Выпускнікоў дыстанцыйнага курсу “Грамадскі кантроль” узнагародзілі дыпломамі
24 снежня прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне выпускнікоў курсу "Грамадзкі кантроль: выбары, масавыя мерапрыемствы, суды". Гэты дыстанцыйны відэа-курс быў распачаты Праваабарончым цэнтрам "Вясна" у верасні бягучага года.
На сустрэчы ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі пра сам відэакурс, абмеркавалі далейшую працу ў "полі" і атрымалі свае заслужаныя сэртыфікаты.
“Мы запусцілі відэакурс напачатку верасня і актыўна распаўсюджвалі пра яго інфармацыю. Курс складаўся з чатырох частак: уводзіны пра сутнасць грамадскага кантролю, яго функцыі і аб'екты, а таксама практычныя аспекты назірання за выбарамі, судамі і масавымі мерапрыемствамі ў Беларусі.Тых удзельнікаў, што прайшлі тэсты мы пасля запрашалі на вочныя інструктажы па выбарам ды паглыблены курс па назіранні за акцыямі. На ім прысутнічалі назіральнікі з досведам, якія маглі падзяліцца сваім вопытам. Па гэтай жа схеме мы і плануем працягваць гэтую адукацыйную праграму. Людзі і зараз на сайце могуць зарэгістравацца і прайсці тэарытычную частку і практычны інструктаж, а пасля далучацца да назірання ў “полі” разам з намі. Па выбарах найбліжэйшая такая магчымасць будзе падчас парламенскіх выбараў у траўні наступнага года, а што тычыцца масавых мерапрыемстваў і судоў, то мы ўвесь час маем патрэбу ў назіральніках”, – адзначыла адна з арганізатараў курсу, праваабаронца, магістр міжнароднага і еўрапейскага права Наста Лойка.
Арганізатары паведамілі, што за перыяд ад пачатку верасня да сярэдзіны кастрычніка 982 чалавекі зайшлі на старонку, прысвечаную курсу, з іх 92 чалавекі прайшлі рэгістрацыю і ў выніку 45 чалавек прайшлі курс цалкам.
Выпускнікі курсу адзначылі, што ён быў зручна скампанаваны, не патрабаваў шмат часу, даваў магчымасць удзельнікам праглядаць яго ў зручны час.
“Гэты курс звязаны з грамадскай дзейнасцю першы ў Беларусі. За 20 год незалежнасці такіх праектаў ніхто не рабіў. Мы скарысталі форму дыстанцыйнага курсу, бо не ўсе жадаючыя могуць даехаць на семінары ў Мінск, таму мы спрабавалі адшукаць такую форму, каб яна задаволіла ўсіх. Апроч таго, мы абралі вельмі просты варыянт рэгістацыі: трэба ўвесці толькі свой тэлефон, е-мэйл ды імя і ўдзельніку адразу дасылаецца курс. Надалей мы плануем аптымізаваць існуючы курс і дадаць новую інфармацыю для яшчэ большай зручнасці карыстання ”, - паведаміў каардынатар курсу, назіральнік Уладзімір Андрыенка.
Нагадаем, усе жадаючыя могуць прыняць удзел у дыстанцыйным курсе. Для гэтага трэба запоўніць форму па спасылцы:http://humane.by/lp