 21 красавіка прыйшоў да высновы, што “Кыргызстан павінен зрабіць адпаведныя крокі, каб неадкладна вызваліць яго”.
11 і 12 ліпеня 2016 года Вярхоўны суд Кыргызстана разгледзеў скаргу, накіраваную адвакатамі сп. Азімжана Аскарава ў адпаведнасці з артыкулам 41.2 Канстытуцыі, які абавязвае Кыргызстан аднавіць парушаныя правы ў тым выпадку, калі міжнародныя арганізацыі пацвердзілі іх парушэнне. У межах судовага назірання ад Абсерваторыі на абодвух слуханнях прысутнічаў юрыст Кірыл Карацееў з Праваабарончага цэнтра «Мемарыял» (Расія).
“Мэтай гэтага працэсу ў Вярхоўным судзе быў паўторны разгляд справы Азімжана Аскарава ў святле Меркаванняў КПЧ, якія, перадусім, патрабуюць яго вызвалення і паўторнага разгляду справы ў выпадку неабходнасці”, — сказаў Кірыл Карацееў, каментуючы рашэнне Вярхоўнага суда.
“Тым не менш, рашэнне накіраваць справу ў абласны суд азначае, што прысуд аб пажыццёвым зняволенні, вынесены раённым судом Базар-Каргона ў 2010 годзе, застаецца без зменаў, і што сп. Аскараў застаецца ў зняволенні на падставе рашэння раённага суда. Такім чынам Вярхоўны суд ухіліўся ад разгляду нават магчымасці яго вызвалення, што далёка ад рэалізацыі Меркаванняў КПЧ”, — дадаў ён, падкрэсліўшы, што, хутчэй за ўсё, Чуйскі абласны суд нават не будзе паўторна вывучаць доказы.
Паводле назіральніка, суд быў таксама азмрочаны цэлым шэрагам працэсуальных парушэнняў. Парушэнне прынцыпу роўнасці бакоў было адзначанае раніцай 12 ліпеня, калі група этнічных кыргызскіх жанчын і мужчын з поўдня Кыргызстана — некаторыя з іх паўсталі перад судом у фармальным статусе “ахвяраў” у сувязі са злачынствамі 2010 года, якія інкрымінуюцца сп. Аскараву, — былі запрошаныя суддзёй, каб выказаць свой пункт гледжання, у той час як спробы адвакатаў сп. Аскарава забяспечыць яго прысутнасць на працэсе неаднаразова ігнараваліся. Акрамя таго, судовае пасяджэнне было перапынена пасля таго, як вышэйзгаданыя ахвяры пачалі агрэсіўна крычаць на суддзяў і адвакатаў сп. Аскарава і пасля таго, як некаторыя з іх спрабавалі ўжыць супраць адвакатаў фізічную сілу.
Абсерваторыя выказвае шкадаванне з нагоды рашэння Вярхоўнага суда Кыргызстана, а таксама з нагоды шэрагу парушэнняў, адзначаных падчас судовага разгляду, і заклікае ўлады Кыргызстана неадкладна вызваліць сп. Азімжана Аскарава ў адпаведнасці з патрабаваннямі КПЧ, а таксама пакласці канец усім відам пераследу ў адносінах да яго і, у больш агульным плане, у дачыненні да ўсіх праваабаронцаў у краіне.
Абсерваторыя нагадвае, што сп. Азімжан Аскараў з’яўляецца заснавальнікам групы “Воздух”, якая была створаная ў 2002 годзе ў Базар-Каргане Джалал-Абадскай вобласці на поўдні краіны для расследавання жорсткасці міліцыі і ўмоваў утрымання ў турмах Кыргызстана. У шэрагу выпадкаў Азімжан Аскараў дасягаў поспеху ў барацьбе з беспакаранасцю ў справах, звязаных з мясцовай міліцыяй. У выніку, некалькі супрацоўнікаў міліцыі выступілі з крытыкай яго працы. У ходзе міжэтнічных сутыкненняў на поўдні Кыргызстана ў чэрвені 2010 года ён займаўся дакументальнай фіксацыяй гвалту ў Базар-Каргане. Азімжан Аскараў неаднаразова заяўляў аб сваёй невінаватасці, спасылаючыся на доказы таго, што ён нават не прысутнічаў на месцы злачынства. Пасля суда, які асудзілі некалькі міжнародных праваабарончых арганізацыяў у сувязі з парушэннямі падчас разгляду справы, у тым ліку меркаванымі катаваннямі і запалохваннем сведак з боку міліцыі і адвакатаў з боку аўдыторыі ў зале суда, у 2010 годзе раённым судом Базар-Каргану сп. Аскараву быў вынесены прысуд аб пажыццёвым зняволенні.